Зарабіў грошы — атрымай

rubl_1На лістападаўскай нарадзе ў Прэзідэнта абмеркаваны шырокі спектр фукцыянавання народнагаспадарчага комплексу. У прыватнасці, А. Р. Лукашэнка прамым тэкстам давёў да кіраўніцкага корпусу жорсткае і ўзважанае патрабаванне выплачваць не нейкія там дапамогі на прадпрыемстве, а зарплату. Зарабіў грошы — атрымай, не зарабіў — ніякай зарплаты быць не павінна, ніякіх выплат. І гэта зразумела. Хопіць множыць шэрагі сацыяльных утрыманцаў.
І невыпадкова таму тэмай нашага даследавання стала менавіта гэтая тэма. У цэлым наш рэгіён выйшаў на планавае заданне па росту заробкаў, устаноўленае распараджэннем старшыні аблвыканкама ад 12 лютага 2014 г. № 48р. Аперыраваць будзем данымі за першае паўгоддзе і чэрвень. У гэтым месяцы найбольш атрымлівалі работнікі прамысловай сферы — ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат” (сярэдні заробак склаў 6708,5 тыс. руб.), транспарту і сувязі — раённы вузел электрычнай сувязі (6802,9 тыс. руб.), будаўніцтва — ДКУБП “Лепельская ПМК 75” (5819,2 тыс. руб.), вытворчасці і размеркавання электраэнергіі, газу і вады — філіял “Лепельрайгаз” УП “Віцебскаблгаз” (7777,8 тыс. руб.) і г.д.
Важкі прырост сярэдняга заробку ў чэрвені да ўзроўню студзеня 2014 года дасягнуты ў філіяле РУП “Віцебскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры” — плюс амаль пяць мільёнаў руб., КУП “ДРАЦ “Жамчужына” — плюс крыху больш за два мільёны.
Асобна выведзем за дужкі такую дэталь, якая пралівае святло на глы­бінныя працэсы ў эканамічным арганізме рэгіёна. За першае паўгоддзе сярод 21 раёна вобласці Лепельскі займае восьмае месца па ўзроўні зарплаты. Значна апярэ­джвае Лепельшчына пры гэтым Бешанковіцкі, Докшыцкі, Лёзненскі, Ушацкі раёны, якія маюць у паўтара-два разы меншую спісавую колькасць работнікаў. Аб многім гаворыць і такі паказчык: па працэнце прыросту сярэдняга заробку наш раён займае адпаведна чацвертае і пятае месцы на Віцебшчыне.
У сукупнасці ўсе пазітыўныя зрухі і здабыткі выклікаюць заканамерны аптымізм пры ацэнцы сітуацыі. Аднак заплюшчваць вочы на пралікі ў палітыцы матывацыі работнікаў да плённай працы, дасягнення найбольшых паказчыкаў пры меншых выдатках недаравальна. Як члену раённага выканаўчага камітэта даводзілася неаднойчы сутыкацца з фармальным падыходам асобных прадстаўнікоў кіраўніцкага корпуса да арганізацыі вытворчасці, а ў канчатковым выніку — да стварэння стройнай сістэмы матэрыяльнага заахвочвання падначаленых. На пасяджэннях выканкама, на нарадах крытыкаваліся кіраўнікі сельгасарганізацый, у прыватнасці, за адвольнае “маляванне” заробкаў. Агульная сума мела несупастаўляльны памер пры параўнанні з рэальнымі вынікамі гаспадарання. І практыка не зжытая. Запазычанасць, закрэдытаванасць пагражаюць вельмі негатыўнымі наступствамі.
Між тым за станоўчым вопытам далёка ехаць не варта. Укараненне гібкіх сістэм аплаты працы ў КУВСГП «Лепельскае» пачата ў пачатку года. Мэта — выключэнне ўраўнілаўкі. У калектыўны дагавор і Палажэнне аб аплаце працы былі ўнесены неабходныя змены і дапаўненні, што дазволіла дасягнуць станоўчай дынамікі ў фінансавым пытанні. У выніку ў чэрвені 2014 года намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата ў цэлым па прадпрыемстве склала 4589,0 тыс. руб., або 104,3 працэнта. Эфектыўна функцыянуюць гнуткія матываваныя сістэмы ў КУВП «Бароўка» і КУВП ЖКГ «Лепель», аптымізавана аплата працы ў філіялах «Дражна» і «Лепельскі» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт».
Працягваецца рэалізацыя Праграмы па распрацоўцы новых і ўдасканаленні дзеючых нормаў і нарматываў з мэтай далейшага развіцця дзеючай нарматыўнай базы. Якім чынам? Натуральна, шляхам вывучэння і распаўсюджвання назапашанага вопыту ў гэтай сферы.
Не менш перспектыўны, на мой погляд, варыянт метадалагічнага суправаджэння суб’ектаў гаспадарання раёна, якія ўкараняюць новыя формы і сістэмы аплаты працы. Раённая камісія кантралюе выкананне ўстаноўленых параметраў па росце заработнай платы і своечасовасць яе выплаты. Штомесяц аналізуюцца вынікі вытворчай дзейнасці пяцідзесяці двух суб’ектаў гаспадарання ў акрэсленых напрамках.
