Зарисовки с базара: зерно подорожало…

У буднія дні даведаўся пра тое, што ў мінулыя выхадныя падаражэла зерне, да 6 рублёў за вядро. Таму, у чарговы раз наведаўшы базар, паставіў перад сабой задачу праверыць гэта паведамленне. Адразу адправіўся на сельгаспляцоўку. Зернем па традыцыі гандлявалі 2-е прадаўцоў. Сапраўды, збожжа цяпер каштуе 6 рублёў за вядро, незалежна ад віду. Аднак на момант майго прыходу ў продажы заставалася толькі пшаніца. Па словах прадаўцоў, ячменю было няшмат, ён быў прададзены літаральна ў першыя 30 хвілін.

Ужо амаль 2 месяцы назіраецца павышаны попыт на ячмень. Многія ўпэўнены, што менавіта ён для корму жывёле больш пажыўны. А яшчэ ў пачатку вясны многія набываюць насенны матэрыял, каб засеяць свае палеткі.

Гандаль бульбай ажыццяўляўся на 5 аўтамабілях. Кошт яе не змяніўся — 10 рублёў за стандартнае 10-літровае вядро. Заўважыў, што ў ранейшыя базарныя дні прадаўцоў бульбы было больш, у некаторыя — лік даходзіў да дзесяці. Чаму ж у апошнюю нядзелю людзі не жадалі прыязджаць? Адказ даў знаёмы прадавец бульбы:

— Вы памятаеце, які ўчора дзьмуў вецер? І сёння вельмі халоднае надворе. Людзі апрануты ў цёплыя курткі і шапкі. З раніцы пакупнікоў зусім не было, зявіліся толькі пасля 10 гадзін. Я і сам збіраўся заставацца дома. Аднак абяцаў людзям прывезці мех бульбы на заказ. А раз ужо прыехаў у горад, паехаў на базар.

Так, надворе ў выхадыя не было спрыяльным для доўгіх паходаў, у такія ветраныя дні непрыемна выходзіць з цёплых дамоў і кватэр.

Яшчэ адной адметнай рысай мінулага базару стаў продаж насеннай бульбы. Ужо некалькі год запар у Лепель прыязджае малады чалавек, прывозіць яе для пасадкі. На шыльдах каля прылаўка напісана, што матэрыял закуплены ў інстытуце бульбаводства ў Самахвалавічах, усё элітнай рэпрадукцыі. Кошт — 3 рублі за кілаграм. Бульба расфасавана ў сеткі па 5 кілаграмаў.

— Я сумняваюся, што гэта бульба сапраўды з Самахвалавічаў, — кажа жанчына.

— Паглядзіце ўважліва, гэтыя сеткі не завязаны, а зашыты машынай. Расфасоўка зроблена ў Самахвалавічах. Я ўжо не першы год прывожу ў г. Лепель насенную бульбу, нараканняў і прэтэнзій пакуль што не было.

Насупраць маладога чалавека насенную бульбу, праўда, вырашчаную на сваім участку, прадаваў яшчэ 1 чалавек. Яе кошт — 2 рублі за кілаграм. Натуральна, пра элітныя рэпрадукцыі ў такім выпадку казаць не даводзіцца. Аднак у любым выпадку ў пакупніка ёсць магчымасць выбару.

Далейшы абход базарнай плошчы рабіў па крузе. На сваім месцы працавала гандлёвая кропка рыбгаса. Выбар быў небагаты, прадаваўся толькі буйны карп масай 400-600 грамаў па 4 рублі 90 капеек за кілаграм. Да прылаўка пастаянна выстройвалася чарга ў некалькі чалавек.

Яшчэ адной прыкметай вясны можна лічыць пачатак продажу парніковай плёнкі і полікарбанату. Традыцыйна на базары працуюць 3 гандлёвыя кропкі, дзе прадаецца розны гаспадарчы тавар, у тым ліку і плёнка. Аднак у нядзелю яны не парадавалі разнастайнасцю. Затое прыезджыя прадаўцы адгукнуліся на патрэбы агароднікаў. У іх налічыў больш за 10 відаў поліэтылену. Самым танным быў матэрыял 3-метровай шырыні — па 1,50 за пагонны метр, самым дарагім — матэрыял 6-метровай шырыні — па 9 рублёў. Тут жа можна было набыць полікарбанат ад 105 рублёў за стандартны ліст памерам 2,10х6,00 метраў.

— У такі ветраны дзень ці шмат пакупнікоў прыходзіла? — пытаюся ў прадаўцоў поліэтылену.

— Прыходзілі, набывалі, але няшмат, — прызнаўся малады мужчына. — Усё ж мы не губляем надзею, што нашы пакупнікі да нас абавязкова прыйдуць.

На гэтым абход вырашыў заканчваць, тым больш, што і сам адчуў холад.

Тэкст і фота: В. Матырка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.