Здароўе — галоўны прыярытэт

Прыемна заўважаць, як паступова паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база медыцынскіх устаноў нашага раёна. Практычна ўсе аддзяленні бальніцы набылі сучасны, прыгожы знешні выгляд. Набываецца больш якаснае, высокатэхналагічнае абсталяванне, што дазваляе больш дасканала абследаваць арганізм хворага, праводзіць складаныя маніпуляцыі.

Штат медыцынскіх работнікаў паступова папаўняюць выпускнікі сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў, якія паспяхова праяўляюць свае веды на практыцы, ахвотна пераймаюць вопыт у старэйшых калег. З 18 кастрычніка 2011 года ўстанову аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальні­ца” ўзначальвае Аляксандр Пішчулёнак, хірург вышэйшай катэгорыі, які аддаў рабоце ў медыцыне больш за дваццаць год.

— Аляксандр Генадзьевіч, на пасадзе галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Вы працуеце амаль год. Мяркую, што ўжо акрэслілі перад сабой шэраг накірункаў у рабоце. Якія мэты ўдалося ажыццявіць?

 — Галоўны прыярытэт — захаванне галоўнай каштоўнасці — здароўя і фізічнага дабрабыту чалавека. Мы павінны забяспечыць якаснае лячэнне хворых і стварыць для іх неабходныя ўмовы. Вельмі вялікі і важны пласт работы — мадэрнізацыя, паляпшэнне матэрыяльна-тэхні­ч­­най базы ўстаноў аховы здароўя, у тым ліку ў сельскай мясцовасці. У гэтай галіне зроблена нямала. Згодна з дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця вёскі, значная колькасць фінансавых сродкаў затрачана на правядзенне рамонтных работ у шэрагу фельчарска-акушэрскіх пунктаў нашага раёна. Мадэрнізаваны будынак Новавалосавіцкага дзіцячага сада, і зараз у гэтым добраўпарадкаваным памяшканні знаходзіцца Новавалоса­віцкая сельская ўрачэбная амбулаторыя.  Тут праве­дзены бягучы рамонт, завезена новае, сучаснае абсталяванне. Завершаны рамонт Матырынскага і Чэрскага фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Створаны выдатныя ўмовы для пажылых людзей у Пышнянскай бальніцы сястрынскага догляду. Даведзены да ладу памяшканні Домжарыцкай, Каменскай і Пышнянскай урачэбных амбулаторый.

Асаблівую ўвагу ўдзяляем устаноўцы аўтаномнай пажарнай сігналізацыі. АПС праведзена ў памяшканнях амбулаторый у аграгарадку Слабада, вёсках Бароўка, Заслонава, Суша, Грыгаравічы, Чэрцы і Горкі.

 Паміж дабрачыннай арганізацыяй “Дамы замест Чарнобыля”, міжнародным дабрачынным грамадскім аб’яднаннем “ЭкаДом” і ўстановай аховы здароўя “Лепельская цэнт­ральная раённая бальніца” падпісаны кантракт аб будаўніцт­ве ФАПа ў вёсцы Стары Лепель. Пры ўзвя­дзенні сцен выкарыстоўваюцца доўгія драўляныя стружкі, а пры абсталяванні даху — чарот — экалагічна чысты матэрыял. У такім будынку заўсёды захоў­ваецца аптымальная тэмпература. Па такой жа тэхналогіі запланавана ўзвесці і дом для сям’і медыцынскіх спецыялістаў, якія будуць працаваць на ФАПе. На будаў­ніцтва арганізацыяй “Дамы замест Чарнобыля” і міжнародным грамадскім аб’яднаннем “ЭкаДом” выдзелена 300 тысяч еўра. Узводзяць ФАП валанцёры з Германіі, а таксама з Мінска, Віцебска, Гродна і г.д. Завяршыць будаўніцтва плануецца ў 2013-ым годзе.

