За домам — дом

396Камунальнае рамонтна-будаўнічае ўнітарнае прадпрыемства “Будаўнік” —адно з тых нешматлікіх на Лепельшчыне, якое можа пабудаваць дом ці вытворчае памяшканне, не прапускаючы ніводнага этапу, з нулявога цыклу — пад ключ. Прычым, калі вядучая будаўнічая арганізацыя раёна, ДКУБП “Лепельская ПМК-75”, у асноўным займаецца буйнымі аб’ектамі, шматкватэрнымі жылымі дамамі, малочнатаварнымі комплексамі, то “Будаўнік” часцей закрывае нішу малых і сярэдніх аб’ёмаў — індывідуальныя дамы ці вытворчыя цэхі. Пры гэтым варта заўважыць, што аб’ёмы асвоеных грашовых сродкаў не надта адрозніваюцца.
Для прыкладу дастаткова наведаць Старое Лядна, дзе сіламі “Будаўніка” ўзведзены два індывідуальныя жылыя дамы.
Работнікі прадпрыемства залівалі падмурак, узводзілі сцены, манціравалі дах. Прычым для дахавай канструкцыі піламатэрыялы выкарыстоўвалі таксама сваёй вытворчасці, бо маюць свой дрэваапрацоўчы цэх. Зараз адзін дом амаль гатовы да здачы, засталося толькі на сцены шпалеры паклеіць. У другім — вядуцца ўнутраныя і аддзелачныя работы: тынкоўка сцен, мантаж сістэмы вадзянога ацяплення, разводка электрасеткі, насціланне падлогі і іншае. Хіба што вокны — шклопакеты ў драўляных рамах — былі выраблены прадпрыемствам “Віцебскдрэў”.
Сярод лепшых працаўнікоў на будаўнічым аб’екце, ды і на ўсім прадпрыемстве — электрагазазваршчык Вячаслаў Усцінаў. Менавіта яго рукамі зроблены сістэмы ацяплення, зманціраваны батарэі і трубы, падключаны катлы.
Аднак жа не ўсё так проста, як здавалася б на першы погляд. Адно з вузкіх месцаў жыллёва-будаўнічай галіны — фінансаванне. Напрыклад, два новыя дамы ў Старым Лядне каштуюць 2,3 мільярда рублёў. Першапачаткова пад іх будаўніцтва была адкрыта крэдытная лінія па праграме адраджэння і развіцця вёскі, паспелі прафінансаваць 1,3 мільярда. Аднак у маі была прынята Пастанова Савета Міністраў, паводле якой фінансаванне прыпынілася. Каб усё ж такі завяршыць аб’екты, “Будаўнік” уклаў каля мільярда сваіх абаротных сродкаў, і цяпер стаіць задача вярнуць іх, акупіць выдаткі.
Увогуле, мінулы год для КРБУП “Будаўнік” склаўся ўдала, прадпрыемства адпрацавала без страт. Праўда, і рэнтабельнасць была не вельмі высокай — усяго два працэнты. Аднак, самае галоўнае, за год пагасілі плацяжы па трох растэрміноўках, па якіх раней набывалі тэхніку.
Разам з тым “Будаўнік” можа працаваць і на вялікіх аб’ектах, такіх, як рэканструкцыя сярэдняй школы №3. Дарэчы, менавіта там нядаўна асвоілі новую будаўнічую тэхналогію — укладанне гетэрагеннага пакрыцця на падлогу. Пакрыццё падобнае на лінолеум, аднак танейшае, прыклейваецца на аснову з дапамогай спецыяльнага клею. Пры гэтым кошт яго ніжэй за лінолеум, а гарантыйны тэрмін выкарыстання — не менш за дзесяць гадоў.
Яшчэ адзін бок гаспадарання — сацыяльная адказнасць, ёй на будаўнічым прадпрыемстве таксама ўдзяляецца належная ўвага. Прыклад — наём на час летніх канікулаў школьнікаў. Многія кіраўнікі прадпры¬емстваў не ахвотна бяруць на работу падлеткаў, бо для іх трэба забяспечыць асобыя ўмовы працы. Сёлета ж вучні гарадскіх школ фарбавалі агароджы на новабудоўлях у Старым Лядне. І час вольны занялі, і грошай крыху зарабілі, і першыя працоўныя навыкі атрымалі.
На гэтым сацыяльная арыентаванасць далёка не завершана. Добраўпарадкаванне вёсак, вясковых могілак, воінскіх пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны — вялікае поле для працы. Летась былі адрамантаваны помнікі партызанам і воінам-вызваліцелям у Пышне, Сушы, Камені, Заслаўках. Сёлета — у Велеўшчыне, Слабадзе, Зацякляссі, добраўпарадкаваны брацкія магілы ў Аношках, зараз вядуцца работы на могілках вёскі Саўскі Бор, дзе пахаваны некалькі партызан. Там па працоўным дагаворы асноўныя работы выконваюць Алег Галец і Сяргей Якубоўскі. Увесну з дапамогай прамысловых 397альпіністаў былі спілаваны некалькі векавых соснаў, што раслі на могілках, тэрыторыя ачышчана ад кустоўя. Рабочыя ўжо абліцавалі спецыяльнымі блокамі — бесэрамі — пастамент помніка, зараз заліваюць падмуркі пад адноўленыя надмагіллі, усталёўваюць новую агароджу. Вельмі шмат даводзіцца папрацаваць, карчуючы карэнне векавых соснаў. Для гэтага на дапамогу прыбыў Сяргей Назараў на экскаватары ЮМЗ.
Справа ўскладняецца двума абставінамі — адсутнасцю на месцы вады і вялікай колькасцю надакучлівых насякомых. Першую праблему вырашаюць метадам штодзённага падвозу, для гэтага на прычэпе лагкавіка штодня за шэсць кіламетраў, з Крайцаў прывозяць па паўтоны вады. А насякомых — аваднёў ды сляпнёў — даводзіцца цярпець.
Камунальнае рамонтна-будаўнічае ўнітарнае прадпрыемства “Будаўнік” з 1996 года ўзначальвае Леанід Хацкевіч. Спытаў у кіраўніка:
— У які перыяд было цяжэй працаваць?
— Вядома, у сярэдзіне 90-ых. Тады было бязладдзе, прымаў прадпры¬емства са зношанай тэхнікай, выпрацаванымі асноўнымі фондамі. Зараз жа працуем стабільна, ёсць прыбытковасць, хай сабе і невялікая, затое — без страт.
— Якія, на вашу думку, асабістыя якасці патрабуюцца ад сучаснага кіраўніка будаўнічага прад¬прыемства?
— Уменне знайсці і атрымаць выгадныя заказы, а потым — атрымаць за іх грошы, каб своечасова расплаціцца з пастаўшчыкамі, работнікамі, заплаціць падаткі і ўнесці плацяжы ў сацыяльны фонд, — кажа Леанід Пятровіч. — Напярэдадні свята хачу павіншаваць усіх працаўнікоў “Будаўніка”, ветэранаў прадпрыемства з прафесійным святам, пажадаць ім здароўя, дабрабыту і міру ў сем’ях, астатняе ж — мы і самі пабудуем.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: вынік працы — новы дом; электрагазазваршчык Вячаслаў Усцінаў і яго памочнік Васіль Скавародка.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.