«Зачыстка» ў цясніне

OLYMPUS DIGITAL CAMERAУ Афганістан Уладзімір Маляўка трапіў у 1981 го­дзе ў складзе 252-га асобнага батальёна сувязі 201-й мотастралковай дывізіі. У вайскоўцаў не пыталіся згоды. Быў загад — і яго трэба выконваць. Служылі ў горадзе Кундуз, забяспечваў сувязь камандзіра дывізіі з вышэйшым камандаваннем 40-й арміі. У паходным варыянце радыё­станцыя РС-161 размяшчалася на базе машыны ЗІЛ-131. Сродкі сувязі, агрэгаты сілкавання — усё гэта было клопатам экіпажа з пяці чалавек (механі­ка-вадзіцеля, старшага тэлеграфіста, тэлефаніста, намесніка і начальніка лінейнай каманды). Камандаваў экіпажам Маляўка.
У паходах ахоўвалі дзве баявыя машыны пяхоты, бо ў яго знаходзіўся засакрэчаны камплект. Адна машына ў калоне рухалася спераду, другая — ззаду. Выпрабаванні пачаліся ўжо з першых аперацый. Падчас адной з аперацый у Баглане, у цясніне Мармоль, напароўся на фугас Т-34. Ад выбуху здэтаніраваў боекамплект. Атрымаўся так званы эфект даміно. Перад пярэдняй БМП, якая ахоўвала іх экіпаж, падарваўся бензавоз — вырвала заднюю вось, кантузіла ва­дзіцеля і асабіста… Пакуль прайшлі шлях да разгортвання вузла сувязі, адбылося некалькі такіх падрываў.
Удзельнічалі і ў “зачыстках”. Адну з іх зрабілі пасля таго, як “духі” праніклі на цукровы завод, з “чатырохстволак” расстралялі рабочых і, затарыўшыся прадуктам, зніклі. Спачатку “апрацоўвала зону” разведка, выстаўляліся дазоры да падыходу асноўных сіл. Затым рашуча прачэсвалася тэрыторыя. Вядома ж, не без рызыкі для жыцця тых, хто рабіў “зачыстку”. Таму было крыўдна, што некалькіх завадатараў банд, якіх удалося захапіць у палон, тут жа давялося выпусціць. Іх абмянялі на нашых геолага-разведчыкаў.
У цясніне Мармоль “намаляваліся” душманы, уступілі ў бой з трыма нашымі ўзводамі. Першаму і другому ўдалося абхітрыць ворага, а трэці амаль увесь палёг. Зноў зрабілі “зачыстку”, каб вынесці з цясніны смерці целы баявых таварышаў. Пры выхадзе падарвалася баявая машына пяхоты.
Увесну восемдзесят другога ўдзельнічалі ў аперацыі па ліквідацыі групоўкі Ахмад-Шах Саіда ў цясніне Пандшэр. Забяспечвалі сувязь з плацдарма, занятага ля падножжа цясніны, да падыходу асноўных сіл і бронетэхнікі. Прабіваліся з вялікімі цяжкасцямі, бо тэрыторыя была літаральна нашпігавана фугасамі. Пасля выбухаў утвараліся завалы, якія даводзілася расстрэльваць прамой наводкай з самаходак, дапамагаючы мінёрам церабіць шлях наперад. Асноўны цяжар выпаў на долю мінёраў. З тэхнікі, якая закрывала шлях наперад, здымалі каштоўнае — тыя ж самыя акумулятары, — і проста спіхвалі яе з дарогі ў цясні­ну. Бронегрупа падышла толькі праз чацвёра сутак…
Вярнуўшыся з Афганістана, Уладзімір прыехаў на Радзіму. Да расфарміравання ў дзевяноста другім го­дзе служыў у 76-й ракетнай брыгадзе ў Бароўцы, пасля перайшоў у 231-ы артполк начальнікам склада. У кастрычніку дзевяноста пятага года, праслужыўшы дваццаць шэсць гадоў у арміі, выйшаў на пенсію. На той час Уладзіміру Пятровічу было толькі сорак шэсць гадоў. Аднак пра далейшую працу размовы не ішло. Гэта быў ужо цяжка хворы чалавек. Пашчасціла выжыць на вайне і нават абысціся без раненняў, але “падчапіў” у Афганістане вірусны гепатыт. Хто з іх, “афганцаў”, не перахварэў на тую жаўтуху! А ў 2002-м здарыўся інсульт. Шрамы вайны, атрыманыя ў далёкіх цяснінах смерці, падкасілі здароўе­ канчаткова. Зараз, у свае шэсцьдзясят чатыры, хоць быццам бы і не падае выгляду былы “афганец”, але ж усярэдзіне, і асабліва ж у душы, ён глыбока хворы і стомлены жыццём чалавек. Цяпер — толькі на сотках капацца. Нават у лес у грыбы, па якіх так любіў блукаць у маладосці, ісці не наважваецца. Жонка, трое дзяцей, двое ўнукаў — Маляўка жыве ў асяродку родных і блізкіх яму лю­дзей і ўсё роўна ж сам-насам са сваёй афганскай праўдай і крыўдай, са сваёй самотай, якую пакінула яму ў спадчыну вайна на ўсё жыццё. Магчыма, гэтая самота па… цяснінах смерці, дзе разам з загінулымі яго баявымі таварышамі засталася яго маладосць.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Уладзімір Пятровіч Маляўка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.