Заплаціў — і спі спакойна

На пачатак кастрычніка колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Лепельскім раёне, дасягнула 865 чалавек. За дзевяць месяцаў імі заплачана ў бюджэт восем мільярдаў 62,5 мільёна рублёў.

— Большая частка грашовых сродкаў паступіла ад плацельшчыкаў адзінага падатку — чатыры мільярды 981,2 мільёна рублёў, — адзначыла начальнік аддзела па кантролі за фізічнымі асобамі інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Лепельскім раёне Алена Багінская. — Плацельшчыкі па спрошчанай сістэме падаткаабкладання ўнеслі ў бюджэт два мільярды 527,6 мільёна рублёў.

— Колькі было зроблена праверак дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў?

— 82. Па іх выніках даналічана 352 мільёна рублёў, а летась толькі 95,7 мільёна рублёў.

— Якая кантрольная дзейнасць вялася ў адносінах фізічных асоб?

— За студзень — верасень праведзена 137 розных праверак, даналічана 375,8 мільёна рублёў. Былі запатрабаваны дэкларацыі аб маёмасці ў 33 грамадзян. Дзевяць фізічных асоб дапусцілі парушэнні парадку дэкларавання даходаў, якія звяліся да фактаў няпоўнага або недакладнага ўказання звестак, з-за чаго яны былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці на агульную суму 24,3 мільёна рублёў. Па выніках праверак дэкларацый у 14 фізічных асоб былі ўстаноўлены перавышэнні расходаў над даходамі, на іх быў даналічаны падаходны падатак у памеры 26,3 мільёна рублёў.

— Што яшчэ рабілася для папаўнення бюджэтнай скарбонкі?

— Сёлета прааналізавана 633 аб’явы, якія былі размешчаны ў сродках масавай інфармацыі, у тым ліку на сайце Lepel.by. У выніку выяўлена адзінаццаць фактаў дзейнасці без уплаты адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб. Даналічана 27,7 мільёна рублёў.

Мікалай ГАРБАЧОЎ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.