Звонкая Масленіца вясну прынесла на Лепельшчыну!

DSC03073— Масленіца залатая,

   Блінная і завадная!

   У свой чароўны карагод

   Закруці ўвесь наш народ!

   Светлай вам вясны жадаем,

   Быць шчаслівымі жадаем! — гучаць са сцэны пранікнёныя радкі, шчыра весяліцца народ, паўсюдна не сціхаюць звонкія спевы і танцы. Вось так, ярка і запамінальна, кожны год у нашым раёне адзначаецца Масленіца ў Бароўцы.

Гісторыя гэтага свята пачынаецца яшчэ з дахрысціянскіх часоў. Са старажытнасці Масленіца азначае праводзіны зімы, якія святкаваліся на працягу чатырнаццаці дзён. Першы тыдзень папярэднічаў дню вясновага раўна­дзенства, другі праходзіў ужо пасля яго. У гэты час халады пачалі ўжо адступаць, а прырода — абуджацца. Зразумела, што людзі з радасцю сустракалі надыход цяпла, паколькі ўсё жывое пачынала настройвацца на новыя рытмы жыцця.

Народныя гулянні праходзілі з асаблівым размахам. Людзі ад душы весяліліся, частаваліся блінамі, іншымі апетытнымі стравамі. Пазней гулянні на Масленіцу скараціліся з двух тыдняў да аднаго і былі звязаны з тыднем, які папярэднічаў Вялікаму посту.

У апошні дзень тыдня заканчваліся ўсе гулянні, і людзі аб’ядаліся блінамі. У гэты дзень было прынята не толькі заканчваць усе гулянні, але таксама прасіць прабачэння.

Традыцыі, якія прайшлі праз стагоддзі, жывуць і ў нашы дні. Шмат гасцей з нагоды свята ў Бароўцы сабралася і сёлета.

З самай раніцы на пляцоўцы перад уваходам у Бароўскі цэнтр культуры і вольнага часу гучалі звонкія акорды песень, узнімалі настрой гасцям вясёлыя  казачныя персанажы: вясёлы Мішка,  гарэзлівы Дракоша, сімпатычны Зайчык і непаседа Малпачка.

Непадалёк ад пляцоўкі быў накрыты святочны стол, на якім гасцям прапаноўваліся свежаспечаныя бліны з тварагом, мёдам, цукровай пудрай і іншыя апетытныя стравы. Немагчыма было адвесці вачэй ад цудоўных вырабаў з бісеру, самаробак, змайстраваных умелымі рукамі выхаванцаў гурткоў Бароўскага філіяла раённага цэнтра дзяцей і моладзі, наведвальнікаў дзённага знаходжання для састарэлых тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцт­ва, а таксама Віцебскага Дома рамёстваў.

Вельмі ўжо пастараліся работнікі ўстаноў, вучні Бароўскай сярэдняй школы, каб свята ўдалося на славу. КУП ДРАЦ “Жамчужына” была наладжана гульня ў дартс, артысты Бароўскага цэнтра культуры і вольнага часу  арганізавалі спаборніцтвы па перацягванні каната і падняцці гіры.

Вершаванымі радкамі прывіталі гасцей Алена Несцерава, Наталля Занько і Алена Матузава. Святочны настрой гасцям падарылі спевы ў выкананні вакальнай групы “Аколіца”. Узнялі настрой гасцям бадзёрыя частушкі ў выкананні Ніны Хрычэнка, спевы Мікалая Мадатава, Віктара Папко. Парадавалі гасцей яркімі выступленнямі таксама юныя артысты Ліза Ахмеціна, Дана Зінурава, Саша Варчак, Дзіна Ражкова і іншыя артысты. Гледачы не маглі стрымаць станоўчых эмоцый у час выступлення юных артыстаў Бароўскай сярэдняй школы, якія падрыхтавалі флэшмоб “У полі каліна…” Пад рыт­мічныя акорды народнай песні шчыра весяліліся дарослыя і дзеці.

Па традыцыі ў апошні дзень гулянняў з саломы і анучы вырабляецца пу­дзіла, якое выносіцца праз усю вёску на поле. Такое ж пудзіла было падрыхтавана і ў гэты святочны дзень. Пудзіла было спалена, а гэта сімвалізуе развітанне з зімой і пачатак вясны, якая нясе з сабой абуджэнне, асаблі­вую радасць і прыгажосць.

Святлана

СІЛЬВАНОВІЧ.

 На здымках: яркія моманты Масленіцы ў Бароўцы.

Фота аўтара.

DSC03073 DSC03028 DSC03034 DSC03037 DSC03045 DSC03048 DSC03052 DSC03056 DSC03076 DSC03078 DSC03090 DSC03107 DSC03115 DSC03121 DSC03128 DSC03136

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.