Знаменитый домик Бабы Яги остался на память

img_6060Гэтай светлай навагодняй нататцы папярэднічала амаль казачная гісторыя нашага знаёмства. А пачалося ўсё з хаціны Бабы Ягі на курыных лапках. Памятаеце, быў у нашай газеце здымак той цудоўнай работы? Вельмі захацелася пазнаёміцца бліжэй з яе аўтарам. Проста не верылася, што такое хараство зроблена рукамі васьмікласніка. І скантактаваліся мы з Максімам Кулевічам “УКантакце”. Ён паверыў юнаму Дзеду Марозу з маёй аватаркі. Я ж у сваю чаргу закідаў яго пытаннямі. Нам было разам цікава, і ўжо неўзабаве сталі мы сваімі людзьмі, лёгка перайшоўшы на “ты”. У сацыяльных сетках гэта запраста — незнаёмыя ў адначассі становяцца сябрамі.

Так што перш чым ехаць знаёміцца з рэальным хлопчыкам у Пышна, я ўжо збольшага ведаў яго жыццё.
— А ты сапраўды верыш Дзеду Марозу, альбо ўжо перастаў?
— Перастаў-перастаў, — заміж Максімкі адказвае маці Анастасія Анатольеўна. Яна чуе нашу размову. — Яму даўно ўжо Пашка сказаў, што ніякага Дзеда Мароза няма, а падарункі пад ёлку кладзе мамка.
Пашка Урбан — Максімаў сябрук. Сябруюць даўно і моцна, нягледзячы на тое, што той старэйшы і ўжо вучыцца ў каледжы. Старэйшы — дык жа і жыццё лепей ведае. І вучыць гэтаму самаму жыццю Максімку. І на горку на санках катацца браў з сабою. Тыя гады, як снег ляжаў, вучыў, як у лесе правільна зарыентавацца, вогнішча як раскласці. Аднавяскоўцы, аднадумцы, сябры — куды ж ім адзін без аднаго!
Трэба сказаць, што Максім яшчэ і вандроўнік. Любіць паездзіць на веліку, не супраць палавіць рыбку, скажам, на Сверзне, і нават пераначаваць у палатцы. Ну, а вандроўніку сябрава практычная навука вунь як патрэбная.
Аднойчы пазнаёміўся Максім з Раманам Войстрыкам, пляменнікам гаспадара аграсядзібы “Вастрыкоўка”. З таго часу пачаў ездзіць на возера Доўгае, на аграсядзібу. То палаткі паставяць, то на баркасах катаюцца.
Лета, адным словам, прайшло цікава. А ўвосень зноў вярнуўся ў школу і прыступіў да любімых спраў.
Любімыя яго справы — у гуртку па дрэваапрацоўцы ў настаўніка працы Ігара Грышчука. Гэты прадмет хлопчык ледзьве не абагаўляе, зрэшты, як і любімага настаўніка. Ігар Іванавіч у гуртку шмат чаму навучыў падлеткаў — і з лобзікам працаваць, і з разцом, і структуру драўніны ведаць.
Славуты домік Бабы Ягі застаўся на памяць у школе, але шмат якія са сваіх вырабаў захоўвае Максім дома на пачэсным месцы і вельмі імі ганарыцца.
Чаму ж не ганарыцца! Вунь які спрытны драўляны самалёт атрымаўся. Здавалася, яшчэ крыху — і ўзляціць. Даволі філігранная, хоць і ранняя яго работа — рэтрамабіль. Зрабіў класе ў пятым-шостым.
— А як ты яго майстраваў?
— Ігар Іванавіч прынёс фоткі машыны, і мы вырашылі яе змайстраваць. Штосьці выпільвалі лобзікам, штосьці склейвалі. Колы дапамог зрабіць сябар, які быў ужо ў восьмым класе.
Пасля рэтрамабіля змайстравалі яшчэ і танк. І гэта таксама было ўжо параўнаўча даўно, калі Максім быў пачаткоўцам у разбярнай справе.
А пасля таго, як наведалі з маці ва Украіне Белгарад-Днястроўскую крэпасць “Акерман”, вырашыў хлопец зрабіць сякіру. Палез у інтэрнэт, знайшоў адпаведныя малюнкі і прыступіў да справы. Тут ужо і настаўнік дапамагаў на станку вытачыць наканечнік. Гатовы выраб Максім размаляваў звычайнай гуашшу.
Вырабы ўсё новыя і новыя, адзін прыгажэй за другога, выходзяць з-пад яго спрытных умелых рук, а крыніца фантазіі не мялее. Вось і зараз задумаў зрабіць сабе нож і сякеру.
Сваё б захапленне ператварыць яму ў будучую прафесію, каб майстравітыя рукі кармілі і прыносілі дабрабыт. Аднак з прафесіяй пакуль яшчэ не вызначыўся. Вабіць рамантыка службы ў МНС. Які ж хлапчук ніколі не марыў стаць пажарным!
Час пакажа, час прыйдзе рабіць жыццёвы выбар. Ну а пакуль Максімкавы радасці звычайныя, як і ў любога з яго равеснікаў — мяч, вудачка, велік, санкі ці лыжы зімою. А яшчэ камп’ютар і мабільнік — новыя атрыбуты сучаснасці. І, на шчасце, не толькі. Ёсць у майго знаёмага Максіма Кулевіча тая дзіцячая радасць, што дадзена Богам не кожнаму: здольнасць і фантазія — нязменныя спадарожнікі таленту. Хай жа ўсміхнецца яму ў жыцці шчасце!

Уладзімір МІХНО
На здымку: Максім Кулевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.