“Курорт” у Наталлі Нікіцінай ў Ізабеліне Лепельскага раёна, дзе жыве маці

194Людзі, якія працуюць на чыгунцы, маюць цікавую адметнасць — яны амаль не падарожнічаюць чыгуначным транспартам. Вось і Наталля Нікіціна, нягледзячы на тое, што гадамі на рэйках, так і не скарысталася магчымасцю бясплатнай паездкі.
Па курортах Нікіціны не ездзяць. Увесь “курорт” у Наталлі ў Ізабеліне, дзе жыве маці. Наставілі парнікоў, нарабілі градак. Тут садзяць памідоркі, агуркі, цыбулю і, вядома, бульбачку. Як без яе!
Наталля — агародніца і… рыбачка. І нават, можа, не столькі першае, колькі другое. Вунь і на тых выхадных з мужам на шчупакоў ездзілі. Злавілі чатыры невялікія рыбіны.
А чаму б і не палавіць рыбку! Жывуць ужо, можна сказаць, у сваё задавальненне, маюць вольны час. Дзеці дарослыя, у іх свае сем’і. Так што яны з Віктарам, таксама чыгуначнікам, літаральна кажучы, перавялі ўжо свае жыццёвыя стрэлкі “на трэці пуць” — станавіліся на ногі самі, падымалі дзяцей, зараз цешацца ўнукамі.
На першым жыццёвым пуці ў Наталлі было роднае Ізабеліна — маленькая лясная вёсачка, пачатковая школа на месцы, а пасля сярэдняя — у Стаях. Пасля васьмі, яшчэ зусім юнай, падалася аж у Брэст вучыцца на чыгуначніка. І хто ёй падказаў? Ніхто з радні, здавалася, з чыгункаю справы не меў. Аднак жа, прымроілася дзяўчынцы рамантыка далёкіх чыгуначных перагонаў — чаго толькі па маладосці ў галаву ні прыйдзе.
У жыцці рамантыкі было куды меней. Накіравалі пасля вучылішча ў такую глуш — на станцыю Лямніца, — што пабаялася там заставацца. Слёзна прасілася ў тагачаснага начальніка станцыі Лепель на працу. Іншых вакансій не было, давялося стаць стрэлачнікам. Стрэлкі ў той час пераводзіліся не так, як зараз, на аўтаматыцы, а ўручную, і надзейна замыкаліся на “ключ Міленцава”. Старэйшыя работнікі чыгункі добра памятаюць тыя надзейныя замкі і ключы. На кожную стрэлку — свой замок і ключ. Сядзела ў будцы на пераездзе, падымала-апускала ўручную шлагбаум. Усю гэтую цяжкую немеханізаваную працу прайшла Наталля, перш чым сесці за пульт кнопкі націскаць.
Тым часам наступіў другі яе жыццёвы перагон. Пазнаёмілася з забалацкім хлопцам, які працаваў пуцейцам. Пажаніліся. Такім чынам, проста на рэйках вырасла яшчэ адна сям’я. Нарадзіла двойню. Пачакала, пакуль крыху падраслі дзеці. А пасля дэкрэтнага Наталля ўжо неўзабаве стане дзяжурнай па станцыі.
Ніколі не назіраў за працай дзяжурнага па станцыі, як кажуць, ушчыльную. Аказваецца, гэта так адказна і зусім-зусім не проста. Раней думаў: “Ну што яны там, рычажкі перасоўваюць ды са сцяжкамі цягнік сустракаюць пасажырскі”. Насамрэч чыгунка — гэта не толькі пасажырскі цягнік двойчы за суткі, а даволі ажыўлены штодзённы рух грузавога саставу. Заказваюць, прыганяюць з Оршы вагоны, расстаўляюць іх пад пагрузку на адгалінаванні, якія маюцца амаль ва ўсіх буйных прадпрыемствах, затым цеплавоз з гружаных вагонаў збірае састаў. Іншым разам па дваццаць, а то і больш вагонаў набіраецца. Пракладваюць цягніку маршрут.
Здаецца, рычажкі на пульце перасоўваць, кнопкі націскаць. А за кожным такім рычажком і кнопкаю — агульная карціна транспартнага руху на пуцях і рэальныя чалавечыя лёсы. Гэта ж табе не калоды перасоўваць, а пераводзіць стрэлкі, адпраўляць цягнікі. Чалавек за пультам на чыгунцы, гэта як і авіядыспетчар, як і мінёр, памыляецца адзін раз. А колькі ж трэба спецыяльных ведаў, каб разабрацца з заблытанай карцінай тых кнопак ды рычажкоў.
У Наталлі ўжо ўсё адпрацавана да аўтаматызму — трыццаць адзін год ужо дзяжурная па станцыі.
Не, яшчэ не пайшоў яе цягнік, але стрэлкі ўжо на наступным перагоне, на трэцім жыццёвым пуці. Вечарамі пасля працы лепіць дома пельмені, каб у любы час пачаставаць унукаў. І клёцкі бабуліны Ягор з Ромкаю таксама не супраць прадэгуставаць. Не часта збіраюцца віцебскія ўнукі ў Лепелі ў іх прасторнай трохпакаёвай кватэры, тым болей — жаданыя госці. Нажылася Наталля і ў доме адпачынку пуцейцаў, і ў бараку з Віктарам, пакуль станцыя не выкупіла ім кватэру ў шматпавярховіку. Светла ў хаце, прасторна і — крыху сумна. Хіба што кошка Муся не дае засумаваць. Трынаццаць гадоў ужо гаспадыняю жыве ў кватэры, па-гарадскому, не вылазіць нават на паляванне на мышэй. Ды іх Муська зямлі не бачыла. Акуратная, прыемная, ласкавая, а прыгожая! Яна даўно ўжо стала членам сям’і.
Вось такая чыгуначная сям’я ў Нікіціных. Наталля не хавае, жывуць з Віктарам у шчасці, у суладдзі. Ёсць свой аўтамабіль, куды захацелі — туды паехалі: ці ў лес у грыбы ды ягады, ці на рыбу. Гэта ў вольны час. А затым — зноў на працу, чыгунка не адпускае.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: дзяжурная па станцыі Лепель Наталля Нікіціна.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.