Значительный этап в истории

frontpage-730x405БССР — цэлая эпоха ў гісторыі, якая праіснавала амаль усё XX стагоддзе і стала падмуркам для сучаснай беларускай дзяржаўнасці.
Станаўленне беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове адбывалася ў надзвычай складаных геапалітычных умовах: Першая сусветная вайна, Кастрычніцкая рэвалюцыя і Грамадзянская вайна.
Своеасаблівай кропкай адліку фарміравання беларускай дзяржаўнасці з’яўляецца Першы Усебеларускі з’езд, скліканы ў снежні 1917 года пры фінансавай падтрымцы ўрада Савецкай Расіі. Абранаму на гэтым з’ездзе органу павінна была перайсці ўся ўлада на тэрыторыі Беларусі. У рэзалюцыі з’езда адзначалася, што дэлегаты пастанавілі “вылучыць са свайго складу орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў”. Аднак працэс фарміравання беларускай дзяржаўнасці быў спынены.
Белнацкам заклаў асновы будучай беларускай савецкай дзяржаўнасці. Разам з беларускімі секцыямі РКП (б) ён вёў палітычную і культурна-асветніцкую працу сярод беларусаў на тэрыторыі Савецкай Расіі.
Важным крокам на шляху нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння Беларусі з’явіліся рашэнні канферэнцыі беларускіх секцый РКП(б), якая адбылася ў снежні 1918 года ў Маскве. Канферэнцыя прызнала неабходным стварэнне Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі. Фактычна пытанне пра самавызначэнне Беларусі вырашылася ў апошні тыдзень снежня 1918 года, калі Цэнтральнае партыйнае і савецкае кіраўніцтва пагадзілася на абвяшчэнне незалежнай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі.
Ужо 30 снежня 1918 года ў Смаленску пачала работу VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП (б), якая абвясціла сябе I з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. Паводле дырэктывы ЦК РКП (б) у даклад Аляксандра Мяснікова па пытанні “Бягучы момант” быў уключаны пункт “Беларуская Савецкая Рэспубліка”, які змяшчае прапанову абвясціць Заходнюю камуну самастойнай сацыялістычнай рэспублікай. Дэлегаты прынялі агульную рэзалюцыю аб абвяшчэнні Заходняй камуны Беларускай Савецкай Рэспублікай.
У той жа дзень была прынята Пастанова аб тэрыторыі Беларусі.
Увечары першага студзеня 1919 года быў канчаткова сфарміраваны Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі. Старшынёй урада быў зацверджаны Дзмітрый Жылуновіч. У гэты ж дзень па радыё быў абнародаваны Маніфест Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі і ў ноч з першага на другога студзеня надрукаваны. У тэксце Маніфеста Беларусь абвяшчалася “свабоднай незалежнай Сацыялістычнай Рэспублікай”, замацоўваліся асноўныя палажэнні яе грамадскага і палітычнага ладу.
Негатыўны ўплыў на дзяржаўнае будаўніцтва аказала польска-савецкая вайна. Пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі ад польскіх інтэрвентаў у ліпені 1920 года савецкім кіраўніцтвам было вырашана паўторна абвясціць Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку Беларусь.
Грамадзянская вайна ў Расіі, якая працягвалася больш за чатыры гады, завяршылася восенню 1922 года: савецкая ўлада канчаткова замацавалася ў краіне.
Інтэграцыйны працэс атрымаў далейшае развіццё ў перыяд мірнага будаўніцтва і аднаўлення гаспадаркі.
Важнай палітычнай падзеяй стаў IV Усебеларускі з’езд Саветаў, на якім былі прыняты “Асноўныя пункты Канстытуцыі Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік”.
Значным этапам для далейшага паспяховага развіцця беларускай дзяржаўнасці быў перыяд яе існавання ў складзе Савецкага Саюза. Савецкая Беларусь стала адной з рэспублік-заснавальніц СССР і цэнтрам яднання беларускіх земляў і беларускага народа ў адзінай беларускай дзяржаве.
На працягу студзеня ў Лепельскім краязнаўчым музеі ў зале гісторыі 20-30 гадоў ХХ стагоддзя праходзіць выстава “100 гадоў БССР. Эпоха. Людзі. Дакументы”. Загадзя падрыхтаваліся работнікі музея на чале з дырэктарам Алінай Стэльмах да экскурсіі, якая называецца “100 гадоў БССР. Эпоха ў гісторыі Лепельшчыны”. Разлічана мерапрыемства на шырокую аўдыторыю. Даведацца аб гісторыі Лепельшчыны ў час існавання Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі могуць школьнікі, студэнты, сем’і, калектывы прадпрыемстваў… У даступнай форме можна азнаёміцца са стварэннем БССР, параўнаць, як змяняліся наш герб, сцяг, гімн. На карце можна ўбачыць межы БССР у 1926-1946 гадах. Змешчаны таксама фотаздымкі знакамітых дзеячаў і падзей той эпохі. Для гісторыкаў, лічу, яны маюць пэўную сакральную значнасць. Удзелена дастатковая ўвага і святкаванню 50-годдзя БССР. Нават віншаванні з вышэйшых інстанцый захаваліся.
Сучасная моладзь не вельмі цікавіцца гісторыяй. У Лепельскім краязнаўчым музеі вядзецца вялікая работа для таго, каб вывучэнне мінулага ў школьнікаў і студэнтаў было насычаным і рознабаковым. Праз такія экскурсіі ёсць магчымасць дакрануцца да мінуўшчыны, не толькі прачытаць звесткі ў кніжцы, а і ўбачыць розныя экспанаты. Такія ўрокі застаюцца ў памяці дзяцей на больш працяглы час. Хтосьці, магчыма, пажадае глыбей пазнаць старонкі гісторыі і наведае пазнавальную выставу.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.