Зорны фестываль

Тэлевізійны фестываль армейскай песні “Звязда” праводзіцца сёлета ў пятнаццаты раз. Лепельшчына мае багаты вопыт удзелу ў падобных мерапрыемствах. Удалы вопыт, варта заўважыць. Тры гады таму назад наш раён прадстаўляла вучаніца Бароўскай сярэдняй школы Даша Зарэцкая. Яна прайшла ў фінальную частку спаборніцтваў і заняла прызавое месца. Да поспеху дзяўчынку прывяла спецыяліст Бароўскага цэнтра культуры і вольнага часу Ніна Бяздзенежных.

Сёлета таксама было вырашана даверыцца вопыту і майстэрству Ніны Іванаўны. Сярод яе выхаванцаў увагу на сябе звяртае Іван Мурзін.

— Ваня толькі нядаўна стаў займацца спевамі, — заўважае Ніна Бяз­дзенежных. — Хлопчык старанна вучыцца ў школе, некалькі разоў заходзіў да нас, аднак сур’­ёзна заняліся з ім толькі з лета. Ён робіць першыя крокі на сцэне. Івану яшчэ трэба працаваць і працаваць над вакалам, уменнем трымацца, не пасаваць перад гледачом. З такіх драбніц і тонкасцяў складаецца поспех. Выдатна, што бацькі Руслан і Таццяна падтрымліваюць сына.

Трэці адборачны тур праводзіўся ў актавай зале клуба знакамітай 120-ай гвардзейскай Рагачоўскай механізаванай брыгады, якая дыслакуецца ва Уруччы. Перад пачаткам канцэрта ўсе ўдзельнікі атрымалі магчымасць правесці апошнюю рэпетыцыю. Аператар па просьбах спевакоў пракручваў і рэгуляваў гучанне музычных фанаграм, запісаных у фармаце “мінус адзін”.

…Канцэрт пачаўся. Тур праводзіўся ў чатырох намінацыях: выканаўцы ваенна-патрыятычнай песні, вакальныя групы і ансамблі, выканаўцы армейскай песні, аўтары-выканаўцы. Іван выступаў у першай.

Паводле высланага раней задання выканаўцу трэба было падрыхтаваць да выступлення дзве песні, адну з іх пажадана — на беларускай мове. Паколькі выканаўцаў і калектываў прыбыло шмат, больш за 30, то арганізатары прапанавалі ўсім выконваць па адной песні на свой выбар. Ніна Іванаўна з Іванам падрыхтавалі, як і было рэкамендавана, дзве песні:  “Маленства край”, словы М. Кажух, музыка С. Ждановіч, і “Пацаны”, аўтар слоў і музыкі А. Звянцоў. Іван цвёрда выбраў “Пацаноў”.

Калі Ваня спяваў першы куплет, было бачна яго хваляванне, а потым прыпеў песні нават дружна падпявалі салдаты. Бароўскі артыст прабіўся ў першую дзясятку, аднак набраных балаў усё роўна не хапіла для выхаду ў фінальны тур конкурсу.

— Атрыманы Ванем вынік я з усёй радасцю назаву выдатным і паспяховым! — каментуе Ніна Бяздзенежных. — Вы ж улічыце, што няма яшчэ і паўгода, як хлопчык выйшаў на сцэну, гэта першы яго падобнага ўзроўню песенны форум. Вопыт выступленняў перад вялікай аўдыторыяй, высокім журы — вось галоўны вынік, які мы меркавалі атрымаць сёння, і мы яго атрымалі! Спявак трымаўся годна, запомніўся гледачам, журы.

Васіль МАТЫРКА.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.