Жыватворная памяць сэрца

228Няўмольна бяжыць час, з кожным годам усё менш застаецца сведкаў далёкіх ваенных падзей, пакідаюць жыццё ветэраны. І кожны раз у час сустрэчы з імі адчуваю асаблівае хваляванне. Хочацца нізка пакланіцца ім, выказаць найлепшыя пажаданні і шчырую ўдзячнасць за падоранае жыццё.
Перад пачаткам мітынгу плошча Свабоды зіхацела рознакаляровымі шарамі і кветкамі, светлымі ўсмешкамі дарослых і дзяцей, якія сталі гасцямі свята. Пад пранікнёныя гукі жалобнай музыкі прадстаўнікі мясцовай улады, работнікі гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў усклалі вянкі да брацкіх магіл у гарадскім скверы. Ганаровае месца перад трыбунай занялі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.
Па традыцыі на святочны мітынг быў вынесены вымпел горада “За стойкасць і мужнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Прагучаў дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.
Са шчырымі віншаваннямі, цёплымі пажаданнямі да прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра. Раптам плошча напоўнілася бадзёрымі гукамі беларускіх народных песень, і ўсе госці апынуліся ў святочным віры. Сваім танцавальным майстэрствам, зладжанасцю і грацыёзнасцю рухаў уразілі ўсіх юныя прыгажуні — удзельніцы заслужанага аматарскага фальклорнага калектыву “Сунічкі”, узорнага ансамб­ля танца “Зачаравашкі” і ансамбля танца “Затея” дзіцячай школы мастацтваў, якія выдатна выканалі беларускі народны танец “Лявоніха”. Гледачы падтрымалі ўдалае выступленне артыстаў шчырымі апладысментамі.227
Цёплыя святочныя словы віншаванняў адрасаваў ветэранам, лепяльчанам і гасцям старшыня раённага Савета ветэранаў Васіль Майзус. Немагчыма было стрымаць слёз, калі пад пранікнёныя гукі музыкі дзеці падыходзілі да ветэранаў, выказвалі ім цёплыя пажаданні і дарылі кветкі. Хвілінай маўчання была ўшанавана памяць аб мужных абаронцах Айчыны.
Шчырыя пажаданні шаноўным ветэранам вайны і ўсім гасцям ад імя маладога пакалення прысвяціў вучань адзінаццатага “А” класа сярэдняй школы №3 Вадзім Мядзведзеў. Цудоўны настрой удзельнікам мітынгу падарыла выступленне юных выхаванцаў узорнага духавога аркестра Лепельскага цэнтра дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Віталя Піскунова, узорнага аркестра Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў, якім кіруе Мікалай Гегельскі. Яркім акордам свята стала непаўторнае выступленне ўдзельніц ансамбля барабаншчыц-мажарэтак пад кіраўніцтвам Дзіяны Былінскай. Вытанчаныя рухі дзяўчат, іх павольнасць пад бой барабанаў выразна дапоўнілі рытмічныя акорды музыкі.

229З цёплым віншаваннем да ветэранаў і ўсіх удзельнікаў свята звярнуўся начальнік Заслонаўскага ваеннага гарнізона гвардыі палкоўнік Мікалай Міклашэвіч. Гучыць загад пачаць святочны парад. Па плошчы ідуць стройныя калоны афіцэраў, прапаршчыкаў і салдат тэрміновай службы. Услед за імі маршыруюць члены Лепельскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. Бадзёрым маршам прайшлі таксама па плошчы Свабоды ўдзельнікі духавога аркест­ра 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады.
* * *
Перад уваходам у парк раскінуліся багатыя гандлёвыя шэрагі Лепельскага райспажыўтаварыства. Пакупнікі ахвотна набывалі кулі­нарныя, кандытарскія і мясныя вырабы, ахаладжальныя напоі. Тут жа можна было пачаставацца свежым шашлыком. Уразілі гледачоў прыгажосцю непаўторныя творы, прадстаўленыя на выставе “Карункі роднай Беларусі”. Нікога не пакінулі раўнадушным работы юных выхаванцаў аб’яднанняў па інтарэсах Лепельскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Прыгожыя пано, вырабы з бісеру, адзенне, звязанае спіцамі і кручком, разнастайныя ўпрыгажэнні, вышыўка, гліняныя вырабы… Проста вочы разбягаліся ад яркіх работ, дзе ў адзінай гармоніі спалучыліся фантазія і творчае натхненне. Шмат гледачоў сабралася ля непаўторных твораў майстроў Лепельскага раённага Цэнтра рамёстваў, дзе былі прадстаўлены беларускія нацыянальныя строі, паясы, ручнікі, прыгожыя сувеніры. Вабілі вока лялькі, творы, вырабы з саломкі і многія іншыя. Яркія работы выставілі на суд гледачоў рамеснік, кіраўнік гуртка “Цестапластыка” Алена Смірнова, майстар-метадыст, кіраўнік гуртка “Абпал керамікі” Наталля Буйлова. Уразілі сваім хараством габелен, роспіс па шкле Вольгі Ганчар, майстра саломапляцення Святланы Чэрнікавай, вырабы з лазы Розы, Уладзі­міра Смірновых і іншых выдатных майстроў. Народныя ўмельцы ахвотна дзяліліся з гледачамі сваім майстэрствам, праводзілі майстар-класы. Тут жа была арганізавана бяспройгрышная латарэя.
Звонкія мелодыі песень паклікалі гасцей у летні амфітэатр, дзе юныя артысты і выкладчыкі Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў выступілі з цудоўным канцэртам “Дзякуй дзеду за Перамогу!”
І дарослыя, і дзеці прынялі актыўны ўдзел у гульнёвай праграме “Эх, шлях дарожка-франтавая!”
Хіба можна ўявіць свята Перамогі без паходнай кухні? Разам з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны шмат гасцей пажадала пакаштаваць смачнай салдацкай кашы. І дарослых, і дзяцей зацікавіла выстава ваеннай зброі. Многія пажадалі праявіць сваю вынаходлівасць у атракцыёнах, дзеткі весяліліся ў паветраным замку, каталіся на каруселях.230
Шмат яркіх святочных сюрпрызаў для гасцей было падрыхтавана і вечарам. Незабыўныя ўражанні пакінуў у гледачоў канцэрт “Вітаем квітнеючы май!”, з якім у летнім амфітэатры выступілі артысты гарадскога Дома культуры. Напрыканцы свята вечаровае неба расквеціў святочны феерверк. Да апоўначы ўзнімалі настрой гасцям рытмы дыскатэкі.
Святлана
СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымках: яркія моманты свята.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.