В Лепеле купили манную крупу по цене айфона

1524445631179850694Вясной па тэлебачанні і ў інтэрнэт-рэсурсах з’явілася інфармацыя пра тое, як махляры прадалі за вялікія грошы пакет манных круп. Пэўны час вялося расследаванне, а нядаўна справа разглядалася ў судзе Лепельскага раёна, па месцы ўчынення злачынства. Распавядзём пра ўсё па парадку.

У 2019 годзе ў продажы з’явілася новая мадэль смартфона ад Apple — iPhone 11 Pro Max. Гаджэт вызначаецца высокімі параметрамі працы, таму нават цяпер, праз больш, як паўтара года пасля выхаду, былы ў карыстанні смартфон на інтэрнэт-пляцоўках каштуе ад 2450 да 3000, а новы — ад 3300 да 4535 рублёў. Таму не дзіўным падаўся інтарэс мінчаніна П., калі на яго аб’яву аб жаданні набыць такі смартфон адгукнуўся чалавек і зрабіў надзвычай выгадную прапанову — 2300 рублёў. Прадавец нават праз Viber выслаў фотаздымкі.

— Вось бачыце, усё запакавана, нават не ўскрывалася, — казаў уладальнік смартфона па тэлефоне, нахвальваючы тавар. — Набылі ў салоне МТС. Магу і Imei-нумар выслаць.

Між тым Уладзіслаў Шчарбак (так завуць махляра-прадаўца) загадзя падрыхтаваўся: зрабіў скрынку з-пад iPhone 11 Pro Max, запакаваў яе ў поліэтылен, а ўнутр, каб яна хоць прыблізна важыла, насыпаў… манных круп. Праўда, крыху пабойваўся, таму ўзяў сабе ў хаўруснікі сябра Уладзіслава Цыганкова. Абодва — жыхары Мінска.

Убачыўшы ў інтэрнэце аб’яву, што чалавек жадае набыць менавіта iPhone 11 Pro Max і гатовы адразу заплаціць абумоўленую суму ў 2300 рублёў, яны пачалі дзейнічаць. Спецыяльна для перамоваў і перапіскі праз Viber набылі з рук СІМ-карту.

Каб яшчэ больш заблытаць патэнцыйную ахвяру, Шчарбак па тэлефоне дамаўляўся:

— Мы жывём у Лепелі. Прыязджайце сюды, купляйце сабе смартфон.

— А чаму менавіта ў Лепелі? — спытаў яго потым хаўруснік Цыганкоў.

— Ды мне якраз трэба заехаць туды, набыць дробную рэч.

Між тым пакупнік П. разумеў, што з-за вялікай занятасці сам не паспее з’ездзіць у Лепель, таму папрасіў прыяцеля з Наваполацка дапамагчы:

— З’ездзі ў Лепель, табе нашмат бліжэй, і купі там мне айфон. Я табе зараз грошы на картку перавяду. Пакупку заўтра мне перашлеш маршруткай, я ў Мінску сустрэну.

— Добра, як не дапамагчы сябру! Куплю, праверу.

— Не трэба правяраць, айфон будзе ў завадской упакоўцы.

Новапалачанін і махляры сустрэліся ў Лепелі ў пачатку вул. Полацкі тракт, ля кармы «Хіт Экспрэс!», што насупраць магазіна «юбілейны». Грошы У. Шчарбак з У. Цыганковым падзялілі і ў хуткім часе патрацілі.

П. на наступны дзень атрымаў пасылку, ускрыў яе і ў той жа дзень напісаў заяву ў міліцыю.

Міліцыянеры правялі комплекс аператыўных мерапрыемстваў і раскрылі ўсю злачынную схему.

Судом Лепельскага раёна Уладзіслаў Шчарбак і Уладзіслаў Цыганкоў прызнаны вінаватымі ў злачынстве, прадугледжаным часткай 2 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса — махлярства. Яны пакараны пазбаўленнем волі тэрмінам на 1,5 года з адтэрміноўкай выканання на год. Акрамя гэтага, абвінавачаныя павінны выплаціць у даход дзяржавы крымінальна-прававую кампенсацыю памерам у 100 базавых велічынь, а таксама выканаць грамадска-карысную працу аб’ёмам у 120 гадзін.

Мікалай КАЗЛОЎСКІ,

суддзя суда Лепельскага раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.