Поножовщина возле «Копейки»

800x600_943946725На днях Лепель зноў абляцела шакіруючая навіна аб крымінальным інцыдэнце, у выніку якога адзін удзельнік быў накіраваны ў бальніцу, другі — змешчаны пад варту. Маўляў, двое мужчын не падзялілі жанчыну. У пачутае ад пабочных людзей не хацелася верыць, бо толькі ў гістарычных раманах апісваецца, як арыстакраты, мушкецёры біліся за гонар дамы на дуэлях, шпагамі паражалі праціўнікаў. Зараз жа метадам “высвятлення адносін” стала п’яная бойка, а галоўнай зброяй — банальны нож. Пра падзеі распавядае старшы следчы РАСК старшы лейтэнант юстыцыі Алена Кароткіх:

— Інцыдэнт мае сваю перадгісторыю. Двое лепяльчан, адзін 1984 года нараджэння, другі — 1994-га, былі добра знаёмымі, бо жывуць непадалёк, на вуліцы Калініна. Дарэчы, абодва ўжо да інцыдэнту мелі крымінальны “паслужны спіс”. Старэйшы быў у 2012 годзе судзімы за разбой, два гады таму вызваліўся. Маладзейшы меў судзімасць за крадзеж. Старэйшы сужыцельствуе з жанчынай, разам жывуць у кватэры.
У сярэдзіне жніўня адбылася першая сутычка. Утрох сабраліся ў кватэры грамадзяніна 1984 года нараджэння, выпівалі. У працэсе застолля пачалася спрэчка, сужыцель прыраўнаваў жанчыну да прыяцеля. Паміж мужчынамі распачалася бойка. Як два сапраўдныя баксёры, спрабавалі яны адзін аднаму разбіць насы і сківіцы. Абодва былі прыблізна аднолькавай камплекцыі і фізічнай сілы, таму той бой скончыўся нічыёй без відавочнай перавагі аднаго з бакоў. Маладзейшы сабутэльнік палічыў за лепшае сысці непераможным, старэйшы толькі ўслед паспеў кінуць: “Я цябе яшчэ сустрэну!”.
Новая нагода здарылася ў суботу восьмага верасня каля 17 гадзін. Малады лепяльчанін з прыяцелямі адзначаў свята горада. Разам яны выпівалі ў кватэры па вуліцы Валадарскага. У нейкі момант гаспадар кватэры прамовіў: “Гарэлка скончылася. Прыяцель, схадзі, калі ласка, за дабаўкай у “Капейку”, вось табе грошы”. Той і пайшоў.
Старэйшы ўдзельнік інцыдэнту свята не адзначаў, у суботу ён выправіўся ў лес, збіраў журавіны. Сабраў, здаў, на атрыманыя грошы купіў спіртнога і выпіў. Каля пяці гадзін вечара ён таксама быў каля “Капейкі”. І трэба ж было здарыцца такому, што абодва там і сустрэліся!
Слова за слова — разгарэлася ранейшая спрэчка за жанчыну, якая хутка перарасла ў сварку, а потым у бойку. Фізічныя сілы, як мы памятаем, у абодвух мужчын прыблізна роўныя, таму рашаючым аргументам стаў сцізорык — складны нож. Яго старэйшы лепяльчанін бярэ з сабой у лес, а тады ён і патрапіўся пад руку. Адзін выпад — і праціўнік, схапіўшыся за жывот, адступіў, пабег у двары. Той пераможнага праціўніка даганяць не стаў, пайшоў сваёй дарогай.
Паранены здолеў дайсці да пад’езда прыяцеля. Там яму аказалі першую дапамогу, выклікалі медыкаў і паведамілі ў міліцыю.
Зараз пацярпелы знаходзіцца ў бальніцы з рэзаным раненнем брушной поласці, прамой небяспекі для жыцця няма. Падазроны ў супрацьпраўных дзеяннях затрыманы. Па факце ўзбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 147 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання), па якой прадугледжваецца пакаранне ад абмежавання волі ад трох гадоў да пазбаўлення волі да васьмі гадоў.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.