Земельные вопросы — одни из самых острых

21 лютага – Дзень работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы

Не шмат хто з чытачоў ведае, што ў райвыканкаме працуе аддзел землеўпарадкавання. Між тым, ніводнае дзеянне, звязанае з набыццём, вызначэннем межаў зямельных участкаў не можа адбывацца без спецыялістаў гэтай службы. Даём слова начальніку аддзела Віктару Міхно:

— За 2021 год аддзелам разгледжана 354 землеўпарадкавальныя справы. Райвыканкамам выдзелены 104 зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных жылых дамоў, яшчэ 174 участкі аналагічнага прызначэння выдзелены сельскімі выканаўчымі камітэтамі. На ўсіх участках пабывалі нашы спецыялісты, правялі неабходныя замеры, нанеслі іх на планы і карты.

Пра важнасць правільнага выдзялення і афармлення зямельнага ўчастка і абдуманага, узважанага падыхода да гэтай справы гавораць наступныя факты. На зямлі чалавек плануе пабудаваць дом, жыць у ім дзясяткі гадоў, будаваць сваю сям’ю, і ў рэшце рэшт – перадаць нажытае дзецям. Тут не можа быць паспешлівасці, трэба прадумаць розныя сітуацыі на дзясяткі гадоў наперад, каб пазбегнуць, прадухіліць магчымыя канфлікты з суседзямі, родзічамі. Сапраўды, пытанні, якія датычаць зямлі, адны з самых вострых. Спецыялісты землеўпарадкавальнага аддзела неаднаразова сутыкаліся з сітуацыямі, калі з-за палоскі зямлі пад плотам шырынёй дзесяць сантыметраў паміж суседзямі разгаралася вайна, якая цягнулася дзесяцігоддзямі.

Яшчэ адна балючая праблема – выміранне вёсак. Часта, праязджаючы па шматлюдных калісьці вясковых вуліцах, можна ўбачыць закінутыя сядзібы і зарослыя быльнікам агароды. Работнікі зямельнай службы разам з прадстаўнікамі сельсаветаў рэгулярна аб’язджаюць вёскі, выяўляюць такія ўчасткі. На працягу толькі мінулага года больш за 115 гектараў з земляў населеных пунктаў перадазены ў землі сельскагаспадарчага прызначэння. А больш за 3,5 тысячы гектараў зямель, парослых дрэвамі і кустоўем, перададзены ў землі ляснога фонду.

— Якая задача перад зямельнай службай на сёння з’яўляецца першачарговай? – задаю пытане Віктару Міхно.

— Афармленне дакументаў на існуючыя зямельныя ўчасткі. Так, у Лепелі цалкам аформлены 86 працэнтаў зямельных участкаў, а ў сельскіх населеных пунктах – толькі 48 працэнтаў. Пры выдзяленні новых участкаў або пры здзяйсненні здзелак па куплі-продажы жылых дамоў мы патрабуем і пільна сочым за тым, каб дакументы на зямлю былі належным чынам аформлены – атрымана дзяржаўнае пасведчанне. Аднак ёсць яшчэ сотні гаспадароў, якія па тых ці іншых прычынах не лічаць патрэбным афармляць свае правы. Маўляў, жыў я дваццаць гадоў так, пражыву і далей.

— Дзе сітуацыя найбольш трывожная?

— У аддаленых вёсках кшталту Лутчына, Караевічаў, Заславак, Навасёлак. У Лутчыне Валосавіцкага сельсавета, напрыклад, ніводзін зямельны ўчастак не аформлены. Верагодна, гэта звязана з тым, што ўчасткі ў такіх вёсках не цікавыя ні для пастаяннага пражывання, ні пад дачы. З іншага боку, прыемна праехаць па такіх вёсках, як Новае Лядна Лепельскага сельсавета, Бор – Каменскага, па ўсіх вёсках Домжарыцкага. У Домжарыцах на сёння амаль не засталося свабодных зямельных участкаў, усе занятыя, аформленыя, на ўсіх будуюцца дамы.

На завяршэнне хачу пажадаць усім здароўя, шчасця, а таксама мудрасці і прадбачлівасці ў абыходжанні з зямлёй, каб мы навучыліся дамаўляцца і пазбягаць магчымых непаразуменняў і канфліктаў.

Васіль МАТЫРКА.

На здымку: Наталля Сафроненка, Святлана Віцюнова і Ганна Дзямешчанка – галошўныя спецыялісты аддзела землеўпарадкавання райвыканкама.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.