Живая летопись

img_7858У № 56 (11821) нашай газеты за 14 ліпеня бягучага года быў апублікаваны матэрыял пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Франца Чыжэўскага. У тым артыкуле было прыведзена шмат успамінаў пра падзеі ваеннага ліхалецця. І хоць былому франтавіку ўжо споўнілася 98 гадоў, ён мае выдатную памяць і распавёў шмат цікавых фактаў з мірнага да- і пасляваеннага жыцця.

На вялікі жаль, па шэрагу аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын мы мала ведаем пра жыццё населеных пунктаў Домжарыцкага сельсавета. Аб’ектыўная прычына заключаецца ў тым, што вёскі Домжарыцкага сельсавета знахо­дзяцца ў значнай аддаленасці ад г. Лепеля. Напрыклад, вёска Крайцы, дзе жыве Франц Ула­дзіміравіч, размешчана амаль за 50 кіламетраў ад райцэнтра. Да аб’ектыўных можна аднесці той факт, што да 1960 года Домжарыцкі сельсавет не ўваходзіў у склад Лепельскага раёна. Аднак пра ўсё па парадку.
Акрамя Франца, ва Ула­дзіміра і Кастусі Чыжэўскіх гадаваліся таксама сын Іосіф і 2 дачкі – Вікенція і Ядвіся. Сям’я жыла на хутары Чыжэўшчына.
– У нашым наваколлі сярод пушчы былі раскіданы шматлікія хутары, – так старажыл называе тагачасныя сялянскія сядзібы. – Мясцовыя паны былі зацікаўлены, каб навакольныя землі засяляліся, па таннай цане выдзялялі сялянам на­дзелы, забяспечвалі лесам для будоўлі. У вёсцы Пераходцы, напрыклад, быў панскі двор. Праўда, прозвішча пана не памятаю. А ў Пастрэжжы жылі паны Ясевічы… Мясцовыя жыхары прытрымліваліся каталіцкага веравызнання і наведвалі касцёл у мястэчку Дзедзілавічы.
Зараз Дзедзілавічы – вёска ў Барысаўскім раёне, якая знаходзіцца на мяжы з Лепельскім.
Уладзімір Чыжэўскі быў добрым цесляром, разам з братамі Браніславам і Аляксандрам няблага зарабляў тым, што майстраваў розныя вырабы з дрэва. Асабліва неблагія заробкі яны мелі, калі наймаліся накрываць пабудовы гонтам (спецыяльна напілаванымі шырокімі тонкімі дошкамі) або драніцай (адмысловым чынам нашчапанымі палоскамі драўніны). Аднак у 1932 годзе бацьку па ілжывым даносе арыштавалі, на радзіму ён не вярнуўся.
Затым сям’і прыйшлося перанесці шмат выпрабаванняў: калектывізацыя, ссяленне з роднага хутара ў вёску Крайцы, праца ў калгасе, вайна, акупацыя, удзел у партызанскім атрадзе… Пасля вызвалення Франца прызвалі ў армію. Дахаты ён вярнуўся ў 1946 годзе, бо пасля ранення і дэмабілізацыі не мог несці страявую службу.
– Дадому ішоў ад Барысава пешшу. Было шмат радасці, бо застаўся жывы, хоць і паранены, што перамаглі. Было прыемна адчуваць, што знаходжуся дома пасля такіх выпрабаванняў і перажыванняў…
– А далей была праца ў калгасе. Запаведнік у Домжарыцах пасля вайны не адразу аднавілі: некалькі гадоў у мясцовых вёсках былі калгасы. Напрыклад, у вёсцы Кветча дзейнічаў калгас «Новае жыццё», у Пастрэжжы – «Рассвет», у Домжарыцах – імя Максіма Горкага, у Забаенні – імя Валадарскага. У Пераходцах калгас меў назву «Чырвоны маяк», бо там каля вёскі знаходзілася вышка, якая і называлася маяком (хутчэй за ўсё размова ідзе пра геадэзічны знак – аўт.). У вёсцы Крайцы калгас меў назву «Чырвоны ўдарнік», якім кіраваў старшыня Іосіф Аўтушка. Наш калгас, скажу шчыра, быў слабы, бедны. Ды і адкуль жа будзе заможнасць, калі на 16 сем’яў мелася толькі 46 гектараў зямлі?
Атрымліваецца, што ў сярэднім на сям’ю прыпадала ўсяго каля 3 гектараў зямлі. Варта задумацца: гэта мала ці шмат? На першы погляд можа падацца, што 3 гектары на сям’ю – даволі шмат, некаторыя сучасныя дачнікі і 6 сотак не даглядаюць. Аднак варта мець на ўвазе, што зямля была асноўнай крыніцай даходу для вяскоўцаў. З гэтых даходаў трэба было ў першую чаргу выканаць абавязацельствы перад дзяржавай: заплаціць падаткі, зрабіць абавязковыя пастаўкі сельгаспрадукцыі, а таксама разлічыцца з машынна-трактарнай станцыяй за работу тэхнікі і механізатараў. Лю­дзям такім чынам заставаліся невялікія грошы. Атры­маць жа дадатковыя заробкі ў сялян магчымасці не было.
Тэарэтычна можна было б павялічыць плошчы ворыўных земляў калгаса за кошт высякання лесу або меліярацыі, асушэння навакольных балот, але для выканання такіх значных праектаў патрэбны былі б, адпаведна, такія ж вялікія працоўныя рэсурсы і грошы. Аднак у пасляваенных беларускіх вёсках гэтага не хапала. У канцы 1950-х гадоў Домжарыцкі сельсавет цалкам увайшоў у склад Бярэзінскага біясфернага запаведніка.
– У сваім калгасе «Чырвоны ўдарнік» я пачаў працаваць конюхам яздовым, – успамінае Франц Чыжэўскі. – Маёй галоўнай задачай была дастаўка старшыні Іосіфа Антонавіча на палі калгаса, у Домжарыцкі сельсавет. Рэгулярна наведвалі райцэнтр Бягомль, некалькі разоў выпраўляліся ў Барысаў.
Франц Уладзіміравіч успамінае населеныя пункты на барысаўскім напрамку: вёскі Ніўкі, Мсціж, Іканы, Зембін і Весялова.
У сярэдзіне 1950-х гадоў за кошт калгаса была набыта машына-палутарка. Старшыня ездзіў ужо на ёй, а Франц Уладзіміравіч быў пераве­дзены рабочым. Неўзабаве калгас расфарміравалі, землі былі перададзены запаведніку. Сюды ж прыйшоў працаваць і ветэран.
У 1960-м годзе ў Савецкім Саюзе праводзілася рэформа тэрытарыяльна-адміністрацыйнага падзелу, падчас якой скасоўваліся некаторыя невялікія раёны. Так, пад гэтую рэформу патрапіў Бягомльскі, тэрыторыя якога была падзелена паміж Докшыцкім, Барысаўскім і Лепельскім. У склад апошняга ўвайшоў і Домжарыцкі сельсавет.
На развітанне мы пажадалі Францу Уладзіміравічу моцнага здароўя, душэўнай трываласці, добрага настрою і паболей такіх цёплых сустрэч, каб ён змог падзяліцца з намі сваімі ўспамінамі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.