 — Безумоўна, работа па паляпшэнні медыцынскага абслугоўвання ў сельскай мясцовасці праведзена вялікая. Аляксандр Генадзьевіч, раскажыце, калі ласка, як абстаяць справы ў горадзе.

 — Закончана мадэрнізацыя газавага забеспячэння цэнт­ральнай раённай бальніцы, праведзена новая сістэма размеркавання кіслароду ў аддзяленнях рэанімацыі і анэстэзіялогіі, гемадыялізу, у дзіцячым і радзільным аддзяленнях, аперацыйным блоку. Камфортна хворым у інфекцыйным аддзяленні, дзе праведзены рэканструкцыя і мадэрнізацыя. Завершаны бягучы рамонт гінекалагічнага аддзялення, дзіцячае — забяспечана новымі ложкамі і сталамі. Сёлета адкрыта новае, міжраённае аддзяленне судовай медыцыны. Для пажылых адзінокіх людзей і тых, якія адзінока пражываюць, на базе бальніцы ўведзена 15 сацыяльных ложкаў.

 Праведзены патрэбныя рамонтныя работы ў масажным кабінеце. Па ўсіх правілах еўрапейскага стандарту вядзецца рэканструкцыя кабінета водалячэння, з КУП ДРАЦ “Жамчужына” для кабінета перададзены дзве ванны. Закуплены новыя інгалятары ў ад­дзяленне фізіятэрапіі, дзіцячае ад­дзяленне, новыя шпрыцавыя дазатары для аддзяленняў рэанімацыі і анэстэзіялогіі, дзіцячага і інфекцыйнага.

 Харчовы блок бальніцы ўкамплектаваны новым халадзільным абсталяваннем, закуплена новая рэнтгеналагічная ўстаноўка італьянскай вытворчасці для раённай стаматалагічнай паліклінікі. Для аддзялення хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі набыты рэамабіль, які ўкамплектаваны сучасным абсталяваннем для аказання экстранай медыцынскай дапамогі пацярпеламу ў аварыі, цяжка хвораму чалавеку. Тут устаноўлены электракардыёграф, дэфібрылятар з маніторам, наркозны апарат, апарат для правядзення штучнага дыхання, патрэбныя мабілізацыйныя прыстасаванні. Зараз вядзецца тэндарны працэс набыцця трох новых санітарных аўтамабіляў.

 Паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы бальніцы садзейнічае  аказанне платных паслуг. За фінансавыя сродкі, заробленыя пры правядзенні платных паслуг, набыты новае масажнае крэсла, міні-саўна.

 Завершаны рамонт у фае паліклінікі, рэгістратуры, гардэроба і кіёска. Запланавана правесці рамонт памяшкання дзіцячай рэгістратуры.

 Для падтрымання належнага ўзроўню дысцыпліны ўстаноўлена сістэма відэаназірання ў прыёмным пакоі, вестыбюлі галоўнага ўвахода з месячным запісам.

 Фае паліклінікі аснашчана сістэмай відэавяшчання з мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця. Зараз рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя для мадэрнізацыі даху, а менавіта над адміністрацыйным корпусам, памяшканнямі паліклінікі, дзіцячага аддзялення і пральні. Хуткімі тэмпамі рамантуецца хірургічнае аддзяленне. Закуплены новыя ложкі, новае медыцынскае абсталяванне для аказання адэкватнай медыцынскай дапамогі.

* * *

 Для зручнасці работнікаў, пацыентаў у фае бальніцы адкрыта кафэ з шырокім выбарам паўфабрыкатаў, кулінарных, кандытарскіх вырабаў, кожны дзень складаецца абедзеннае меню трох відаў.

 Сёлета ў памяшканні бальніцы пачало дзейнічаць бюро рытуальных паслуг.

 — Аляксандр Генадзьевіч, што зроблена па ўдасканаленні лячэння захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы?

