Близкие по духу люди

19-snezhnya-004 Калі бываю ў камандзіроўках у аддаленых невялікіх вёсачках, з задавальненнем бачу, колькі ў нашай газеты шчырых, адданых сяброў. Менавіта ў такіх вось вёсачках, дзе захавалася нацыянальная аўтэнтычнасць, і мову нашу родную па-сапраўднаму шануюць, і раёнку выпісваюць людзі доўгія гады, і чытаюць яе, як кажуць, ад коркі да коркі. Кажу пра людзей сярэдняга і старэйшага пакалення, у якіх прысутнічае здаровы кансерватызм.

Здаровы кансерватызм часам тоесны паняццю здаровага сэнсу. Не чакаць ад жыцця нейкіх дабротаў сёння ж і адразу, не спадзявацца на “халяву”. А самім сваё жыццё будаваць, паціху-памалу, грунтоўна, як будуе добры гаспадар сабе хату. Менавіта такой думкі прытрымліваемся і мы, журналісты раёнкі, увесь час яе падкрэсліваем. Можа, таму і нас падтрымліваюць людзі вясковыя, людзі працавітыя, якія маюць вялікі жыццёвы вопыт. Мы проста па духу родныя людзі.
Хачу расказаць пра адну з такіх пастаянных падпісчыц і сяброў газеты. Жыве, праўда, Лідзія Бабровіч не ў якойсьці аддаленай вёсачцы, а ў прыгарадзе Лепеля. Ад Мацюшынай Сцяны да горада рукою падаць…
Рукою то падаць, а дайсці да цэнтра горада — кіламетры мо чатыры і набярэцца, калі не пяць. Ведаю, бо Мацюшына — і маё “дзедзіна”. Тут дзяды жылі па бацькоўскай лініі, пасля цётка па матчынай сюды замуж выйшла. Бацькі мае таксама ў Мацюшыне пазнаёміліся. Часта бываў у цёткі Вольгі. Ведаю, што для людзей пажылых дабрацца ў горад адсюль заўсёды было праблемай. Гарадскі аўтобус хадзіў толькі да “Платана”. Мабыць, лічылася, што тут жа побач, а насамрэч была праблема вялікая. Маладзейшыя на веласіпедах у горад ездзілі, старэйшых вазілі на машынах дзеці — гэта калі ўжо машыны сталі масава купляць.
Вось і Лідзія Іванаўна дваццаць шэсць гадоў дабіралася да працы як прыйдзецца. Працавала эканамістам па цэнах у сістэме грамхарчгандлю. Было, што ездзілі з мужам разам, калі набылі матацыкл з вазком. А ўсё роўна жанчына шчаслівая была, што вырвалася з “калгаса”. Яе можна зразумець. Усе мы ведаем, як раней працавалі ў калгасе і што за гэтую працу атрымлівалі.
* * *
У некаторых бывае як бы зайздрасць, што яны — з віламі, а іншыя ў горадзе не перапрацаваліся — вучоныя, інтэлігенцікі. Хто ж вам не даваў вучыцца? Ва ўсіх былі аднолькавыя магчымасці. Усе мы з хат, як казаў адзін вядомы празаік. Толькі адны для сябе нейкія мэты жыццёвыя ставілі, вось і вывучыліся, а іншыя ўцякалі ад навукі, як ад якога ражна. За вушы іх у школе цягнулі настаўнікі. Хацелі і ў маладосці больш пагуляць, і пад старасць працаваць без асаблівай напругі. Але ж так не бывае. Ды і хто не сутыкаўся з разумовай працай, той не ведае, што яна часам цяжэй за фізічную.
Вось і Ліда Цюкала змалку старанна вучылася ў школе. Жылі ў вёсцы Вострава цяпер Ушацкага, а на той час Лепельскага раёна. Сем гадоў хадзіла ў школу ў Заазер’е, а пасля ў Пышна, аж за дзевяць кіламетраў. Думаеце, яна не з таго самага ваеннага пакалення, якое зараз спасылаецца на вайну, маўляў, не да вучобы было ў той час? Думаеце, яе бацькі такія ўжо багацеі? І вайны яшчэ “зачарпнула”, хоць зусім жа малая была. Памятае Ліда, як маці ў бамбёжку дзяцей у лес адводзіла, а сама заставалася ў вёсцы. І кароў у лес выводзілі, і людзі там хаваліся.
— Страляюць, а маці мяне закрывае сабою, — успамінае Лідзія Іванаўна, і воглы камяк падыходзіць да горла.
З лесу іх немцы пагналі ў бок вёскі. Возера было збоку — думалі, што тапіць. Падышлі да рачулкі, суседка перанесла Ліду на той бераг. А затым у адну хату ўсіх сагналі — думалі, што паліць будуць.
Ад хаты засталіся адны галавешкі, жылі ў хлеўчуку, дзе захоўвалася бульба.
Хадзіць, як і ўсім, у школу не было ў чым, але ж неяк хадзіла… Настаўнік у іх вёсцы меў прозвішча Магучы, усё казаў бацькам: “Дзяўчынка разумная, здольная, хай яна ходзіць у школу”.
Пасля паступіла ў бухгалтарскі тэхнікум.
* * *
На працу ездзілі разам: муж — у сельгасхімію, яна — у грамхарчгандаль. Дзякуй свекрыві, якая і дзяцей яе гадавала, і па гаспадарцы завіхалася, а то не было б з такою “транзітнаю” працаю ні кала, ні двара.
З Пятром пражылі сорак гадоў. Шэсць гадоў таму ён памёр ад цяжкай хваробы. У гарадах жывуць дзеці Ліды: Сяргей — у Лепелі, Галя — у Глыбокім. Дачка часта прыязджае: у хаце прыбірае, прадукты прывозіць. У гаспадарцы ў бабы Ліды ўжо нікога, апрача ката, не засталося.
Старэйшы ўнук Андрэй вывучыўся на зубнога тэхніка, служыць на тэрміновай у Заслонаве, малодшы Даніла вучыцца ў школе. Трэцяга ўнука баба Ліда пахавала маладым, і гэта нязбыўнае яе гора на ўсё жыццё.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: доўгія дзесяцігоддзі сябруе Лідзія Іванаўна Бабровіч з раёнкаю.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.