Вкусные блюда тети Гали

img_1247 — Я зараз кармлю сыноў тых механізатараў, якіх карміла, калі толькі пачынала тут сваю працоўную дзейнасць. Яны мяне ўсе так папросту і завуць — цёця Галя, — кажа кухар сталовай ААТ “Чарэйшчына” Галіна Аляксандраўна Тоўт.

Жанчына нарадзілася і вырасла ў Лепелі, а ў Чарэйшчыну выйшла замуж, сюды і пайшла працаваць у сталоўку. Праўда, спачатку аб’ект грамадскага харчавання адносіўся не да гаспадаркі, а ўваходзіў у сетку грамхарчу раёна. Толькі ў 1990-х гадах перайшла ў веданне калгаса імя Тэльмана. І цяпер правапераемнік калгаса, ААТ “Чарэйшчына”, — адна з нямногіх сельгасарганізацый раёна, дзе захавалася і функцыянуе свая сталоўка.
Працоўны дзень Галіны Тоўт і яе памочніцы Алены Камека пачынаецца а сёмай гадзіне раніцы. Спачатку трэба ў дыспетчарскай гаспадаркі атрымаць звесткі, колькі чалавек, на якіх работах будуць задзейнічаны, на якую колькасць гатаваць. Акрамя камбайнераў і механізатараў трэба накарміць слесараў у майстэрні, аператараў на сушыльным комплексе, жывёлаводаў. Перыядычна на палетках задзейнічаны работнікі, прыкамандзіраваныя з ААТ “Віцебскі мясакамбінат”. Іх селяць часова на Лепельшчыне і ім трэба забяспечваць трохразовае гарачае харчаванне. Зараз у “Чарэйшчыне” харчуюцца каля 30 чалавек. Аднак бывалі дні, калі колькасць вырастала да 40 і вышэй.
Што значыць удвух прыгатаваць абед на 40 чалавек? Кожная жонка гатуе абед на сям’ю — на двух, трох, чатырох чалавек. А цяпер гэты аб’ём памножце ў дзесяць разоў. У дадатак майце на ўвазе, што карміць будзеце не дзіцяці, якое адседзела ў інтэрнэце і нічога, акрамя бутэрбродаў, бачыць не жадае. Абеду чакаюць 30 мужчын, якія ўжо паўдня цяжка працавалі, прагаладаліся. І калі прыгатавана нясмачна, непажыўна, то выкажуць яны прэтэнзіі адразу ж, не саромеючыся. Вось такая адказнасць у дзвюх жанчын-працаўніц.
На кухні найперш трэба разагрэць пліты. Яны, хоць і старыя, савецкай вытворчасці, аднак пакуль што функцыянуюць нармальна, з задачамі сваімі спраўляюцца. Два гады таму ў дадатак былі набытыя мікрахвалёвая печка і духавая шафа. Печка найлепш прыстасавана для размарожвання, разагравання прадуктаў харчавання. А ў духавой шафе выдатна гатуюцца мясныя стравы, кашы, запяканкі.
Зыходзячы з зададзенага задання, кухары робяць закладку харчоў. Трэба начысціць бульбу і іншую гародніну, накрышыць яе, нарэзаць мяса (наяўнасць мяса — абавязковая ўмова любой стравы для працоўных мужчын), выбраць патрэбныя спецыі, іншыя кампаненты.
Дарэчы, многія прадукты харчавання ўласнай вытворчасці. У першую чаргу гэта тычыцца мяса, бульбы, буракоў. Набываюць крупы, макароны, муку, спецыі.
Працаваць трэба з такім разлікам, каб да дванаццатай гадзіны ўсе стравы былі згатаваныя.
А дванаццатай гадзіне жанчыны раздзяляюць згатаванае на дзве прыблізна роўныя часткі. Адну палову Алена Камека загружае ў тэрмасы і выязджае на палі карміць камбайнераў, трактарыстаў, жывёлаводаў на палях. Другая палова — работнікі майстэрні, аператары на сушыльным комплексе. Яны прыходзяць у сталоўку самастойна, бо знаходзіцца блізка. У прызначаны час адчыняецца абедзенная зала, сталы засланы абрусамі, нарэзаны хлеб, ад кухні ідзе водар супу і кашы.
— Галіна Аляксандраўна, колькі каштуе абед?
— Як правіла, каля чатырох рублёў. У цану стравы ўключаецца толькі кошт харчоў, выкарыстаных пры яе прыгатаванні: мяса, бульбы, макаронаў і г.д. Не ўключаюцца такія расходы, як кошт электраэнергіі, зарплата кухараў, іх гаспадарка бярэ на сябе. Скажу нават больш. Тыя працаўнікі, якія не мелі нараканняў, парушэнняў працоўнай дысцыпліны, увогуле вызваляюцца ад аплаты за харчаванне, абедаюць і палуднуюць бясплатна.
Працоўны дзень у Галіны Аляксандраўны і Алены Аляксандраўны завяршаецца каля 18 гадзін, а то і пазней. Пасля таго як прыедзе памочнік з раздачы падвячоркаў, посуд трэба памыць, у памяшканнях навесці канчатковую чысціню і парадак, харчы — скласці ў халадзільнік. Назаўтра зноў пачнецца насычаны працоўны дзень.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Галіна Тоўт чаруе на кухні.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.