Зарисовки с базара: по какой цене в Лепеле продают зерно, картофель, овощи…?

Напярэдадні Дня жанчын вырашыў наведаць базар. Вельмі хацелася набыць букет кветак, якім можна павіншаваць сваіх родных, любімых і каханых.

Адзначу, што яшчэ з пятніцы ў розных кутках г. Лепеля, у прыватнасці, на былым рынку ІП Ю. Мацешы, працавалі некалькі гандлёвых кропак, дзе прадаваліся цюльпаны. Праязджаючы міма, заўважыў, што прадаўцы прапаноўвалі кветкі чырвонага, жоўтага і белага колераў, але спыніцца і спытаць пра цэны не паспеў. Вырашыў адкласці гэту справу да нядзелі, да паходу на базар. Не можа быць, каб перад 8 Сакавіка на базары не было кветак!

На сельгаспляцоўцы ўбачыў традыцыйны асартымент: бульбу па 10 рублёў за вядро і збожжам — па 5. Зранку тэмпература паветра была даволі марознай, прыезджыя казалі, што ў некаторых месцах ноччу слупкі тэрмометраў апускаліся ніжэй за —100С. Аднак пры павелічэнні сонечнага святла і тэмпература на асветленых месцах станавілася ўсё вышэйшай. У больш асветленыя месцы імкнуліся перамясціцца і прадаўцы бульбы, каб іх тавар не падмерз да прыходу пакупнікоў. Са збожжавых культур а 10-й гадзіне раніцы ў наяўнасці ў асноўным была пшаніца, толькі адзін прадавец прывёз крыху аўсу і ячменю. Паміж ім і жанчынай-пакупніцай адбыўся наступны дыялог:

— Добрага дня. Ці маеце ў продажы ячмень?

— Ёсць ячмень, а таксама пшаніца і авёс. Усё — па 5 рублёў за вядро.

Жанчына ўзяла некалькі зярнятак, пацёрла ў пальцах, паднясла бліжэй да вачэй, прыгледзелася, спытала:

— Нешта ячмень у вас дробны, шума трапляецца… Калі яго пасеяць, ці ўзыдзе?

— Гэта фуражны ячмень, на корм жывёле. Летась ураджай ячменю быў зусім слабы, зерне дробнае. Аднак, мяркую, і яно павінна ўзысці. Іншага пакуль што няма. А насенны сартавы ячмень калі і зявіцца на базары, то каштаваць будзе 10 рублёў.

Ці набыла жанчына ячмень, не ведаю, бо завяршэння гутаркі не дачакаўся.

Паколькі кветак на сельгаспляцоўцы не ўбачыў, рушыў далей. У мясным павільёне, як заўсёды, працавала жанчына, якая прадавала свініну. Мужчына прадаваў салёнае сала, у 2-х кропках ішоў гандаль замарожанай рыбай. Спачатку меркаваў, што продаж свініны будзе весціся актыўна, бо жыхары Лепельшчыны рыхтуюцца накрываць святочныя сталы. Аднак мая думка аказалася памылковай: а 10-й гадзіне раніцы прылавак быў запоўнены кавалкамі лапатак, кумпякоў, паляндвіц і мясам для смажання. Быў нават вялікі кавалак шыі для шашлыка — тавар, які ў звычайныя базарныя дні набываецца адным з першых.

— Чаму напярэдадні свята не назіраецца актыўнасці пакупнікоў? — пытаюся ў прадаўца.

— Не магу адказаць, — са скрухай адказала жанчына. — Мы самі спадзяваліся на значна большы попыт.

Паколькі цэны не змяніліся, а кветак — галоўнай мэты прыходу на базар — не ўбачыў, вырашыў перамясціцца ў малочны павільён. Аднак і там не ўбачыў ні цюльпанаў, ні руж, ні нават гваздзікоў. Прапаноўваліся толькі малочная прадукцыя, мёд і гародніна. Напрыклад, памідоры для салаты можна было купіць па 7,50 за кілаграм, а таматы кактэйльныя прапаноўваліся на 5 рублёў даражэй — па 13,50. Агуркі ж прадаваліся па 9,50 за кілаграм.

Даволі ўнушальныя чэргі выстройваліся ля кропак, дзе прадаваліся цукеркі, пячэнне і іншыя прысмакі. Усё ж такі людзі імкнуліся стварыць атмасферу свята.

Паход па астатняй гандлёвай плошчы ніякіх вынікаў для дасягнення маёй галоўнай мэты не даў — нідзе я не знайшоў кропкі, дзе прадаваліся б жывыя кветкі. У адным з ралетаў, напрыклад, заўважыў прыгожыя, яркія кампазіцыі, але гэта былі кветкі штучныя. Працавалі некалькі кропак, дзе прадавалася насенне кветак, але ж калі яны вырастуць і зацвітуць…

Калі засяроджвацца на насенні, на гэты раз вырашыў удзяліць больш пільную ўвагу капусце. Самы танны пакецік, які ўбачыў, каштаваў 70 капеек, самы ж дарагі — 2 рублі. На пытанне пра насенне прадавец, як правіла, просіць удакладніць:

— Якую капусту жадаеце вырошчваць: раннюю, сярэднеспелую ці познюю?

Кожны сорт мае свае перавагі і недахопы, пра якія агароднікі, як аматары, так і прафесіяналы, могуць спрачацца гадзінамі: ураджайнасць, устойлівасць да хвароб і шкоднікаў, лёжкасць і іншае. Адны аддаюць перавагу сартам айчыннай селекцыі, іншыя ж — замежным. Адным словам, колькі людзей, столькі і меркаванняў. Я ж, не знайшоўшы таго, што шукаў, адправіўся дахаты.

Тэкст і фота: В. Матырка

На здымку: агульны выгляд лепельскага базару; вясной карыстаецца попытам насенне; кампазіцыі са штучных кветак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.