Бароўскія наваселлі

Новыя дамы Бароўка чакала доўгі час. Апошнім разам будоўля ў ваенным гарадку разгортвалася яшчэ пры Саюзе, тады былі ўзведзены панэльныя дамы ў мікрараёне Выселкі. І вось нарэшце з’явілася афіцыйная інфармацыя аб фарміраванні жыллёва-будаўнічага кааператыва для ўзвядзення двух пяці¬павярховых саракакватэрных дамоў. — Самая першая цяжкасць, з якой сутыкнуліся, — фармі¬раванне кааператываў, — успамінае сёння старшыня Бароўскага сельвыканкама Вольга Пятрова.

— Потым пайшлі шматлікія ўзгадненні, удакладненні і праверкі дакументаў, складанне праектна-каштарыснай дакументацыі.

Генеральным падрадчыкам выступіла Лепельская ПМК-75. Пра сам працэс будаўні¬цтва ў Бароўцы газета пісала не раз.
Нарэшце наступілі шчаслівыя дні для навасёлаў — для іх адчыніліся дзверы новых кватэр. Гэта мерапрыемства было вырашана правесці ўрачыста, святочна, каб надоўга запомнілася. У той дзень стаяла цудоўнае сонечнае надвор’е. На пляцоўцы перад домам былі выстаўлены мікрафоны, дынамікі, загучала музыка. Пляц напоўніўся людзьмі. Сюды, пачуўшы музыку, завіталі не толькі навасёлы, а і жыхары блізкіх пяціпавярховікаў.
— Вось і адчынілася наша Рублёўка, — кажа са смехам дзяўчына.
— Якая Рублёўка?
— Не ведаеце? — здзіўлена перапытвае і тут жа тлумачыць: — Наш населены пункт умоўна дзеліцца на Артбазу, уласна Бароўку, Выселкі. А гэты мікрараён з двума новымі дамамі бараўчане назвалі Рублёўкай.
Першае, што ўразіла, — вялікая колькасць дзяцей. Яно і не дзіўна, пераважная большасць навасёлаў — маладыя сем’і. Дзеці актыўна асвойвалі арэлі, горку і іншыя забаўкі, зробленыя для іх працавітымі рукамі будаўнікоў. На імпрэзе выступілі старшыня сельвыканкама Вольга Пятрова, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Васіль Елісеенка, дырэктар ПМК-75 Яўген Дзівін. Навасёлаў бла¬славіў настаяцель мясцовага храма святар Уладзімір.
Пасля імпрэзы Вольга Міхайлаўна пагадзілася даць кароткае інтэрв’ю.
— Будзем шчырымі, — сказала яна, — гэтыя два дамы на 80 кватэр — доўгачаканыя. Маецца намер далучыць да жыллёвага будаўніцтва ў Бароўцы балгарскіх інвестараў, але хучэй за ўсё яны пабудуюць камерцыйнае жыллё, якое будзе прадавацца па свабодных рыначных коштах. Дамы павышанай камфортнасці патрэбны. А пабудаваныя — аптымальны для нас варыянт. Мы хацелі, каб наваселле запомнілася, таму правялі яго не столькі ўрачыста, колькі весела, з запалам. Папрасілі выступіць артыстаў з “Калінавай сапілкі”, проста аматараў песні і музыкі.
Задаў некалькі пытанняў і галоўнаму будаўніку.
— Колькі разоў уводзілі ў эксплуатацыю пабудаваныя дамы. Так, як у Бароўцы — упершыню. Са звычайнай, радавой, на мой погляд, падзеі тут здолелі зрабіць радаснае, запамінальнае свята, — прызнаўся Яўген Дзівін.
— Што, акрамя гэтай будоўлі, звязвае вас з Бароўкай?
— Бароўка для мяне не чужая, — сцвярджае Яўген Уладзіміравіч. — Яшчэ ў пачатку 80-ых я ў якасці брыгадзіра працаваў тут на будаўніцтве школы. І вось зноў вярнуўся сюды, праўда, ужо ў якасці дырэктара ПМК.
