За пятнаццаць кіламетраў на ўсход ад Лепеля раскінулася маляўнічая вёсачка

2016-09-19_11-52-00За пятнаццаць кіламетраў на ўсход ад Лепеля раскінулася маляўнічая вёсачка. Яна вядомая яшчэ па пісьмовых крыніцах пачатку XX ст. як вёска Гарадчэвіцкай воласці Лепельскага павета Віцебскай губерні.

У 1906 годзе ў ёй было 18 сядзіб, 153 жыхары, адкрылі царкоўнапрыходскую школу, у 1997 — 108 сядзіб і 290 жыхароў. Тут знаходзіўся цэнтр сельсавета і калгаса, ветэрынарны пункт, аддзяленне сувязі, клуб, дзіцячыя яслі-сад, магазін і інш. Некалькі тыдняў таму свой юбілей адзначала Бароўка, зараз святкуюць Горкі.
— Дазвольце павіншаваць вас, шаноўныя вяскоўцы і госці фэсту, са святам аграгарадка Горкі. Раней Горкі былі цэнтрам сельсавета і калгаса “Парыжская камуна”. Зараз на тэрыторыі размяшчаюцца ААТ “Лепельаграсэрвіс”, сельгаспрадпрыемства “Караевічы”, — адзначыў старшыня Горскага сельвыканкама Васіль Бадзяй.
Святочнай імпрэзе даў старт духавы ваенны аркестр Заслонаўскага гарнізона. Шырокі інструментальны калейдаскоп ад “Брэменскіх музыкаў” да “The Final Coutdown” гурта Europe і “Bad romance” Лэдзі Гага нікога не пакінуў абыякавым.
Аднак музыкантам не сядзелася на месцы. Прагуляліся па горскіх вуліцах, збіралі старых і маладых. Святочная фурманка кіроўцы Ігара Трыбо следам ехала.
2016-09-19_11-54-00Прыйшлі да “аграгарадка майстроў” і канцэртнай пляцоўкі, скінем “магічныя чары” заслонаўскіх музыкаў і агледзімся. Мастацкі салон “Скарбонка” разгарнуў гандаль прыгожымі дэкаратыўнымі вырабамі. Тут імянныя гліняныя падковы, драўляныя лыжкі, магніцікі на халадзільнік і многае іншае. Выхаванцы Горскага яслі-сада дэманстравалі малюнкі, пано і дробныя вырабы, якія зрабілі ўласнымі рукамі. Ну а самы галоўны іх “экспанат” — бялюткі трус, які спакойна і з апетытам хрумкаў моркву.
Адразу кінулася ў вочы прыгожая фотавыстава “Мне лепей ад роднага краю нічога на свеце няма” супрацоўнікаў раённай бібліятэкі. Змястоўны стэнд таксама аформілі ваенныя з Заслонава.
Экспанаты Горскай базавай школы — рэчы дзядуляў і бабуль. Гэта саламяныя капелюшы, самавар, кола ад фурманкі, старажытны прас. Зірнуў на яго і міжволі ўсміхнуўся. Яшчэ памятаю падобны. Гэта зараз у краме разнастайны выбар. Тут табе і “Бош”, і “Тэфаль” з “Філіпсам”. Раней узяў вуглі з печы, насыпаў і прасуй акуратненька кашулю ці спадніцу. Ну а раскажа, пакажа і патлумачыць значэнне і прымяненне прадметаў даўніны экскурсавод з сёмага класа Сняжана Кулікова.
Не дзіўна, што вышыванкі і лялькі больш цікавілі дзяўчат. Хлопцы таксама не сумавалі. Каля выстаў з пажарнай, сельскагаспадарчай і ваеннай тэхнікай, згодна з вядомым выразам, “не было дзе яблыку ўпасці”. Выратавальнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях узялі гідраўлічныя нажніцы — і жалезная труба, быццам паперка, разломліваецца на дзве часткі. Тут жа стварылі “цір”. Старшыня раённай структуры ДТСААФ Павел Лямцаў прапаноўваў усім жадаючым паспаборнічаць у хуткасці і дакладнасці стрэлаў з пнеўматычнай вінтоўкі.
2016-09-19_11-54-56Малыя весела скокалі ў надзіманым “Happy House”. Добра сябе адчувалі ў “Шчаслівым доме”, што тут скажаш.
Калі зараз нават сялянскіх дзяцей папкорнам альбо салодкай ватай не здзівіш, то кіслародны кактэйль віцебскага прадпрымальніка Максіма Аксімака — рэч даволі экзатычная. І нашмат смачнейшая за “Колу” альбо “Спрайт”.
Так, салодкім не пад’ясі. Трэба знайсці нешта больш “саліднае”. Доўга шукаць не прыйшлося. Гандляры з міні-кафэ “7 вятроў” прапаноўваюць паспытаць бутэрброды, хот-догі і піццу, калі трэба, у мікрахвалёўцы разагрэюць. Можна паспытаць сок апельсінавы альбо яблычны. Калі голад зусім не цётка, жыхар Зорніцы Сяргей Каз’янін пачастуе гарачым шашлыком.
Загуляліся мы з вамі, вернемся да “музычнага алімпа”. Васіль Бадзяй уганароўвае заслужаных людзей сельсавета. У намінацыі “Доўгажыхар” дыплом атрымала Марыя Савосіна з Горак, у намінацыі “Геній” перамагла выдатніца Яна Грыгаровіч. Весялілі жыхароў і гасцей вакальны калектыў “Околица” з Бароўкі, Аня Каляганава, Яна Грыгаровіч і інш.
…Шмат пра што яшчэ можна расказаць. І як у міні-футбол гулялі, і як канат перацягвалі, і як вялікі гарбуз у бяспройгрышную латарэю выйгралі. Да новых сустрэч, Горкі!
Яўген МУДРЫ.
На здымках: дэманстрацыя зброі; фотавыстава горскага жыцця; выступаюць артысты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.