Зялёны канвеер

IMG_4041У СВФ “Заазер’е” самае вялікае пагалоўе буйной рагатай жывёлы. Вядома, кармоў трэба таксама нарыхтаваць больш, чым іншым. Як жа праходзіць зялёнае жніво?
За адказамі накіраваўся на робатызаваны комплекс у Юркоўшчыну. На момант візіту карэспандэнта поў­ным ходам ішла закладка чарговай, пятай, траншэі. Усяго іх восем. Атрымліваецца, што палову ёмістасцяў запоўнілі. Якраз прыехаў чарговы трактар МТЗ-1221, стаў разгружацца. Зрабіў некалькі фотаздымкаў, а потым папрасіў трактарыста прыпыніцца на хвілінку, пагутарыць.
— Дзень добры, прадстаўцеся.
— Дзмітрый Арцюх, займаюся падвозам здробненай зялёнай масы.
— На корманарыхтоўцы з самага першага дня?
— Не, некалькі апошніх дзён.
— Як праца?
— Працуем памаленьку, — сціпла адказаў суразмоўца. — Саша Ляйко на Krone здрабняе траву, мы толькі паспяваем адвозіць яе. Увогуле, Krone — выдатны агрэгат, працуе бездакорна.
— Бачу, масла капае з-пад трактара, — заўважыў.
— Гэта з трэшчыны ў заднім мосце. Спрабавалі яе заварыць, але толку не дабіліся. Напэўна, корпус моста зроблены з нейкага спецыяльнага сплаву, які не варыцца. Патрэбна замена. Новы мост ужо закуплены і ляжыць на складзе, як мне сказалі. Застаецца толькі выдзеліць час, стаць на рамонт і замяніць. А вось з часам якраз і праблема. У прыпар кожная адзінка тэхнікі на ўліку, выпадзенне на дзень — два будзе ўжо адчувальнае. Мне ж, калі давядзецца станавіцца на рамонт, спатрэбіцца не менш за тыдзень, бо акрамя замены моста яшчэ трэба шмат іншага адрамантаваць.
— Абеды на поле прывозяць?
— Вядома, прывозяць…
Трамбаваннем займаюцца Дзмітрый Быкаў на МТЗ-2522 і Раман Аксяновіч на К-744. Для прыдання яшчэ большай вагі да МТЗ спераду прымацаваны аднатонны камплект баласту, а ззаду — спецыяльныя каткі. Сталёвыя колы-талеркі, падобныя на колы ад чыгуначных вагонаў, дадаткова прасуюць зялёную масу, выціскаючы з яе паветра.
Раман Аксяновіч на К-744 працуе другі год, выказваецца пра тэхніку з павагай:
— Выдатны трактар! Быў выпушчаны ў 2006 годзе, за час эксплуатацыі — толькі адна больш-менш сур’ёзная паломка, давялося рамантаваць каробку перадач. А ў рухавік ні разу не заглядалі, толькі своечасова масла ды фільтры мянялі. У ім рама з дадатковым узмацненнем, што робіць тэхніку яшчэ больш трывалай і ўстойлівай супраць нагрузак. На пярэднім мосце — рысоры. Дзякуючы ім трактар ідзе мякка, няроўнасці глебы не так адчуваюцца. Асабліва карысна, калі трэба праводзіць апрацоўкі глебы пасля ворыва.
— Рухавік стаіць ЯМЗ-238? Такі, ведаю, спажывае даволі шмат дызельнага паліва?
— На трамбоўцы за дзень працы выпальваю па 150 — 200 літраў. Гэта яшчэ нічога, пры працы з дыскамі да 400 — 500 літраў даходзіць. Чуў, што зараз на “Кіраўцы” ўстанаўліваюць імпартныя рухавікі, больш магутныя, але пры гэтым з меншым расходам. Пабачым, можа ў перспектыве і “Заазер’е” сабе такі трактар набудзе.
— Што ў вас за адвал спецыяльны з зубамі?
— Напэўна, такім меліяратары карыстаюцца для карчавання каранёў дрэў. Тут жа адвалам лёгка рассоўваю горы зялёнай масы. МТЗ аднаму без адвалу было б значна цяжэй працаваць.
— На МТЗ, дарэчы, тона баласту, чаму на К-744 такога няма?
— Не патрэбен, трактар і без гэтага важыць пад 15 тон, адной сваёй масай добра прыціскае зялёнку.
Наступныя тры траншэі стаялі пустыя, вычышчаныя, гатовыя прыняць новыя партыі сенажу. Ім нядоўга чакаць, траншэі запаўняюцца хутка, за два — тры дні, так што з першага ўкосу кармавая база будзе ў значнай ступені забяспечана.
У апошняй траншэі працаваў Вячаслаў Іванкіў. Па дагаворы ад райветстанцыі апрацоўваў вапнавым растворам сцены, бо, згодна з патрабаваннямі тэхналогіі, траншэі павінны быць вычышчаны ад леташніх рэшткаў.
Па дарозе ў горад зазірнулі на комплекс у Старым Лепелі. Там чатыры сянажныя траншэі. З іх толькі адна гатовая да прыёму зялёнай масы. У адной — пэўная колькасць кармоў леташняга назапашвання, якая будзе выкарыстана ў бліжэйшы час. Яшчэ дзве — вольныя ад корму, але для прыёму новага сенажу не гатовыя. У іх ляжыць па пары прычэпаў старога, напаўзгнілага сенажу. У гаспадарцы назапашана па чатыры цэнтнеры кармавых адзінак на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: трамбоўка траншэі ў Юркоўшчыне.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.