Згадкі пра Домжарыцы, што на Лепельшчыне

Домжарыцы — буйная вёска, цэнтр сельсавета і цэнтральная сядзіба ДПУ “Бярэзінскі біясферны запаведнік”. Размешчана паблізу возера Домжарыцкага, ракі Бузянкі, Сергуцкага канала, прыкладна за 35 кіламетраў на паўднёвы захад ад горада Лепеля, у трох кіламетрах ад шашы Мінск — Віцебск. Гэта старажытнае паселішча, гісторыя якога сягае ў глыбіню стагоддзяў.
Яркае сведчанне гэтага — два старадаўнія курганныя могільнікі непадалёк ад населенага пункта, якія датуюцца XI — XII стагоддзямі н. э. Адзін з іх знаходзіцца за адзін кіламетр ад Домжарыц, справа ад шашы, перад паваротам на вёску Крайцы, на невысокім узгорку. 45 насыпаў дыяметрам пяць — дзесяць метраў, вышынёй — 0,5 —1,5 метра. Курганы здзірванелыя, зараслі хваёвым лесам. Іх абследавалі вучоныя-археолагі: у 1931 годзе — А.М.Ляўданскі, 1969 — Г.В.Штыхаў і ў 1972 — А.Р.Мітрафанаў.
Яшчэ адзін курганны могільнік выяўлены за 0,3 кіламетра на поўнач ад вёскі, абапал прасёлкавай дарогі. 200 насыпаў вышынёй 0,3 — 1,5 метра, дыяметрам тры — восем метраў. У трох курганах знойдзены ляпныя і ганчарныя гаршкі, скроневыя кольцы, бронзавыя бранзалеты і шкляныя пацеркі.
Населены пункт вядомы з сярэдзіны XVI стагоддзя пад назвай Домжарычы, калі ўваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага, а з 1569 года — Рэчы Паспалітай.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Домжарыцы ўвайшлі ў склад Расіі.
З 20 жніўня 1924 года вёска стала цэнтрам сельсавета. У 1940 годзе тут мелася 85 двароў і 340 жыхароў.
У Вялікую Айчынную вайну нямецка-фашысцкія акупанты спалілі Домжарыцы і ў ліпені 1943 года забілі 23 жыхары гэтага населенага пункта.
У 70-ыя гады дваццатага стагоддзя цэнтральная сядзіба ДПУ “Бярэзінскі біясферны запаведнік” была перанесена з вёскі Крайцы ў Домжарыцы. Тут былі пабудаваны Дом экалагічнай асветы разам з размешчанай побач добраўпарадкаванай гасцініцай і ўтульным рэстаранам, Музей прыроды, а на ўскраіне населенага пункта ўзведзены валье’ры для дзікіх жывёл.
М. АЗЁРНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.