 — Сёлета закуплены сістэмы сутачнага манітарыравання артэрыяльнага ціску, сутачнага манітарыравання электракардыяграмы “Holter”, перадаём складаныя электракардыяграмы ў Віцебскі кардыялагічны дыспансер для ўдакладнення дыягназу. Зараз мы чакаем паступлення новага аплачанага абсталявання для ультрагукавога даследавання крывяносных сасудаў, маем магчымасць праводзіць ультрагукавое даследаванне сэрца.

 — Ядро медыцынскага персаналу раённай бальніцы складаюць вопытныя, адданыя сваёй справе ўрачы і медсёстры. Наколькі папоўніўся штат медыцынскіх работнікаў сёлета?

— У бягучым годзе да нас прыехалі працаваць два ўрачы-тэрапеўты, адзін малады спецыяліст скончыў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт і працуе інструктарам лячэбна-фізічнай культуры. Акрамя таго, у нас працуе пяць інтэрнаў, 12 маладых спецыялістаў сярэдняга звяна. Многія на Лепельшчыне стварылі свае сем’і, і ёсць надзея, што яны застануцца працаваць у нашым раёне. Усіх маладых урачоў забяспечваем службовым жыллём. Разам з тым кадравая праблема застаецца актуальнай. У нас няма акуліста, псіхіятра, не хапае аталарынголага, адчуваецца недахоп медсясцёр.

 — Аляксандр Генадзьевіч, у апошні час у медыцынскіх установах усё больш выкарыстоўваюцца новыя метады работы з пацыентамі…       

 — На базе радзільнага аддзялення дзейнічае Школа мацярынства. Вопытная медсястра Галіна Тухта некалькі разоў у тыдзень праводзіць заняткі з маладымі бацькамі па курсе “Мы чакаем цябе, малыш!” У дасціпнай форме цяжарным жанчынам і будучым татам даюцца кансультацыі, парады, як паводзіць сябе напярэдадні і ў час родаў, карміць і даглядаць малыша.

 Сёлета мы пачалі праводзіць аперацыі з выкарыстаннем лапараскопа пры гінекалагічных паталогіях: пазаматачнай цяжарнасці, бясплоддзі, стэрылізацыі.

 І ўрачы, і медсёстры павышаюць прафесійную кваліфікацыю кожныя пяць год. Для сярэдняга медперсаналу створаны графікі павышэння кваліфікацыі.

  Адзначу, што мы першыя ў вобласці ўвялі дадатковую пасаду санітара ў аддзяленні хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі, што ў многіх выпадках дазволіць адэкватна аказваць неабходную дапамогу хвораму.

 Новыя формы і метады работы з пацыентамі ў значнай ступені садзейнічаюць паляпшэнню дэмаграфічнага становішча ў раёне. Прыемна адзначыць, што Лепельскі раён займае апошняе месца ў Віцебскай вобласці па колькасці смяротных выпадкаў: мы маем усяго 16, 4 праміле на адну тысячу чалавек. Колькасць нованароджаных да ўзроўню мінулага года дасягнула 122 працэнты.

 Зараз вядуцца тэндарныя мерапрыемствы па закупе новай, дэнталагічнай устаноўкі для стаматалагічных паслуг. Адзначу, што ў паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы бальніцы, забеспячэнні маладых спецыялістаў жыллём мы пастаянна адчуваем падтрымку з боку мясцовай улады. Асаблівыя словы ўдзячнасці хочацца выказаць старшыні райвыканкама Пятру Шыкшняну, начальніку фінансавага аддзела райвыканкама Святлане Анышка.

 Мяркую, што пры належнай фінансавай падтрымцы, павелічэнні платных паслуг мы зможам ажыццявіць шмат планаў, зрабіць шэраг карысных спраў.

 Інтэрв’ю правяла Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

На здымку: галоўны ўрач установы аховы здароўя “Лепельская ЦРБ” Аляксандр Пішчулёнак.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.