Жителю Лепельского района и на заслуженном отдыхе дел хватает


Вакол нас шмат цікавых людзей, аднак сярод іх ёсць унікальныя. З такім чалавекам мне давялося пазнаёміцца летнім сонечным днём у адным з маляўнічых месцаў нашай любімай Лепельшчыны.
Мікалай Баркоўскі, менавіта пра яго я хачу распавесці, пражывае на артбазе ў Бароўцы і вельмі любіць сваю малую радзіму. Упэўнена, у тых, хто ведае Мікалая Аркадзьевіча, не ўзнікне ў гэтым сумненняў.
Упершыню ўбачыла мужчыну падчас лёгкаатлетычнай эстафеты на прызы газеты “Лепельскі край” 9 мая. На той момант мне здалося, што гэта настаўнік адной са школ раёна, які прывёз каманду для ўдзелу ў спартыўным спаборніцтве — вельмі актыўна ён балеў за падлеткаў, каментаваў усё, што адбывалася на стадыёне.
Праз некаторы час у рэдакцыю патэлефанавалі жыхары артбазы і вельмі прасілі напісаць пра гэтага выдатнага чалавека.
— Ён столькі робіць для сваіх суседзяў, асабліва дзяцей. Вы прыедзьце — і ўсё ўбачыце на свае вочы. Дзякуючы яму ў нас з’явіўся знак “Жылая зона”, абуладкавана спартыўная пляцоўка і шмат чаго іншага, — кажа чытачка газеты.
Як толькі выдалася вольная хвіліна, накіроўваемся на артбазу, каб пагутарыць з Мікалаем Аркадзьевічам.
Як мне і казалі, мужчына не сядзіць у кватэры. Калі не на рыбалцы ці ў лесе, значыць, з іншымі актывістамі, такімі ж як ён, штосьці рамантуюць, даводзяць да ладу на прыдворавай тэрыторыі.
Прадстаўляюся, і Мікалай Аркадзьевіч прапаноўвае прысесці на лаўку пад прыгожай разлапістай бярозай.
— Вы звярніце ўвагу, якая тут прыгажосць, — кажа мой суразмоўца. — Гэтае месца немагчыма не любіць. А колькі тут дзяцей?! Паглядзіце! Гэта зараз бегае 10-12 хлопчыкаў і дзяўчынак, а хутка да бабуль і дзядуляў яшчэ больш прыедзе. Летам збіраецца больш за 30 чалавек.
Так, насамрэч, на футбольнай пляцоўцы чуваць прыемны дзіцячы гоман, а побач маленькія жыхары Бароўкі бавяць час на арэлях, горках і іншым інвентары. Тут жа, на лаўцы, размясціліся бацькі і бабулі і кантралююць сваіх чад. Трэба сказаць, атрымала сапраўдную асалоду назіраць за такой дзеяй.
Нарадзіўся Мікалай Аркадзьевіч у 1956 годзе ў вёсцы Стараселле Лепельскага раёна, аднак ранняе дзяцінства і юнацтва прайшло ў Бароўцы, на той час — ваенным гарадку.
— Бацька пасля тэрміновай службы вырашыў застацца на звыштэрміновую ў Бароўскай часці, таму ў 1962 годзе нас з маці перавёз у гэты населены пункт, — кажа мужчына.
У 1973-м мой суразмоўца скончыў Бароўскую сярэднюю школу. Спачатку збіраўся паступаць у пагранічнае вучылішча, аднак сусед, малады лейтэнант, выпускнік Харкаўскага танкавага вучылішча, пераўпэўніў у выбары ўстановы адукацыі. Улічваючы, што бацька таксама служыў у танкавых войсках, хлопец вырашыў паступаць у Харкаў.
У першы год не прайшоў па конкурсе. Каб не сядзець склаўшы рукі, уладкаваўся на працу качагарам. На наступны год таксама пацярпеў няўдачу, і 8 лістапада 1974-га адправіўся на тэрміновую. Служба ў войску — гэта, канечне, цудоўна, аднак мэта не давала пакою. На гэты раз удача была на баку Мікалая Аркадзьевіча…
Пасля 4 гадоў вучобы, у 1979 годзе, выпускнік танкавага вучылішча хацеў вярнуцца на Лепельшчыну, аднак яго накіравалі ў ваенны гарадок Печы ў Барысаве. 9 гадоў служыў Айчыне ў навучальным аб’яднаным цэнтры, быў камандзірам узвода, камандзірам роты, начальнікам штаба батальёна ў званні маёр.
У 1988 годзе паступіў у акадэмію бранятанкавых войскаў, якую скончыў у 1991-м і адправіўся ў Забайкальскую ваенную акругу…
5 дзён на цягніку Мікалай Аркадзьевіч разам з жонкай і 2-ма дзецьмі ехалі да новага месца жыхарства ў чаканні чагосьці незабыўнага. Трэба сказаць, першыя ўражанні і да гэтага часу засталіся ў памяці, толькі яны не самыя лепшыя. 4 дамы афіцэрскага складу, “разбіты” саўгас і вакол стэп — такую карціну ўбачыла сям’я Баркоўскіх у Забайкаллі. Ды яшчэ ваду з-пад крана нельга было ўжываць, а піццявую прывозілі адзін раз на дзень увечары. Уявіце сабе сітуацыю, калі не паспееш назапасіць…
У 2006 годзе ў Якуціі ў званні палкоўніка закончыў ваенную службу, аднак яшчэ 8 гадоў працаваў у гэтым горадзе. У 2014 годзе сям’я вырашыла перабрацца ў Санкт-Пецярбург.
