Зарисовки с базара: почему подорожал севок?

Апошняя базарная нядзеля выдалася больш шматлюднай, чым мінулая. На галоўнай гандлёвай плошчы я пабачыў нашмат больш наведвальнікаў, хоць надворе было прахладнае, не вельмі спрыяльнае для выхаду. І ўсё ж мясцовыя жыхары апрануліся цяплей, а самыя недаверлівыя нават узялі з сабой парасоны.

Агляд базару я пачаў ад крамы “Модніца”, адкуль роўнымі шэрагамі раскінулася кветкавае царства. Вось-вось павінна наступіць доўгачаканая цеплыня, найбольш прадбачлівыя гаспадыні (мужчын у кветкавых радах традыцыйна назіраецца мала) загадзя аглядаюць свае кветнікі, правяраюць, якімі б яшчэ экзэмплярамі іх папоўніць. І хоць я не зяўляюся спецыялістам-кветкаводам, асартымент, на мой погляд, быў багаты.

Крыху далей прадаваліся саджанцы пладовых дрэў. Доўга там не затрымаўся, для сябе адзначыў, што саджанец чарэшні прадаваўся за 20 рублёў, а персіка — на 10 рублёў даражэй. Заўважу, што за апошнія 20 гадоў неаднаразова сустракаў на Лепельшчыне садаводаў-аматараў, якія вырошчваюць персікі, абрыкосы, іншыя паўднёвыя дрэвы, якія няблага пладаносяць.

Трое чалавек прывезлі на рынак розны былы ў карыстанні тавар, у асноўным інструменты. У адрозненне ад кветкавых шэрагаў, тут асноўнымі наведвальнікамі былі мужчыны, якія перабіралі ў руках малаткі, сякеры, нажоўкі, прымерваліся да ціскоў…

Сельгаспляцоўка ў нядзелю была амаль уся запоўнена, галоўным таварам стала бульба ў розных яе фракцыях: харчовая, сеянка, дробная… Вясковыя гаспадары, засеяўшы свае соткі, актыўна павезлі лішкі на базар. Вядро вялікай бульбы па-ранейшаму можна было набыць за 10 рублёў, сеянку прапаноўвалі па 8, праўда, некаторыя прадаўцы скідвалі 1 рубель. Вядро дробнай бульбы прадавалася па 4 рублі.

Зерня а палове 11-й гадзіны на сельгаспляцоўцы амаль не заставалася. Авёс прадавалі па 6 рублёў за вядро, а цана на ячмень і пшаніцу падымалася да 7 рублёў.

З экзатычнай гародніны я б адзначыў кавуны. На прылаўку былі выкладзены некалькі зялёнабокіх прыгажуноў, а адзін быў разрэзаны напалову. Былі бачныя яго чырвоная мякаць і тонкая корка.

— Адкуль такая прыгажосць? Ці не вельмі рана выраслі кавуны? — пытаюся ў прадаўца.

— З Ірана, — адказаў ён.

— Колькі каштуе?

— 4,50 за кілаграм.

З мінулага тыдня на базары падняўся ажыятаж, з продажу знікла цыбуля-сявок. Сам прайшоў у будні дзень і ў суботу. Прадавалася харчовая цыбуля, а сяўка не ўбачыў. У нядзелю ж ён зявіўся. Жанчына прадавала жоўтую цыбулю па 13 рублёў за літровы слоік, а цёмна-сінюю — па 15 рублёў за такі ж абём. Іншая наведвальніца базару мне патлумачыла:

— У літровы слоік умяшчаецца каля 400 грамаў сяўка, вось і вылічвайце яго цану ў кілаграмах. Літаральна праз некалькі тыдняў таму яго прадавалі па 12-13 рублёў за кілаграм.

— Як вы мяркуеце, у чым прычына такога рэзкага павышэння цаны?

— Не ведаю.

Галоўная перамена мяснога павільёна — перастаў працаваць адзін прадпрымальнік, які гандляваў замарожанай рыбай. У астатнім жа, у тым ліку ў малочным павільёне, ні асартымент, ні цэны не змяніліся. Так, 3-літровы слоік малака прадаваўся па 6-7 рублёў, кілаграм тварагу — па 9-10, літр смятаны — па 6, кілаграм сыру — па 12-14, а масла — па 18 рублёў. Мёд па-ранейшаму каштаваў 8 рублёў за паўлітровы слоік, а дзясятак яек — 3,50.

Вельмі папулярнай сярод пакупнікоў стала расада. Праўда, у грунт перац і памідоры пакуль што высаджваць рана, затое ў парнікі і цяпліцы — самы спрыяльны час. Ды і раннюю капусту на грады таксама пасадзіць можна, каб на Купалле можна было атрымаць малады качанок. Так, дзясятак саджанцаў капусты прадаваўся па 2 рублі 5 капеек, перац прапаноўваліся па 60-70 капеек за штуку, а памідоры — па 3 рублі за дзясятак. Хаця некаторыя прадаўцы маглі адлічыць іх і паштучна.

Суніцы і клубніцы — вельмі падобныя ягады, але расада іх на мінулым базары вельмі адрознівалася ў кошце. Так, саджанцы сартавых суніц, вялікія, з завязямі кветак і вусоў, прапаноўваліся па 2 рублі за штуку. У іншым жа месцы клубніцы прадаваліся па 50 капеек за дзясятак.

Вось такія галоўныя перамены адбыліся на лепельскім рынку

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.