Жніво ў раёне пачалося

363Некалькі гаспадарак раёна пачалі ўборачныя работы. Камбайнеры КУВСГП “Лепельскае” ўжо больш за тыдзень абмалочваюць пасевы азімага рапсу, які выспявае самы першы. Пасля абмалоту палёў у наваколлі Грыгаравічаў камбайны пераехалі за колішнюю вёску Ліпкі. Следам на рэдакцыйным аўтамабілі скіраваўся і аўтар гэтых радкоў.
Тры камбайны стаялі на ўскрайку зжатага палетка, яшчэ адзін завяршаў абмалот. Камбайнеры сабраліся ля “Жыгулёў”, на якіх прыехала галоўны аграном гаспадаркі Святлана Астапенка, каб абмеркаваць вынікі працоўнага дня, прыкінуць планы на дзень наступны.
Агульная плошча поля Глінішча — каля дзесяці гектараў, чатыры камбайны яго ўбралі лёгка. Праўда, ураджайнасць зусім слабая, каля васьмі цэнтнераў з гектара. Асноўная прычына — неспрыяльная зіма. Яна амаль увесь час была цёплая, сярэдняя тэмпература — каля нуля. Толькі на зусім непрацяглы час ударылі моцныя, да 20 градусаў, маразы. Пры гэтым вышыня снегавога покрыва вагалася ад пяці да дзесяці сантыметраў. Зерневыя культуры, асабліва жыта, перазімавалі добра. А вось культуры алейныя, у якіх шырокія лісты, успрынялі такія ваганні надвор’я вельмі балюча. У некаторых гаспадарках, такіх як, напрыклад, ААТ “Лядна”, азімы рапс давялося перасяваць на ўсе сто працэнтаў. Палеткі апрацоў­валі, падкормлівалі, аднак на значныя, дастатковыя ўнясенні не хапі­ла грошай. Звычайна прывык бачыць палі, дзе азімы рапс дасягае плячэй дарослага мужчыны, густы настолькі, што па ім прайсці цяжка. На Глінішчы ж сцяблы рапсу ледзь даставалі да пояса, стручкі былі тоненькія. Відаць, што насення ў іх утрымлівалася няшмат.
Праблема з недахопам грошай праяўляецца і цяпер, на завяршальнай фазе сельскагаспадарчага цыклу. Чатыры камбайны рыхтаваліся спыняць працу, хаця да наступлення ночы было яшчэ каля чатырох гадзін, якія можна было б цалкам выкарыстаць. Прычына — недахоп дызельнага паліва. На дзень працы на камбайны выдзелена па 200 літраў.
Аднак што такое 200 літраў на агрэгат, у якім магутнасць рухавіка вылічваецца ў 300 — 400 конскіх сіл? Некалькі гадзін напружанай працы — і няма 200 літраў. Асабліва шмат паліва выкарыстоўваецца на працы на невялікіх палетках, дзе даводзіцца манеўраваць. Дададзім яшчэ пераезды з поля на поле, калі дзесяцітонная махіна выкарыстоўвае ад дзесяці і больш літраў паліва. Мужчыны стаялі і чакалі рашэння кіраўніцтва гаспадаркі: прывязуць дызельнае паліва — будуць далей працаваць, не прывязуць — можна збірацца і ехаць дахаты.
А пакуль час ёсць, яны абслугоўваюць камбайны: зразаюць намоткі на матавілах, вычышчаюць рэшаты і грохаты. Дарэчы, у апошнія некалькі дзён надвор’е было адносна сухое, шмат свеціць сонца, таму сцяблы і стручкі таксама сухія, малацільныя і правейваючыя механізмы не дужа засмечваюцца. Акрамя гэтага, трэба змазаць злучэнні, праверыць падшыпнікі.
Алег Віткоўскі і Яўген Сімака працуюць на, лічы, новым камбайне. Паступіў ён у КУВСГП “Лепельскае” амаль у разгар леташняга жніва, 31 ліпеня. Мужчыны стараюцца даглядаць яго як след, берагуць знову.
Яўген расказвае:
— Левую палову поля (рэльефам поле нібы дзеліцца надвое) летась пераворваў я. Парадавала, што справа ўдалася на славу, глеба роўненькая, камбайн ішоў лёгка, без штуршкоў. А вось другую палову пераворваў іншы. Відаць, што рабіў гэта цяп-ляп, калеі і няроўнасці коламі адчуваюцца рэгулярна. І дрэннае, няякаснае ворыва ў далейшым ніякай культывацыяй ці чызеляваннем не выправіш. 362
За першыя дні ўборачных работ працаўнікі КУВСГП “Лепельскае” зжалі 80 гектараў азімага рапсу са 134, прызначаных да ўборкі. За дзень абмалочваецца па 30 — 40 гектараў. Усяго намалацілі 120 тон насення пры сярэдняй ураджайнасці каля 15 цэнтнераў з гектара. Варта прызнаць, што такі паказчык не вельмі добры, пры такой ура­джайнасці вырошчванне рапсу толькі-толькі становіцца рэнтабельным. Пры ніжэйшай — вытворца нясе страты. Насенне пасля ачышчэння і прасушкі будзе адпраўлена пакупнікам — на Віцебскі алеяэкстракцыйны завод.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: Алег Віткоўскі абразае намотку з матавіла; камбайн працуе поў­ным ходам.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.