Знакомились с японским языком, осваивали танцы (хит-хоп и бит-бокс), ходили в бассейн и в кино

img_0644 На канікулах вучні СШ №1 дзевяцікласнікі Марыя Сушко, Ганна Бахарава, Карым Гайсёнак, Артур Кульба і сямікласнікі Галіна Шрамко, Дар’я Еўтушэўская, Яўген Піпко, Анастасія Алейнік, Аляксандра Міснік, Анастасія Саўчанка, Кірыл Стрыжнёў, Арцём Кліменка пабывалі ў “Зубраняці”.

Ездзіў цэлы тузін, а распавядае адна Маша. Іншыя ж слухаюць, згодна ківаюць галовамі, зрэдку ўстаўляюць сваё слова. Вось так і атрымліваецца, што “сямёра аднаго слухаюць”. Кажу вобразна, перайначыўшы вядомае народнае выслоўе. Бо насамрэч іх і сапраўды набярэцца тузін, разам з кіраўніком “Рэха” Вольгай Зарэцкай, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, якая вядзе ў СШ №1 фальклорны гурток.
Што ж, паслухаем самую ініцыятыўную і самую гаваркую з “дэлегацыі фалькларыстаў” — Марыю Сушко:
— Мы занялі першае месца на раённым конкурсе сярод васьмі каманд, і нас узнагародзілі паездкаю ў “Зубраняці”.
— Было цікава? Што запомнілася?
— Я не магу казаць за ўсіх. Розныя былі моманты: і цікавыя, і не вельмі. Аднак у цэлым мне асабіста спадабалася. І я б яшчэ раз з’ездзіла туды, ужо без каманды. На жаль, гэта каштуе немалых грошай. Жылі мы ў блакітным корпусе, насілі гальштукі блакітнага колеру і значкі, а Вольга Аляксандраўна жыла зусім у іншым корпусе. Нам пашанцавала — утрох пасялілі, а ўвогуле сялілі, з кім давядзецца. З намі, напрыклад, чацвёртай незнаёмая дзяўчынка жыла.
— Дык для таго ж і селяць, каб вы перазнаёміліся, а можа, і пасябравалі.
— Хіба паспееш пасябраваць за дзевяць дзён!?
— І што вы там ужо такога рабілі, што часу не было?
— Першыя дні жорстка рэпетыравалі выступленне.
— Жорстка — гэта як? Не ў тэатры ж Карабаса-Барабаса, не стаялі ж над вамі з бізуном…
Мае суразмоўцы заўсміхаліся.
— Жорстка — гэта настойліва, збіраліся вечарамі і рабілі прагоны.
Яны і сапраўды на сцэне былі пастаўлены ў даволі жорсткія ўмовы, бо трэба было ўсяго за некалькі хвілін паказаць два абрады. Выканалі “Гуканне вясны” і “Жаніцьбу коміна”.
— Сталі пераможцамі?
— На жаль, не. Мы не так часта выступаем. А ўвогуле, выступленні іншых удзельнікаў мне падаліся слабаватымі, акрамя гурта “Катрынка”, які і заняў першае месца.
— Чым яшчэ займаліся?
— Нам давалі майстар-класы па квілінгу, валянні воўны, разьбе па дрэве. Знаёміліся з японскай мовай, асвойвалі танцы (хіт-хоп і біт-бокс), хадзілі ў басейн і ў кіно. Праходзіла гульня “Лепш за ўсіх”. Там дзяўчаты нашы спявалі. Былі і дыскатэкі. Праўда, мы туды не хадзілі.
— А што ўразіла?
— Ікра на стале і чырвоная рыба. Кармілі класна. У мяне акурат на гэты час выпаў дзень нараджэння.
— Віншавалі?
— Проста “каранавалі”. А свае падарылі каробку цукерак.
— Дык няўжо так за дзевяць дзён ні з кім не пазнаёміліся, не дабавілі нікога ў сябры “Укантакце”?
— Чаму ж, чалавекі чатыры дабавіла. Мы пасябравалі з дзяўчатамі, што займаюцца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, і з паэтамі. Адзін хлопчык усё да нас прыходзіў і вершы чытаў.
— У вас быў нават свой П’еро… А каго вы ігралі ў пастаноўках?
— Я была маці, Аня — Вясна, Артур — бацька, Карым — госць, Насця Саўчанка — дачка, астатнія — госці.
— Даўно ўдзельнічаеце ў фальклорным гурце?
— Мы, дзевяцікласнікі, — гады тры.
— А чым займаецеся ў вольны час?
— У кожнага свае захапленні. Аня, напрыклад, займаецца гімнастыкай, іграе на скрыпцы, Карым — на фартэпіяна, Артур танцуе.
— Думалі ўжо пра будучыя прафесіі?
— Артур з Карымам хочуць стаць урачамі. Яны выдатнікі, і ім вельмі падабаецца хімія і біялогія. Аня пакуль не вызначылася. А я з задавальненнем стала б выхавальніцай, вельмі люблю дзяцей.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: удзельнікі фальклорнага гурта “Рэха”, якія ездзілі ў “Зубраняці”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.