Желание познать природу соединило два сердца на Лепельщине

 

967316f81c084716f155edbe789245b8

Фото из семейного архива

aaca1f64d969bf7e4dd06a6ee7c801b7Усе мы любім прыроду з яе хараством і асаблівай цішынёй. Аднак ёсць людзі, якія маюць заўсёднае жаданне пазнаваць яе вялікія таямніцы. Яны гатовыя дзень і ноч, не гледзячы на надвор’е, блукаць па лесе, ці яшчэ лепей — па балотах, каб зведаць тое, што не бачна чалавечаму воку.

Давялося пагутарыць з адным апантаным чалавекам, фанатам сваёй справы, хто не баіцца ні камароў, ні мошак і гатовы хадзіць суткамі па непралазным гушчары.

Валерый Іўковіч працуе намеснікам дырэктара па навукова-даследчай рабоце дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Бярэзінскі біясферны запаведнік». У гэтым годзе споўнілася 40 гадоў, як ён пераступіў упершыню парог установы.

Дасягненні

Трэба сказаць, што за гэты перыяд зроблена Валерыем Сямёнавічам вельмі шмат. Яго асабісты ўклад у захаванне прыродных комплексаў і развіццё міжнародных сувязяў у справе аховы прыроды вылічаецца шматлікімі праектамі, навуковымі работамі, разнастайнай практычнай дзейнасцю.

Ён мае навуковую ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук, шмат разоў павышаў сваю кваліфікацыю не толькі ў нашай краіне, а і за мяжой, з’яўляўся дэлегатам Першага i Другога з’ездаў вучоных Рэспублікі Беларусь, дэлегатам III Сусветнага кангрэса па біясферных запаведніках у Іспаніі. Ім падрыхтаваны праект новага Палажэння аб Бярэзінскім біясферным запаведніку з апісаннем межаў запаведніка і ахоўнай зоны ў адпаведнасці з новым прыродаахоўным заканадаўствам. І гэты спіс можна працягваць да бясконцасці.

Акрамя рускай і беларускай Валерый Сямёнавіч добра ведае англійскую, польскую і ўкраінскую мовы. Пастаянна падтрымлівае цесныя  сувязі з біясфернымі запаведнікамі, якія знаходзяцца ў іншых краінах, у асаблівасці Францыі, Польшчы, Расіі і Украіны.

— Адкуль такое дасканалае веданне моў? — задаю пытанне свайму суразмоўцу.

— Я нарадзіўся ў Заходняй Беларусі — Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. Мае бацькі вучыліся ў польскай школе, дома знаходзіліся кнігі і падручнікі на польскай мове. Таксама і з украінскай мовай не было праблем, бо побач была мяжа з Украінай. Англійскую мову вучыў у школе, потым — у інстытуце. Уасканальваў веды на канферэнцыях у іншых краінах, міжнародных курсах.

Не магу не адзначыць, што Валерый Іўковіч напісаў шмат навуковых прац, кніг, падручнікаў. Наведаў дзесяткі краін свету. Супрацоўнічае з навукоўцамі з Польшчы, Францыі, ЗША і іншых краін.

***

Мой суразмоўца прыбыў у запаведнік пасля заканчэння Беларускага тэхналагічнага інстытута. Ужо падчас вучобы захапляўся навукай, быў на практыцы ў Домжарыцах, тэма дыпломнай работы была звязана з балотамі. На працоўным месцы больш сур’ёзна пачаў вывучаць лясы на натуральных балотах.

Беларускія балоты асаблівыя. У Домжарыцы шмат гадоў на практыку прыязджалі студэнты з Германіі — спецыялісты-эколагі, якія займаюцца вывучэннем гэтай часткі бiясферы. У многіх краінах натуральных балот ужо няма, таму наша прырода з яе разнастайнасцю для іх як сапраўдны навуковы дапаможнік.

— Адкуль такая цікавасць да балотаў?

— Гэтая сістэма яшчэ нязведанная чалавекам, асабліва ў біясферным запаведніку. Хацелася пазнаць, як развіваецца балота. Займаўся не толькі вывучэннем раслін, але і тарфоў, бо ён змяшчае ў сабе і рэшткі раслін. А па іх можна вызначыць, што было нават тысячу гадоў таму.

— Ці даводзілася бачыць у жывой прыродзе драпежнікаў?

— Трэба сказаць, не часта. За 40 гадоў разоў пяць бачыў мядзведзя, некалькі разоў — воўка, рысь. А вось аленяў і ласёў можна часам убачыць і з акна нашага адміністрацыйнага будынка.

Спытала ў Валерыя Сямёнавіча і пра падрапаныя газоны, якія ўбачыла пры наведванні запаведніка. Аказалася, гэта барсук забягае ў цэнтр Домжарыцаў, каб паласавацца лічынкамі майскіх жукоў.

