Жніво ў Лепельским раёне пачалося

183На мехдвары СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК” у апошнія дні назіраецца заўважнае ажыўленне — да першага выезду на поле рыхтуюцца збожжаўборачныя камбайны. Усяго ў гаспадарцы сем зернеўборачных агрэгатаў.

Аснову парка, шэсць камбайнаў, складаюць GS-12 вытворчасці прадпрыемства “Гомсельмаш”, яшчэ адзін, КЗС-10, таксама гомельскі, з’яўляецца самым старым.
Усяго ў “Заазер’і” трэба ўбраць каля 2800 гектараў. Такім чынам, намінальна на кожны камбайн прыпадае не менш як па 400 гектараў — самая высокая нагрузка з усіх сельгасарганізацый раёна. Аднак слова “намінальна” азначае, што ў жыцці гэтая норма не вытрымліваецца. Не могуць усе машыны на працягу сезона адпрацаваць без збояў, абавязкова некаторыя будуць вымушаны станавіцца на экстраны рамонт, тым самым павялічваючы нагрузку на іншых. Вось і атрымліваецца, што сёлета кожнаму экіпажу трэба разлічваць на тое, што давядзецца зжаць яшчэ больш — да 450 гектараў.
Першым выпрабаваннем па традыцыі павінна стаць уборка азімага рапсу. Увосень яго было пасеяна 280 гектараў, з якіх 80 га з-за неспрыяльных умоў надвор’я зімой загінула. Увесну былі пасеяны яшчэ 172 га рапсу яравога. Затым будуць 1518 гектараў азімых збожжавых: 572 га жыта, 373 га пшаніцы і 573 га трыцікале. Яравы клін у “Заазер’і” сёлета налічвае 900 гектараў, з іх 334 га ячменю, 138 га аўса, 245 га пшаніцы і 183 га зернебабовых (гароху). Па словах аграномаў, сёлета ў гаспадарцы ў асноўным неблагія віды на ўраджай. Пры сяўбе былі вытрыманы аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, своечасова ўнесены ўгнаенні, праведзены ўвесь цыкл апрацовак па абароне ад хвароб, пустазелля і шкоднікаў.
Леанід Аляксеенка разам з памочнікам Віктарам Хрышчанкам даводзяць да ладу свой GS-12. Камбайн 2011 года выпуску, раней на ім некалькі гадоў працаваў Генадзь Мірановіч. Уважлівыя чытачы, магчыма, успомняць гэтае імя, яно не раз узгадвалася ў мінулагодніх зводках перадавікоў жніва. Перадаючы збожжаўборачную машыну, Генадзь расказаў пра ўсе недахопы, дэталі, на якія трэба звярнуць асаблівую ўвагу, што трэба ў першую чаргу адрамантаваць.
За апошнія дні хлопцы памянялі грохат. Стары быў няўдала сканструяваны, пярэдняя прыстаўка была занадта цяжкая, што прыводзіла да разбалансіроўкі і пераломвання. На працягу эксплуатацыі пад час выяўлення канструкцыйных недахопаў інжынеры “Гомсельмаша” прыслухаліся да камбайнераў. Зараз камбайны выпускаюцца з меншай пярэдняй прыстаўкай на грохаце, што павысіла трываласць дэталі. І цяпер Леанід з Віктарам паставілі новы грохат, камбайн будзе працаваць надзейна.
— Мы ўжо ператрэслі амаль увесь камбайн, — з гумарам кажа Леанід, — запусцілі рухавік, пракруцілі малацільныя механізмы, разагналі пацукоў, якія там зімавалі. Змазалі падшыпнікі, нацягнулі ланцугі і рамяні, убралі смецце, якое назбіралася за некалькі месяцаў захоўвання. Перагледзелі рухавік і хадавую — нараканняў няма. Засталося замяніць тармазныя дыскі ды адрамантаваць і заправіць кандыцыянер. Мы падалі заяўку кіраўніцтву на тармазныя дыскі і помпу для кандыцыянера, абяцалі ў бліжэйшыя дні прывезці. Потым прыедуць рамонтнікі са спецыялізаванай фірмы, заправяць кандыцыянеры — і тэхніка будзе гатовая да працы ў полі.
Хлопцам, пакуль не прывезлі запчасткі, застаецца займацца рамонтам жняяркі, там трэба памяняць некалькі сегментаў і пальцаў, наладзіць яе для ўборкі рапсу.
А вось бацька і сын Уладзімір і Уладзіслаў Стаднікі ўжо цалкам навялі свой камбайн. Тэхніка гатовая хоць сёння да выезду на поле. Уладзімір сам атрымліваў камбайн у 2012 годзе, кожны сезон працуе толькі на ім, другі год Уладзіслаў дапамагае бацьку ў якасці памочніка. Хлопец, дарэчы, сёлета скончыў другі курс аграрна-тэхнічнага каледжа, у полі атрымае выдатную практыку.
— Ваш камбайн нават знешне выдатна адрозніваецца ад іншых — дагледжаны, іржы няма, падцёкаў масла, — заўважаю.
— Таму што за тэхнікай глядзець трэба, — парыруе Уладзімір. — 70-80 працэнтаў даўгавечнасці і надзейнасці тэхнікі залежыць ад людзей, якія яе эксплуатуюць. Калі з самага пачатку камбайн ці трактар даглядаць, своечасова рамантаваць, то і ён цябе ніколі не падвядзе. А калі сёння карыстаецца адзін, заўтра — другі — толку не будзе, адна шкода.
У далейшых размовах і камбайнеры, і спецыялісты, і кіраўнік гаспадаркі Алег Данчанка выказваліся, што ў бліжэйшыя тры-пяць дзён зернеўборачная тэхніка будзе цалкам гатовая да выезду. Да гэтага часу якраз прыйдуць і спрыяльныя агратэхнічныя тэрміны ўборкі. Галоўным жа стрымліваючым фактарам пакуль што з’яўляюцца неспрыяльныя ўмовы надвор’я, дажджы.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Уладзімір Стаднік ля свайго камбайна.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.