Жара — повод внимательнее относиться к выбору продуктов

Лета — гэта цудоўны час, калі можна адпачыць у водпуску, ажыццявіць цікавую паездку, атрымаць асалоду ля возера або збіраць гародніну і ягады. Аднак разам з тым летняя спёка можа аказаць і негатыўны ўплыў на здароўе чалавека, паколькі менавіта ў гэты час абвастраецца магчымасць заражэння вострымі кішэчнымі інфекцыямі. Больш падрабязна на гэту тэму пойдзе наша размова ў інтэрв’ю з загадчыцай аддзела эпідэміялогіі дзяржаўнай установы «Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Наталляй Паборцавай:

— Наталля Віктараўна, скажыце, калі ласка, што ўяўляюць сабой вострыя кішэчныя інфекцыі?

— Вострыя кішэчныя інфекцыі — гэта шматлікая группа вострых інфекцыйных захворванняў, якія выклікаюць розныя мікраарганізмы, прасцейшыя бактэрыі, а таксама вірусы з пераважным паражэннем страўнікава-кішачнага тракта.

Летам узрастае небяспека захворванняў вострымі кішэчнымі інфекцыямі, звязанымі з перадачай узбуджальнікаў праз харчовыя прадукты.

Забруджванне прадуктаў можа адбыцца па прычыне парушэння правілаў асабістай гігіены (мыцця рук) перад прыгатаваннем, кулінарнай і тэрмічнай апрацоўкай харчовых прадуктаў, пры парушэнні правілаў і тэрмінаў, тэмпературных умоў захоўвання, а таксама транспарціроўкі пры рэалізацыі прадуктаў і гатовых страў.

Асаблівую небяспеку маюць прадукты, якія хутка псуюцца, а таксама стравы, прыгатаваныя без тэрмічнай апрацоўкі, якія ўжываюцца ў халодным выглядзе. Узбуджальнікі вострых кішэчных інфекцый могуць не толькі збірацца, а і памнажацца.

Прыгатаванне вялікіх аб’ёмаў ежы ў запас і яе няправільнае захоўванне — пры хатняй тэмпературы — садзейнічае распаўсюджванню мікраарганізмаў, утварэнню таксінаў і можа прывесці да захворвання.

— Якім жа чынам праяўляецца захворванне?

— Пасля трапляння ўзбуджальніка ў арганізм хвароба праяўляецца не адразу. Гэта так званы скрыты, інкубацыйны перыяд, які доўжыцца ад некалькіх гадзін да 3-7 дзён. Да завяршэння гэтага перыяду ў чалавека могуць з’явіцца такія сімптомы, як павышэнне тэмпературы цела, слабасць, млоснасць, пагаршэнне апетыту, боль у жываце, ваніты і г.д.

Захворванне вострымі кішэчнымі інфекцыямі можа працякаць у выглядзе здаровага насіцельства. Аднак хворыя людзі або носьбіт ўяўляюць небяспеку для іншых, паколькі з фекаліямі ў навакольнае асяроддзе выдзяляецца вялікая колькасць узбуджальнікаў. Затым праз забруджаную ваду, прадметы побыту, рукі або прадукты ўзбуджальнікі вострых кішэчных інфекцый зноў трапляюць у кішачнік здаровага чалавека. Таму вельмі важна заўсёды захоўваць правілы асабістай гігіены.

Некаторыя захворванні працякаюць у лёгкай форме, таму хворыя не звяртаюцца да ўрача, а займаюцца самалячэннем. Асабліва неспечны прыём антыбіётыкаў без прызначэння медыцынскага спецыяліста. Няправільна падабраны антыбіётык не толькі не дапаможа лячэнню, а і можа знішчыць у арганізме карысную мікрафлору. Клінічная карціна захворвання можа набыць «сцёрты характар», а гэта ў сваю чаргу перашкаджае дыягностыцы і лячэнню. Антыбактэрыяльны прэпарат можа выклікаць устойлівасць бактэрый да яго і не дапамагчы тады, калі ён сапраўды будзе неабходны.

— Наталля Віктараўна, пра што трэба памятаць чалавеку для таго, каб абараніць сябе ад гэтага захворвання?

— Па-першае, патрэбна строга выконваць правілы асабістай гігіены, часцей мыць рукі з мылам пасля вяртання дадому з вуліцы, перад ужываннем ежы і пасля наведвання прыбіральні. Для піцця трэба выкарыстоўваць кіпячоную, бутыляваную або ваду гарантаванай якасці. Гародніну, садавіну перад ужываннем трэба мыць праточнай водаправоднай вадой, а для маленькіх дзяцей — яшчэ і кіпячонай. Пры транспарціроўцы і захоўванні прадуктаў неабходна выкарыстоўваць чыстую ўпакоўку (поліэтылен, кантэйнеры для харчовых прадуктаў і г.д.). Не трэба набываць прадукты харчавання ў выпадковых асоб або ў месцах несанкцыянаванага гандлю. У хатніх умовах у час прыгатавання гарачых і халодных страў трэба выконваць правілы гігіены, а таксама захоўваць тэрміны годнасці і ўмовы захоўвання прадуктаў, асабліва тых, якія хутка псуюцца. Сырыя прадукты і гатовую ежу трэба захоўваць асобна. Для апрацоўкі сырых прадуктаў неабходна карыстацца асобнымі нажамі і раздзелачнымі дошкамі. Смажыць або варыць прадукты трэба працяглы час, асабліва мяса, птушку, яйкі і марскія прадукты. Стравы, якія хутка псуюцца, і гатовую ежу трэба захоўваць толькі ў халадзільніку пры тэмпературы 2-6 прадусаў па Цэльсію. Не трэба змешваць свежапрыгатаваную ежу з рэшткамі ад папярэдняга дня. Калі ж гатовая ежа застаецца на наступны дзень, перад яе ўжываннем неабходна зрабіць яе тэрмічную апрацоўку — пракіпяціць або абсмажыць. На кухні вельмі важна захоўваць чысціню, не збіраць смецце і харчовыя адходы, не дапускаць з’яўлення мух і тараканаў. Неабходна пастаянна падтрымліваць чысціню ў доме і выконваць правілы асабістай гігіены, асабліва калі ў доме ёсць маленькія дзеці. Перад іх кармленнем трэба мыць рукі з мылам, выкарыстоўваць толькі свежапрыгатаваныя сумесі. Дзіцячы посуд трэба рэгулярна мыць з выкарыстаннем дазволеных мыйных сродкаў. Затым трэба добра прапаласкаць, а перад ужываннем — абліць кіпенем. Цацкі таксама трэба мыць перад тым, як іх даваць дзецям.

Нельга даваць маленькім дзецям некіпячонае малако. Сырыя яйкі для прыгатавання ежы трэба выкарыстоўваць толькі свежапрыгатаваныя прадукты. Нельга купацца ў вадаёмах, дзе гэта не пажадана або забаронена. Захаванне ўсіх пералічаных рэкамендацый дапаможа пазбегнуць захворвання вострымі кішэчнымі інфекцыямі. Неабходна памятаць, што любое захворванне лепш папярэдзіць, чым лячыць.

 

Інтэрв’ю правяла Святлана ВАЗНЯК.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.