Дзясяткі гадоў разам
З жонкай Ірынай Аляксандраўнай мой суразмоўца пазнаёміўся ў 1973 годзе падчас праходжання медкамісіі: дзяўчына — у інстытут, хлопец — у ваеннае вучылішча. Пасля жыццёвыя дарогі маладых людзей разышліся, некалькі гадоў яны не бачыліся. У 1975 годзе Мікалай напісаў Ірыне ліст. Вялікім шчасцем было для хлопца, калі ён атрымаў адказ. Так і пачалося сяброўства, якое паступова перарасло ў вялікае каханне. Дачка ваеннага з Заслонава з самага дзяцінства з вялікай павагай ставілася да ваеннаслужачых, таму ў сваім выбары не сумнявалася. У 1979 годзе маладая пара зарэгістравала шлюб.
З той пары муж і жонка шмат разоў мянялі сваю прапіску. Як нітка за іголкай, Ірына Аляксандраўна заўсёды ішла за мужам, аднак за гэты перыяд ні разу не пашкадавала.
У сям’я выраслі 2 сыны: старэйшы Антон служыць у сілавых структурах, малодшы Арцём — урач. Падрастаюць на радасць дзядулі і бабулі 2 унучкі і ўнук.
— А чаму выбралі для пастаяннага месца жыхарства культурную сталіцу Расійскай Федэрацыі?
— Нават, не ведаю. Магчыма, што там было шмат маіх сяброў.
Але ж у апошнія гады я больш часу знаходжуся на Лепельшчыне, толькі на зіму пераязджаю ў горад на Ніве.
— Не сумна вам тут пасля вялікага горада?
— Мне сумна не бывае. Я заўсёды сабе занятак знайду. Вось, напрыклад, пару гадоў таму размаўляў з маладой маці. Яна скардзілася, што транспарт па артбазе рухаецца з вялікай хуткасцю. Тут жа столькі дзяцей! Я звярнуўся да мясцовай улады раёна — цяпер у нас з’явіўся знак “Жылая зона” і можна рухацца з хуткасцю не больш за 20 кіламетраў у гадзіну.
Па просьбе суседзяў звяртаўся ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі па пытанні якасці вады. Таксама праблема вырашылася.
Цяпер вось з дапамогай мясцовай улады абуладкоўваем дзіцячую і спартыўную пляцоўкі, якія вельмі патрэбны падрастаючаму пакаленню. У мінулым годзе адзін з дамоў артбазы заняў прызавое месца ў конкурсе па добраўпарадкаванні, выдзеленыя сродкі накіраваны на набыццё і ўсталяванне інвентару.
Калісьці на гэтым полі былі драўляныя вароты, пазней усталявалі металічныя. Не так даўно нацягнулі валейбольную сетку, у хуткім часе будзе ўсталяваны шчыт для баскетболу. Брусы для заняткаў спортам таксама вельмі любяць не толькі мясцовыя хлопцы, а і дзяўчаты.
— Вось нам бы хутчэй некалькі лавак дапамагла ўсталяваць камунальная служба ды машыну пяску прывезлі… — кажа Мікалай Аркадзьевіч. — Трэба ж дзесьці пераапрануцца спартсменам, свае рэчы пакласці ды і балельшчыкам пасядзець.
Мікалай Баркоўскі разам з Васілём Цімоніным, Сяргеем Расказавым і іншымі аднадумцамі не могуць прайсці міма, калі хтосьці псуе лаўкі, ламае дрэвы, смеціць… Яны любяць свой родны край і імкнуцца, каб ён выглядаў прывабна. Іх патрыятызм праяўляецца не на словах, а справамі на карысць усім, хто жыве побач.
Так, напрыклад, у гэтым годзе Мікалай Аркадзьевіч раздрукаваў 20 аб’яў з прапановай арганізаваць суботнік. І няхай не так і шмат паўдзельнічала актывістаў, аднак яны ёсць. Гэта ўжо радуе.
— Я заўсёды кажу: перш чым патрабаваць ад мясцовай улады, зрабіце штосьці самі, — кажа мой суразмоўца.
Васіль Цімонін і зараз пры сустрэчы з дзецьмі цікавіцца іх спартыўнымі дасягненнямі. Пакуль ішоў мне насустрач, паспеў дзяўчатам паказаць, як трэба правільна трымаць руку пры падачы ў валейболе. Як кажуць: настаўнікі і на заслужаным адпачынку настаўнікі, тым больш такія як Васіль Аляксеевіч. Мужчына 20 гадоў адпрацаваў у Бароўскай сярэдняй школе настаўнікам фізкультуры, некалькі гадоў яшчэ выкладаў дапрызыўную падрыхтоўку. Потым каля 13 гадоў быў трэнерам у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры “Істра” ў Падмаскоўі. Зараз настаўнік вышэйшай катэгорыі пражывае ў Бароўцы — на ўлонні маляўнічай прыроды, падтрымлівае сябе ў выдатнай форме і імкнецца падлеткаў далучыць да актыўнага і здаровага ладу жыцця.
Не можа Васіль Аляксеевіч назіраць, калі штосьці на спартыўнай ці дзіцячай пляцоўцы не так, хвалюецца за здароўе дзяцей, адразу б’е трывогу.
Не адказваюць у дапамозе і вайскоўцы. Калі трэба штосьці падвезці — выдзяляюць транспарт, калі патрэбна фізічная сіла — таксама адгукаюцца.
— У нас вельмі добрыя пляцоўкі, дзе мы з сябрамі гуляем у футбол і валейбол. Летам з хлопцамі з самай раніцы бавім час на вуліцы. Таксама любім падцягвацца і чакаем, калі нам усталююць баскетбольнае кальцо, — кажа Ваня Баранаў, які скончыў 6-ы клас Бароўскай сярэдняй школы.
Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.