— Валерый Сямёнавіч, хто, калі не вы, можа даць правільную параду, як не праваліцца ў багну… Асабліва гэта актуальна ў асенні перыяд, калі людзі спяшаюцца за журавінамі.

— Рэкамендуецца заўсёды браць з сабою палку альбо шост, каб абаперціся. Зазвычай ступаем туды, дзе ёсць трава альбо кустоўе. А вось калі расце толькі мох, сфагнум, трэба быць вельмі асцярожным.

У запаведніку навуковец і пазнаёміўся з будучай жонкай. Яўгенія Мікалаеўна ў прыродаахоўнай установе — з 1978 года. Да гэтага пэўны час працавала ў навукова-даследчым інстытуце глебазнаўства. Тут стала паглыбленна займацца вывучэннем пераходных зон — гэта тэрыторыя паміж сушай і балотам. Як лічуць навукоўцы, тэма ўнікальная. Яшчэ і зараз шмат нявывучанага і нязведанага. Зараз Яўгенія Мікалаеўна — вядучы навуковы супрацоўнік, кандыдат сельскагаспадарчых навук.

Такім чынам, як прыехалі ў Лепельскі раён маладыя спецыялісты, так з галавой і акунуліся ў працу. Як бачу, і да гэтага часу, займаюцца любімай справай з запалам.

Любоў да прыроды перадаецца з пакалення ў пакаленне

У сям’і Іўковічаў выраслі два сыны Дзяніс і Арцём, якія таксама не ўяўляюць свайго жыцця без прыроды. Заўсёды захапляюся фотаздымкамі ў розных часопісах і на сайтах за подпісам Дзяніса. Яго творчыя працы перамагаюць у разнастайных конкурсах. Чалавек не шкадуе сваёго ўласнага часу, на ўсходзе і  заходзе сонца займаецца фотапаляваннем. Менавіта так хочацца назваць яго дзейнасць, бо часцяком сядзіць у засадзе, каб здабыць “трафей” — незвычайны кадр. І тут без ведання звычак звяроў і птушак не абысціся. Дзяніс скончыў экалагічны ліцэй у Домжарыцах, пазней — біяфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Арцём, малодшы сын, спачатку скончыў Полацкі лясны каледж, а потым Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Восем гадоў працы ў запаведніку прысвяціў ахове лесу, аднак па волі лёсу зараз жыве ў Новаполацку.

У Дзяніса падрастае сын Кірыл, якому ўжо споўнілася 4 гады. Хлопчык з маленства прывучаны жыць у еднасці з прыродай, ведае многія назвы раслін і жывёл, а таксама птушак і казявак. Бабуля і дзядуля пры кожнай магчымасці, на прагулцы, імкнуцца дзіцяці як мага больш расказаць пра свет прыроды і паказаць наглядна ўсё яго багацце. Акрамя гэтага, Кірыл вывучае флору і фауну па маляўнічых фатаграфіях бацькі. А хутка і публікацыі маці пачне чытаць у часопісе “Родная прырода”, як толькі вывучыць літары.

З гутаркі з Валерыем Іўковічам даведалася, што яго нявестка Анастасія таксама працуе побач, палюбіла бярэзінскі край з першага дня сваёй працы ва ўстанове, хоць і шмат гадоў жыла ў Віцебску.

У вольны час

Пасля працы на прыродзе Валерый Сямёнавіч і Яўгенія Мікалаеўна спяшаюцца… зноў на прыроду, толькі ўжо ў межах свайго сядзібнага надзела. Кожнаму тут ёсць занятак па душы. Так, гаспадыня займаецца півонямі, а гаспадар больш ля сваіх вяргiняў завіхаецца. 40 сартоў буяюць рознымі колерамі на працягу летняга і асенняга перыяду і радуюць прыгажосцю гаспадароў і гасцей.

Любяць і ў лес за дарамі прыроды схадзіць Іўковічы.

Яўгенія Мікалаеўна прыехала ў Беларусь з Кіргізіі, таму па святах гатуе для сям’і манты. Не забывае і пра розныя торты пірагі з начыннем. Увогуле, трэба сказаць, што гаспадыня любіць праводзіць час на кухні, для гэтай мэты нават выпісвае розныя кулінарныя выданні.

Кажуць, што работу трэба пакідаць на рабоце. У сям’і Іўковічаў так ніколі не атрымлівалася, ды ім гэта і не патрэбна. Усе члены сям’і заўсёды з захапленнем кажуць пра сваю працоўную дзейнасць, як пра хобі. І гэта, лічу, сапраўднае шчасце — сямейнае і асабістае.

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.