Знаёмства з лепельскім ксяндзом Уладзімірам

IMG_8714 М - 18  У канцы студзеня да служэння ў касцёле святога Казіміра прыступіў новы ксёндз. Дамовіліся пра зручны час, каб пагутарыць.

— Уладзімір Заянчкоўскі, — прадставіўся суразмоўца. — Нарадзіўся і вырас у Ашмянах Гродзенскай вобласці, вучыўся ў семінарыі ў Гродне, а потым у Легніцы ў Польшчы. Пасля заканчэння яе два гады адслужыў у Сянно, а потым восем у Пастаўскім раёне.

— Якім шляхам вы прыйшлі да служэння?

— Наша сям’я была набожнай, кожныя выхадныя хадзілі ў касцёл. Падлеткавай кампаніяй таксама часта бывалі там. Ксёндз далучаў нас да розных дабрачынных мерапрыемстваў, наведванняў бальніц, шпіталяў, дамоў састарэлых. Я бачыў, наколькі патрэбны гэтыя візіты, як людзі чакаюць нас, хочуць проста пагутарыць, выгаварыцца. А ўвогуле кажучы, не магу вылучыць нейкага асобнага фактара, хутчэй за ўсё ў маім выбары Божая воля.

— Вы, пажыўшы і паслужыўшы на захадзе і ўсходзе Беларусі, можаце параўнаць гэтыя рэгіёны, людзей.

— У заходняй Беларусі, мушу прызнаць, людзі больш рэлігійныя, сем’і традыцыйна па выхадных абавязкова наведваюць касцёл. Ва ўсходняй Беларусі савецкая ўлада 70 гадоў вяла актыўную барацьбу супраць рэлігіі, адвучала сем’і ад веры ў Бога, што несумненна наклала свой адбітак. Аднак, па маіх назіраннях, у касцёл часцей ходзяць жанчыны сярэдняга, старэйшага веку, таму рымска-каталіцкі касцёл можна было б назваць жаноча-каталіцкім. Хаця я б хацеў каб касцёл быў у поўнай меры сямейна-каталіцкім.

Ва усходняй Беларусі многія людзі, часта дарослыя, не задаюць сабе пытанні: “У што я веру? Якія сілы трымаюць мяне ў гэтым жыцці? Які крыж ці камень пакладуць на магілу пасля маёй смерці?” Пры ўсім гэтым я не веру, што ёсць людзі-абсалютныя атэісты. Як толькі напаткаюць цяжкасці, здарыцца бяда, людзі ўспамінаюць Усявышняга. Як кажа беларуская народная мудрасць, “Як трывога – то ўсе да Пана Бога”.

І ўсё ж у Пастаўскім раёне мне вельмі падабалася. Жыў у вёсцы, праводзіў службы ў касцёле і маленькіх капліцах, нарыхтоўваў дровы і паліў печкі, насіў ваду са студні. Такое простае жыццё для мяне было жаданым. І гэта нягледзячы на тое, што нарадзіўся і вырас у горадзе. Сям’я жыла ў кватэры спачатку на трэцім, потым на чацвёртым паверсе. Акрамя гэтага, людзі ў правінцыі, не важна ва усходняй ці заходняй Беларусі, больш адкрытыя, душэўныя, шчырыя. Праўда, раскрываюцца не адразу.

— Вашы папярэднікі ў лепельскім касцёле напрацавалі багатую спадчыну: ёсць храм, гаспадарчыя пабудовы, закладзены традыцыі. Напрыклад, футбольная каманда “Святы Казімір” сур’ёзна заявіла пра сябе на спаборніцтвах, сумесна з байкерамі праводзяцца мерапрыемствы. Гасцёўня пры касцёле стала месцам для рэгулярных збораў падлеткаў, дзе яны гутараць на самыя розныя тэмы, абмяркоўваюць падзеі.

— Усе добрыя пачынанні па меры сіл буду весці і надалей, развіваць іх, шукаць па магчымасці і новыя формы працы. Найперш з сем’ямі, непасрэдна з падлеткамі. На адной з першых сустрэч пазнаёміўся з маладымі людзьмі, яны напачатку не раскрываюцца адразу, прыглядаюцца да новага для сябе чалавека, гэта правільна. Я ўсім ім даў нумар свайго мабільнага тэлефона, прасіў набіраць, звяртацца ў любой цяжкай сітуацыі. Будзем разам, з Божай дапамогай шукаць выйсце.

Яшчэ адна мая мара – зрабіць так, каб наведваць касцёл стала добрай сямейнай традыцыяй. Нездарма мы на кожнай службе ўзносім малітвы аб нашых сем’ях, аб здароўі блізкіх, бо супольная малітва хутчэй даходзіць да Пана Бога. Зыходжу з пастулату, што слова “касцёл” мае некалькі значэнняў. Па-першае, касцёл – гэта арганізацыя, структура, на чале якой стаіць Пантыфік Папа Рымскі. Па-другое, касцёл – храм, куды людзі прыходзяць, каб памаліцца. Ёсць яшчэ адно значэнне слова касцёл – як супольнасць духоўна і душэўна блізкіх людзей. Менавіта гэтая супольнасць дазваляе нам наблізіцца да Божай любові.

— Распавядзіце пра свае захапленні ў жыцці.

— Мушу прызнацца, я заядлы рыбалоў, люблю ў вольную часіну пасядзець з вудай. Між іншым, Ісус Хрыстос набіраў сабе вучняў, апосталаў, менавіта з рыбаловаў. Мае добрыя сябры часта клічуць на азёры. На Лепельшчыне шмат вадаёмаў, аднак пакуль што мне не ўдавалася тут нідзе закінуць вуду. У першыя дні службы вельмі шмат працы: трэба аб’ехаць шмат вуліц, вёсак, пазнаёміцца з людзьмі.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.