И бывают же совпадения — на двоих один день рождения

img_2219Зірнеш на Валодзю з Ярыкам і міжволі прыгадаеш песню:
“И бывают же совпаления —
На двоих один
день рождения.
И живём вот так,
вместе празднуя,
Только девочки
снятся разные…”
З Уладзімірам і Яраславам Качанавымі пазнаёміліся мы не так даўно. Падлеткі з суседняй вёскі Замошша ўлетку прыязджалі на веласіпедах да нас у Чэрцы на возера купацца. На пляжы і сустрэліся. Слова за слова — разгаварыліся. Бачу, хлопцы культурныя, выхаваныя. Цікавыя субяседнікі. Панты, як кажуць, не кідаюць, простыя, не пыхлівыя, таварыскія. Уладзімір і Яраслаў — гэта для іх пакуль завельмі, для мяне яны проста Вова і Ярык. І яшчэ некалькі добрых якасцяў заўважыў я ў іх адразу, пра якія раскажу неўзабаве.
Вось толькі… хто ёсць хто? Каторы Вова, а каторы Ярык? Паспрабуй адгадай. Браты-блізняты. І трэба “набіць вока”, каб навучыцца адрозніваць. Праўда, калі вока прывыкне, дык ужо здаецца, не настолькі яны і падобныя, не тое, што “электронікі” з папулярнага дзіцячага фільма, якія па жыцці “замянялі адзін аднаго”.
— А вы хаця б аднойчы скарысталіся сваім падабенствам? — пытаюся пры нашай ужо “афіцыйнай сустрэчы” ў Заслонаўскай школе, дзе браты Качанавы вучацца ў адзінаццатым.
Весела пераглянуліся:
— Ну, было. Аднойчы, калі яшчэ малымі былі. Верш задалі вывучыць даўжэзны. Вывучыў Вова. Аднаго выклікалі, другога, а расказваў ён. Пракаціла. Настаўніца ад журнала вачэй не падняла, а па голасе нас раней і зусім не адрознівалі. Нават мама па тэлефоне часам блытала. А калі адпачывалі ў санаторыі “Расінка”, на эстафеце за абодвух пастараўся Ярык. Ён фізічна больш вынослівы.
Дзяцінства-дзяцінства… А зараз яны ўжо дарослыя — амаль. Апошні, выпускны клас. Дзе падзелася тая бесклапотная дзіцячая гарэзлівасць! І думаецца, і марыцца па-даросламу, па сур’ёзнаму.
Калі атрымаецца, мяркуюць паступіць у адзін і той жа Магілёўскі ўніверсітэт, але на розныя факультэты. Валодзя хоча працаваць у сістэме грамадскага харчавання, кімсьці кшталту шэф-повара, а пасля, магчыма, і адкрыць свой бізнес. У Яраслава планы на тэхнолага халадзільнага абсталявання. Вось табе і блізняты!
Зрэшты, паспрабуем знайсці ў іх падабенствы і адрозненні. Дзяцінства прайшло ў Дварцы, на Чашніччыне, куды маці прыехала працаваць галоўным эканамістам. Там хлопцы і вучыліся ў малодшых класах. А пасля — у Цяпіне. А ў дзясяты — хоць ты ў Чашнікі едзь. Не ганяць жа з Замошша аж у Чашнікі, калі Заслонава зусім побач. Так чашніцкія вучні сталі лепельскімі. Пакуль цёпла, ездзяць у школу на веліках, а ў непагадзь ці зімою маці на машыне падвозіць. Вось, бадай, і ўсё, што ў іх агульнага. Ну, яшчэ ёсць агульныя сябры: Эдзік Гаўрылаў, Ягор Петрушэнка, Вова Курто ды іншыя. Ягор вучыцца ў каледжы ў Оршы, Валодзя працуе ў Віцебску. І агульныя выбралі браты профільныя платныя факультатывы — па матэматыцы, фізіцы, беларускай мове. Экзамены не за гарамі, таму трэба думаць пра паступленне.
Хоць сабе і блізняты, ды аднаго жыцця не пражывеш. Якія ж яны розныя і разам з тым як слаўна дапаўняюць адзін аднаго па жыцці! Больш спакойны, асцярожны, абачлівы і даволі флегматычны Вова, у супрацьвагу яму — запальчывы і завадны Ярык-падарожнік. Таму дома не сядзіцца, увесь амаль вольны час прападае па сябрах. Прыязджаюць хлопцы ўвечары са школы дадому, а там гаспадарка: гусі, кураняты маленькія, свінні, каты. Па гаспадарцы спраўляюцца па чарзе, у кожнага свой дзень. Да працы звыклыя — вяскоўцы ж. А за ўрокамі — разам і штодня. Часам адзін аднаму дапамагаюць. Вучоба забірае часу шмат. Вова больш моцны па фізіцы, матэматыцы, вучыцца на павышаным узроўні. Ярык — на базавым. Падабаюцца астраномія, геаграфія, біялогія. Абодва браты Качанавы не гуманітарнага, а тэхнічнага складу, любяць тэхніку, думаюць здаваць на правы і мараць пра ўласнае аўто.
На кухні гаспадарыць Вова. Той больш лёгкі на пад’ём, ды і як-ніяк — па будучай спецыяльнасці. То піцу спячэ, то суп зварыць. Праўда, тэхналогіі прыгатавання “чырвонага супу” (баршчу) пакуль яшчэ не асвоіў. Аднак стараецца.
Вова гатуе, а Ярык спажывае. Гэта ён любіць! Чым жа аддзячыць брату за смачную піцу? Даводзіцца брацца за пыласос і наводзіць парадак у хаце. А на двары марафет наводзяць разам.
Ці спрачаюцца, ці крыўдзяцца? А як жа без гэтага? Часам могуць, як кажуць, завесціся з паўабароту, не падзяліўшы, скажам, ноўтбук ці сказаць што не падумаўшы. Ды часцей па дробязях. А калі за што вартае ці калі пастаяць адзін за аднаго, то яны — маналіт.
Напрыканцы лютага, калі ўжо зіма сустракаецца з вясною, абавязкова павіншую сваіх новых знаёмых з днём нараджэння, які ў іх адзін на двух. Вось такі падарунак зрабіла братам жыццё… Думаю, што ў гэты дзень маці абавязкова зварыць Вову любімых галубцоў, а Ярыку налепіць хатніх пельменяў. І тут яны розныя. Затое з задавальненнем абодва пакаштуюць на дэсерт салодкі святочны торт, на якім задуюць сямнаццаць свечак. (А можа, двойчы па сямнаццаць?)
І нарэшце — пра галоўнае іх падабенства. Браты Качанавы — аднолькава і адназначна добрыя людзі. Іх дабрыня ўгадваецца ва ўсім: ва ўзаемнай дружбе і павазе, у простым нязмушаным абыходжанні з іншымі, у вернасці сябрам, у любові і пашане да маці, якая, пэўна, таксама імі ганарыцца, у стараннях па вучобе, у клопаце па гаспадарцы. Калі б усё было інакш, напэўна, не было б і гэтай нататкі. Дабрыня даецца чалавеку як узнагарода і далёка не кожнаму. А шчасце падзяліць дабрыню з родным братам, які амаль што твая копія, — унікальны жыццёвы шанс. Пашчасціла, адным словам, Вову з Ярыкам, і дай жа ім Бог разам годна прайсці па жыцці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.