Як вядома, шостага жніўня 2014 года ўступіла ў сілу пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31.07.2014 г. №744 “Аб аплаце працы работнікаў” . А сутнасць вызначальная ў чым? Растлумачу. У арганізацыях, у статутным фондзе якіх доля ўласнасці дзяржавы складае больш за 50 працэнтаў, рост намінальна налічанага сярэднямесячнага заробку дапускаецца толькі пры ўмове апераджальнага росту прадукцыйнасці працы. Пры невыкананні дадзенай умовы фонд за справаздачны месяц змяншаецца да памеру, які забяспечвае суадносіны росту прадукцыйнасці працы і заробку не менш за 1,0.
Новыя нарматыўныя акты ў частцы аплаты працы не дазваляюць кіраўнікам суб’ектаў гаспадарання размяркоўваць заробленыя сродкі паміж работнікамі па старой сістэме. Прадугледжана недапушчэнне марнавання фінансавых рэсурсаў, укараненне новых гібкіх сістэм працы і яго аплаты.
Выснова паступова выкрышталізавалася. Такім чынам, у раёне ёсць рэальная магчымасць прымяняць пазначаныя новаўвядзенні пры налічэнні заробку на 24 прадпрыемствах, арганізацыях, установах. Ад аналітычнага асэнсавання сітуацыі перайшлі да канкрэтнага ўвасаблення гібкіх сістэм у практыку. У 21 суб’екце гаспадарання новаўвядзенні спрацоўваюць. Не ўхаластую, вядома. Наймальнікі налічваюць заробак работнікам па канчатковых выніках, а гэта стымулюе зацікаўленасць у дасягненні высокіх паказчыкаў.
— Раённым выканаўчым камітэтам пастаянна кантралюецца своечасовасць выплаты заработнай платы работнікам, — зазначыў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Васіль Рававы. — Штомесяц, пачынаючы з 15 чысла, праводзіцца маніторынг фінансавых магчымасцяў прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, якія адчуваюць цяжкасці пры вырашэнні гэтага пытання. Па яго выніках прымаюцца аператыўныя меры і аказваецца неабходная кансультацыйная дапамога і падтрымка ў праходжанні адпаведных дакументаў праз рахункі абласных і раённых перапрацоўчых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
З пачатку 2014 года асобнымі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна затрымліваецца выплата заработнай платы работнікам. У апошнія дні месяца імі выплачваецца каля 75 — 78 працэнтаў ад агульнага памеру фонду налічанай, што складае ад 5,3 — 5,8 млрд руб. Як правіла, у сувязі з пратэрмінаванай запазычанасцю па плацяжах у бюджэт і адлічэннях у Фонд сацыяльнай абароны, санкцый за несвоечасовы пералік сумы выручкі ад рэалізацыі прадукцыі не стае на пакрыццё ўсіх даўгоў.
Асноўнымі прычынамі парушэння парадку і тэрмінаў выплаты заробку ў арганізацыях з’яўляюцца стратнасць або нізкая рэнтабельнасць, адсутнасць або недастатковасць уласных сродкаў, складанасць або немагчымасць атрымання крэдытаў з-за неплацежаздольнасці. Сельскагаспадарчыя арганізацыі з-за недахопу ўласных фінансавых сродкаў змушаны звяртацца па аванс да перапрацоўчага прадпрыемства ў лік будучых паставак прадукцыі. Дадзенае пытанне вырашаецца ў апошні і перадапошні дні месяца, а грашовыя сродкі на карт-рахункі работнікаў залічваюцца першага чысла.
Кантралюючымі і выканаўчымі органамі раёна строга ўлічваюцца факты парушэння парадку і тэрмінаў выплаты заработнай платы кіраўнікамі прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, па выніках якога прымаюцца неадкладныя меры па прыцягненні вінаватых да дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці. За мінулы перыяд зафіксавана 14 выпадкаў парушэння заканадаўства аб працы, што ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях пацягнула накладанне штрафаў на суб’ектаў гаспадарання на агульную суму 34,3 мільёна рублёў.
Наяўнасць у раёне праблемных сельскагаспадарчых арганізацый, неабходнасць удасканалення парадку вядзення фінансава-гаспадарчай дзейнасці, вызначэння чарговасці вядзення закупак і разлікаў за прадукцыю і сыравіну ў адносінах да аплаты працы работнікаў ніхто не аспрэчвае. Што ёсць, тое ёсць. І вельмі важна не пускаць сітуацыю на самацёк, а ўсім, і ў першую чаргу самім кіраўнікам суб’ектаў гаспадарання, закасваць рукавы і дзейнічаць у рамках прававога поля, не дапускаць патока незаробленых грошай. Вірус утрыманства трэба ліквідоўваць на корані. Такая палітыка дзяржавы. Правільная палітыка. Зарабіў — атрымай спаўна, а лайдакі няхай зайзросцяць руплівым працаўнікам.
Заканадаўства Рэспублікі Беларусь дазваляе аплаціць працу работнікаў у адпаведнасці з іх асабістым колькасным і якасным укладам у агульны аб’ём вытворчасці. Арганізацыям дадзена права самім распрацоўваць і прымяняць пры налічэнні заробку лакальныя нарматыўныя акты.
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.