— Колькі каштавала новабудоўля?
— Паводле падлікаў нашага вытворча-тэхнічнага аддзела, агульны кошт двух 40-кватэрных дамоў склаў 9060 мільёнаў рублёў. Нам пашанцавала, паспелі да веснавога падаражэння закупіць большасць матэрыялаў і выканаць асноўныя работы. Таму гэтыя дамы абышліся і нам, і навасёлам адносна нядорага. Большасць работ выканалі сваімі сіламі, аднак часта, калі не паспявалі, нам на дапамогу прыходзілі калегі з Полацка, Віцебска. Разводкай сантэхнікі, электрыкі, газавых камунікацый займаліся спецыялісты іншых арганізацый, якія маюць адпаведныя ліцэнзіі. Матэрыялы ў асноўным беларускай вытворчасці, найперш прадпрыемстваў Віцебскай вобласці. Тут мы яшчэ эканомім на транспартных расходах.
— Апошнім часам ідуць актыўныя размовы пра істотнае скарачэнне льготнага крэдытавання жыллёвага будаўніцтва. Якім вам бачыцца ў гэтым свеце развіццё будаўнічай галіны?
— Некаторае скарачэнне, магчыма, і будзе, але не такое істотнае і катастрафічнае, як кажуць некаторыя панікёры. Пацверджу на прыкладзе нашага ПМК. Будаўнічая галі¬на — лакаматыў, які цягне іншыя сумежныя галіны: вытворчасць будматэрыялаў, лесапільную, транспартную, энергетычную. Гэта праца для дзясяткаў тысяч грама¬дзян. Мы з упэўненасцю глядзім у заўтрашні дзень. З пачатку года здалі тры шматкватэрныя дамы, да канца года плануем здаць яшчэ два. Вядуцца падрыхтоўчыя работы на пляцоўцы пад узвядзенне стокватэрнага дома ў Лепелі.
І якое ж наваселле можа абысціся без самых галоўных асоб — навасёлаў! Заві¬таў да сям’і Макарэвічаў. Гаспадар Сяргей у гэты час завіхаўся на кухні, збіраючы там мэблю. Мужчына працуе вадзіцелем на МКК, а яго жонка Святлана — настаўніца ў Бароўскай школе. Хаця ў спальні ўся мэбля ўжо стаіць ды і ў дзіцячым пакоі паклеены шпалеры і ўстаноўлены шафы, маладая сям’я цалкам засяляцца не спяшаецца, начуе пакуль у бабулі з дзядулем, у іх кватэра таксама вялікая.
— Дом нядаўна пабудаваны, сыраваты, — дзеліцца меркаваннямі Сяргей, — таму чакаем пачатку ацяпляльнага сезона. Тады сцены, тынкоўка, плітка ў санвузлах канчаткова прасохнуць.
— Колькі крэдыту трэба плаціць?
— Каля 140 мільёнаў рублёў пад адзін працэнт на сорак гадоў — умовы больш чым прывабныя. На сёння лепшых варыянтаў не бачу. Толькі так мы маглі здзейсніць сваю мару — атрымаць уласнае жыллё.
— Хто з табой жыве ў новай кватэры.
— Акрамя мяне і Святланы тут дачушка Лена, сынок Юра і пляменніца, мая хрэсніца, Ксюша. І, вядома ж, нязменны атрыбут наваселля — кошка Маруся, якая першай увайшла ў новае жыллё.
Напрыканцы пагутарыў і з прадстаўнікамі КУВП “Бароўка”, на абслугоўванні якіх будуць новыя дамы. Яны пацвердзілі, што яшчэ на стадыі праекта былі ўзгоднены асноўныя камунальныя патрабаванні. Сёння можна са стопрацэнтнай упэўненасцю сказаць, што нават з улікам новых падключэнняў у Бароўцы не будзе перабояў з падачай халоднай і гарачай вады.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: дружная сям’я Макарэвічаў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.