За апошні месяц на Лепельшчыне знізілася колькасць беспрацоўных

3dsyrw_1016За апошні месяц на Лепельшчыне знізілася колькасць беспрацоўных, прынамсі, тых людзей, якія беспрацоўнымі лічуцца афіцыйна і стаяць на ўліку на “біржы працы”. Што паўплывала на гэты факт, і якія яшчэ тэндэнцыі назіраюцца на “працоўным рынку”? Пра гэта і іншае гутарым з намеснікам начальніка упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, начальнікам аддзела занятасці насельніцтва Тамарай Васіленка.
— Тамара Анатольеўна, тэндэнцыя да зніжэння колькасці беспрацоўных устойлівая, альбо сітуацыйная?
— Наколькі яна будзе ўстойлівай – пакажа час. Гэтым жа разам на зніжэнне колькасці беспрацоўных паўплывалі розныя фактары. Адзін з іх – з 24 кастрычніка ўступілі ў сілу змены ў Законе Рэспублікі Беларусь аб занятасці насельніцтва. Так Зараз статус беспрацоўнага грамадзянін можа насіць цягам васямнаццаці месяцаў. Раней было трыццаць шэсць.
— Якія яшчэ змены?
— Для матывацыі да працаўладкавання было вырашана, што беспрацоўны ў абавязковым парадку павінен таксама і сам клапаціцца аб сваім працаўладкаванні. А мы аказваем садзеянне. Дарэчы, такое садзеянне маюць права аказваць зараз не ўсе, а толькі арганізацыі, уключаныя у рэестр агентаў па працаўладкаванні, які вызначае ўрад краіны. Узмацняецца адказнасць наймальніка за прадастаўленне наяўных вакансій. Пра тое, што ёсць вакансіі, арганізацыя ці прадпрыемства павінны паведаміць нам у пяцідзённы тэрмін. Раней на “раскачку” давалася два тыдні. Далей, паявілася такое паняцце, як “работнік, які знаходзіцца пад пагрозай звальнення”. Мы можам загадзя дапамагчы такому чалавеку, кампенсаваць затраты на яго навучанне.
— Такім чынам, наколькі зменшылася колькасць беспрацоўных?
— На пачатак кастрычніка было зарэгістравана сто дваццаць чатыры чалавекі, зараз іх дзевяноста два.
— Вы ўзгадвалі і пра іншыя фактары. Назавіце іх.
— Сёлета ў раёне былі створаны сто тры новыя працоўныя месцы, з іх восемдзясят чатыры – за кошт стварэння новых прадпрыемстваў. Распараджэннем старшыні аблвыканкама нашаму раёну было даведзена заданне працаўладкаваць восемдзясят чалавек за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў і ў тым ліку шэсцьдзясят пяць чалавек – непасрэдна на новых вытворчасцях.
— Што гэта за прадпрыемствы?
— ТАА “РадзілТрэйд”, ААТ “Майстар-лён Плюс”, ПУП “Панскія ўладанні”, УП “Лепяльчанка”, ПГУП “Лепельскі гандлёвы дом” і іншыя.
— Чым яны займаюцца, наколькі паспяхова працуюць?
— Па-рознаму. Адны ўжо на ногі падымаюцца, другія толькі на стадыі “раскруткі”. Скажам, найбольш буйное прадпрыемства “РадзілТрэйд”, на былым “Платане”, па вуліцы Полацкі тракт займаецца дрэваапрацоўчай прамысловасцю, прыняло на працу семдзясят чалавек, у тым ліку адну абавязаную асобу – зваршчыкам. А вось у “Панскіх уладаннях” у Межыцы пакуль налічваецца ўсяго адзін работнік, ён жа і кіраўнік прадпрыемства.
— А дзе на старых вытворчасцях створаны новыя працоўныя месцы?
— Два новыя працоўныя месцы створаны ў “Востраве чысціні”, лясгас у выніку мадэрнізацыі цэху па дрэваапрацоўцы запрасіў трох станочнікаў, “Віцебскаграпрадукт” адкрыў магазін, дзе знайшліся працоўныя месцы для пяці чалавек, адрамантавана і зноў запрацавала сталовая ў аграрна-тэхнічным каледжы, што дало магчымасць працаўладкавацца тром работнікам і г.д.
— Колькі працоўных месцаў паявіцца ў наступным годзе?
— Заданне на наступны год пакуль яшчэ не даведзена.
Гутарыў
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.