Закружили в хороводе юные лепельчане и… на высоком уровне представили Лепельщину

Абласны конкурс дзіцячай творчасці “Карагод зямлі беларускай” сёлета быў арганізаваны ўпершыню. У мерапрыемстве, прысвечаным Году народнага адзінства, прынялі ўдзел харэаграфічныя, вакальна-харэаграфічныя і фальклорныя калектывы ўстаноў адукацыі дзяцей і моладзі з 14 рэгіёнаў вобласці. Усяго было прадстаўлена 16 карагодаў, якія адлюстроўваюць абрадава-святочныя і харэаграфічныя традыцыі Віцебшчыны.

Прыемна адзначыць, што навучэнцы старэйшай групы аб’яднання па інтарэсах “Танцавальны калектыў “Непаседы” пад кіраўніцтвам вопытнага педагога Святланы Міхно на высокім узроўні прадставілі Лепельшчыну. Да падрыхтоўкі выступлення артысты і іх педагог падышлі адказна: шмат часу аддавалі рэпетыцыям, адточвалі сваё сцэнічнае майстэрства, рыхтавалі касцюмы. У час заключнага канцэрта гэтага конкурсу нашы “Непаседы” занялі прызавое месца і ўзнагароджаны дыпломам III ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама і Віцебскай абласной арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

Святлана  Міхно кіруе аб’яднаннем па інтарэсах “Танцавальны калектыў “Непаседы” ў Лепельскім раённым цэнтры дзяцей і моладзі вось ужо 25 гадоў. Галоўнае, чаму яна ўдзяляе ўвагу ў сваёй рабоце, гэта нестандартны, творчы падыход да справы. Святлане Іванаўне заўсёды ўдаецца аб’яднаць сваіх выхаванцаў, падарыць ім любоў да танца. Вучні Святланы Міхно не толькі з задавальненнем займаюцца харэаграфіяй, вывучаюць усе тонкасці гэтага мастацтва, а і з радасцю дзеляцца сваім майстэрствам з іншымі. “Танцавальны калектыў “Непаседы” — пастаянны ўдзельнік абласных, раённых мерапрыемстваў, конкурсаў і канцэртаў, дзе юныя танцоры неаднаразова паказвалі высокія вынікі.

— Я лічу, што мова танца дазваляе чалавеку больш выразна выказаць свой унутраны настрой. Танец заўсёды аб’ядноўвае людзей, зараджае іх станоўчай энергіяй і ўзнёсласцю. Вельмі прыемна, што наша творчая задума была выразна перададзена на сцэне, і выступенне маіх выхаванцаў было на высокім узроўні ацэнена членамі журы. Спадзяюся, што танец, які мы выканалі, надоўга запомніцца гледачам, — адзначыла кіраўнік танцавальнага калектыву Святлана Міхно.

Што ж, мы ад душы віншуем удзельнікаў танцавальнага калектыву і яго кіраўніка з заслужанай узнагародай і спадзяёмся, што на творчым шляху юных артыстаў будзе яшчэ нямала перамог.

Андрэй ПШОНКА,

загадчык аддзела

дзяржаўнай установы адукацыі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.