Пакупніцкі попыт

Пасля мінулых базарных замалёвак прайшло ўжо з два месяцы, цікава стала, што змянілася. Пачну з сельгаспляцоўкі, дзе ў базарны дзень было непрывычна свабодна. Некалькі чалавек прадавалі капусту па 700 рублёў за кілаграм. Хаця кошт быў невысокі і самы сезон квашання, аднак куплялі яе не надта ахвотна. Бульба за два месяцы на траціну патаннела, з пятнаццаці тысяч рублёў да дзесяці за вядро.

Па прызнанні прадаўцоў, пара масавых закупак агародніны на зіму мінула, цяпер купляюць па вядру-два, ідучы з базару. Цэны на збожжавыя таксама не змяніліся: авёс прадаваўся па восем тысяч рублёў за дзесяцілітровае вядро, ячмень — па дзесяць, пшаніца — па дванаццаць. Праўда, гэта ў прыватнікаў. У адным з куткоў стаяў МАЗ з “Заазер’я”, з якога прадавалі пшаніцу па дзесяць тысяч за вядро, да яго рэгулярна падыходзілі пакупнікі.

Вярнуўся назад да знаёмых прыватнікаў. Кажу аднаму:
— Ты з такімі невысокімі коштамі і аб’ёмамі продажаў для свайго буса паліва да Лепеля і назад ці акупіш?
— Калі б я прадаваў адзін і толькі капусту, не акупіў бы, толькі страты былі б, — пагадзіўся ён і тут жа дадаў, — але ж мая жонка яшчэ прадае малако, тварог, смятану, мядок. Вось так, капейка да капейкі, маем невялікі прыбытак.
— Дзякуй, што нагадаў, зазірну ў малочныя рады.
Малочны павільён быў запоўнены, акрамя малака, натуральна, ва ўсю працавалі і гандлёвыя кропкі з агароднінай. Малако прапаноўвалі па чатыры тысячы рублёў за трохлітровы слоік, смятану — па дзесяць тысяч за літр, тварог — па 20 — 25 тысяч за кілаграм. Мёд прадавалі па 45 тысяч за паўлітровы слоік. Апошні тавар з-за дарагавізны народ купляе нячаста. Яшчэ сустрэў на радах тавар пакуль што зусім нячасты — квашаную капусту, якую гаспадыня прапаноўвала па шэсць тысяч за кіло. Падумалася, што прадаваць яе выгадней, чым свежую. Аднак тут раз на раз не прыходзіцца: для квашання трэба дадаць іншыя інгрэдыенты, якія таксама каштуюць грошай. З іншага боку, не кожнаму пакупніку па гусце прыйдзецца квашаная менавіта па вашым рэцэпце капуста. Таму часта пакупнікі набываюць свежую і квасяць яе па сваіх, адмысловых, рэцэптах, а іх у кожнай гаспадыні — багата.
Салёнае сала прадавалі па 50 — 60 тысяч за кілаграм.
Мясныя рады ў сярэдзіне лістапада не падаліся асабліва разнастайнымі і надзіва багатымі, нават некалькі гандлёвых месцаў пуставала. Аднак гандаль ішоў даволі бойка, большасць прадаўцоў распрадала свой тавар. Кошты тут за два месяцы не змяніліся: сала прапаноўвалі па 40 тысяч, смажаніну — па 45, лапатку — па 48, кумпяк — па 50, паляндвіцу — па 55 тысяч рублёў. Самая танная свініна — капыты і галовы — каштавалі па 10 тысяч за кіло.
На выхадзе з павільёна жанчыны прадавалі яйкі ад сваіх курэй па 12 — 13 тысяч за дзясятак.
Гандлёвыя кропкі з гаспадарчымі таварамі крыху здзівілі — прапаноўвалі лапаты для ўборкі снегу, хаця гэтых атмасферных ападкаў яшчэ не было і ў бліжэйшых прагнозах не прадбачылася. Што ж, звернем увагу і на гэты тавар, тым больш, што ён прадстаўлены як айчыннымі, так і замежнымі вытворцамі. Жалезныя лапаты вытворчасці жодзінскага БелАЗа без лапатачнікаў каштавалі па 42 тысячы рублёў, а вось прывазныя пластыкавыя з лапатачнікамі — па 50 — 55 тысяч, у залежнасці ад характару прадаўца і ўмення таргавацца пакупніка. Праўда, адзін прадавец узгадаў, што з самага ранку прадаваў пластыкавыя лапаты, праўда, без ручак па 30 тысяч. Іх было дзве штукі, і літаральна праз гадзіну яны былі прададзены.
Падводзячы вынікі, можна сказаць, што актыўнасць пакупнікоў і прадаўцоў пакуль што знізілася, але гэта з’ява часовая. З набліжэннем навагодніх і калядных святаў базар будзе яшчэ больш напаўняцца.
Б. САНЕЎ.
На здымку: бойка ідзе гандаль збожжам ля МАЗа з “Заазер’я”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.