Па народным календары

Пры падрыхтоўцы шэрага мерапрыемстваў у раённай дзіцячай бібліятэцы прытрымліваюцца народнага календара. Напрыклад, адно з мерапрыемстваў тут так і назвалі “З мінулага ў будучыню: кола свят беларускага календара”. Мэтай яго стала даследаванне, адкуль бяруць свой пачатак народныя святы, чаму народ збіраецца на іх яшчэ з часін сівой даўніны і разам святкуе.
Бібліятэкары разам з дзецьмі распрацоўваюць сцэнічныя пастаноўкі (“Ідзе Каляда калядуючы”, “Шырокая масленіца” і інш.) паводле народных абрадаў і звычаяў. Пры бібліятэцы працуе дзіцячы тэатр “Пятрушка”.
Папоўніўся фонд
Год кнігі пачаўся ў дзіцячай раённай бібліятэцы чарговым папаўненнем кніжнага фонду.

Варта адзначыць, што тут заўсёды можна было выбраць кнігу на розны густ. Апошнім часам паступілі энцыклапедычныя выданні “Жывая прырода”, “Свет дыназаўраў”, “Свет і прырода”, выданні з серыі “Пазнавальныя кнігі для дзяцей”, таксама кнігі “школьнай бібліятэкі”: “Круглянскі мост” Васіля Быкава, “Зацюканы апостал” Андрэя Макаёнка, “Кветкі пажоўклыя” Міхася Зарэцкага, “Хто смяецца апошнім?” Кандрата Крапівы, зборнікі “Беларускія байкі”,”Сучасная беларуская п’еса” і іншыя.
“Святыня народа, неўміручасць яго”
У чытальнай зале раённай бібліятэкі працуе выстава “Мова народа — яго святыня”, прымеркаваная да сусветнага Дня роднай мовы. На выставе прадстаўлены тры раздзелы: ”Карані нашай мовы” (распавядае пра паходжанне мовы і яе вытокі), “Мовы рысы непаўторныя” (сабраны слоўныя “жамчужынкі”: прыказкі, прымаўкі, паданні, анталогія беларускага санета, а таксама вершы лепельскіх паэтаў), “Мова — аснова адукацыі” (дэманструюцца падручнікі па беларускай мове, экзэмпляры часопіса “Роднае слова”, апошнія змяненні ў правапісе).
Ліцэісты Ў бібліятэцы
Чарговы раз сабрала раённая бібліятэка навучэнцаў дзяржпрафліцэя, якія сталі пастаяннымі яе наведвальнікамі. Чатырнаццаць хлопцаў-падлеткаў зацікавіў агляд маладзёжных часопісаў. Называлася мерапрыемства “Перыядычныя выданні — для вас”.
Тут працуе свой “Бібліятэчны ліцэй”. Накірункі яго дзейнасці розныя — знаёмства з заканадаўчымі актамі, вывучэнне “Кодэкса аб адукацыі”, аналіз палітычных артыкулаў у часопісах “Беларуская думка”, “Планета”, агляд “Беларускага гістарычнага часопіса”, цікавасць да пытанняў эканомікі і г. д.
Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.