Злёт юных пажарных

0009-015-Pozhary Напрыканцы красавіка ў Наваполацку праходзілі занальныя спаборніцтвы клубаў юных выратавальнікаў-пажарных, на якіх Лепельшчыну прадстаўляла каманда гімназіі. Нагадаем, нядаўна яна перамагла ў раённых спабор­ніцтвах, заваявала пуцёўку ў Наваполацк.

Перад паездкай была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа. Для ўсіх удзельнікаў была пашыта форменная вопратка, спецзаказ быў выкананы на ААТ “Лепельпрамшвеймэбля”, фінансаваў яго РАНС. У трэніроўках дзецям дапамагаў супрацоўнік інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС лейтэнант унутранай службы Ягор Зіноў, ён займаўся страявой падрыхтоўкай, практыкаваннямі са штурмавой лесвіцай, агульным павышэннем ведаў для ўдзелу ў конкурсах. Вядома, паездка была б немагчымай без аддзела адукацыі, спорту і турызму, які прадаставіў аўтобус.

Перад пачаткам спаборніцтваў школьнікі і настаўніца Вікторыя Быкава вельмі хваляваліся, настройваліся на вострую барацьбу, чакалі моцнай канкурэнцыі, асабліва з боку гаспадароў. Аднак з пачаткам першага конкурсу — агляду строю — хваляванне знікла, саступіўшы месца сабранасці, засяроджанасці. Вынік — першае месца ў першым жа конкурсе.

Другім конкурсным заданнем было практыкаванне з штурмавымі лесвіцамі (занялі трэцяе месца). У астатніх трох конкурсах — знатакоў, візітная картка і відэаролік — займалі толькі першыя месцы. Такім чынам, у агульным заліку каманда Лепельскага раёна заняла першае месца.

Лепшым камандзірам на спаборніцтвах быў прызнаны Валерый Ждановіч з 11 “Б” класа. Ён асабіста ўзначальваў групу на практыкаваннях са штурмавой лесвіцай, у склад якой уваходзілі  Кірыл Кузьмічонак з 10 “Б”, Уладзіслаў Сотнікаў з 9 “Б”, Ягор Пузанаў з 9 “В”. Лепшым знатаком была Насця Пучкова з 9 “Б” класа.

Фінальныя спаборніцтвы клубаў юных выратавальнікаў-пажарных пройдуць у бліжэйшы час у Віцебску.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.