Што пасееш, тое і пажнеш

Што пасееш — тое і пажнеш, правільнасць шматвяковай народнай мудрасці пацвярджаецца з кожным годам. Сёлета на Лепельшчыне сабраны багаты ўраджай збожжавых — больш за сорак тысяч тон. У многім гэты поспех абумоўлены якасцю насеннага матэрыялу. Азімыя збожжавыя ўжо пасеяны, далі ўсходы. А што ж з яравымі?
Чым вышэйшай рэпрадукцыі насенне кідаем у зямлю, тым лепшы ўраджай атрымаем — аксіёма агранамічнай навукі, якую яшчэ нікому не ўдалося аспрэчыць.

У гаспадарках раёна клапоцяцца аб рэгулярным абнаўленні насеннага матэрыялу яравых збожжавых культур.
Як вядома, год ад году насенне губляе якасці сорту, сярод якіх найбольш важнымі з’яўляюцца ўраджайнасць, здольнасць да супраціўлення хваробам, шкоднікам, пустазеллю, інфекцыям. Атрымліваецца, што пасля васьмі — дзесяці гадоў вырошчвання гаспадарка мае, мякка скажам, не самы лепшы пасяўны матэрыял. У выніку пры аднолькавых укладаннях сродкаў аддача, даход з году ў год змяншаецца, а то і пераходзіць у адмоўную рэнтабельнасць.
Паступова сітуацыя выпраўляецца, селекцыйная работа выводзіцца на належны ўзровень. У гаспадарках высяваюць зазвычай эліту, першую, другую рэпрадукцыі, крайне рэдка — трэцюю.
На наступны год плануецца захаваць плошчы пасеваў пад яравымі без асаблівых змяненняў. Выкарыстоўваць плануецца насенны матэрыял беларускай селекцыі і раянаваныя сарты. Напрыклад, такія сарты ячменю, як “Бровар”, “Жазэфін”, “Якуб”, “Ладны”. Зерне гэтых сартоў можа выкарыстоўвацца як на вытворчасць высакаякасных кармоў для жывёлы, так і для вытворчасці піўнога соладу.
Авёс “Запавет” першай і другой рэпрадукцый зарэкамендаваў сябе самым лепшым чынам.
Яравая пшаніца ў раёне прадстаўлена сартамі “Рассвет”, “Дар’я”, “Монк”.
Штогод гаспадаркам раёна патрабуюцца дзясяткі тон насення яравых збожжавых культур. Галоўнымі вытворцамі высакаякаснага элітнага насення з’яўляюцца навукова-даследчыя інстытуты, але іх магутнасцяў замала, каб забяспечыць усе патрэбы, таму на дапамогу прыходзяць сортавыпрабавальныя станцыі ў раёнах. Лепельская сартастанцыя закупляе ў інстытутах па некалькі тон суперэліты, вырошчвае ў сябе з максімальна магчымым выкананнем патрабаванняў агратэхналогіі. У выніку атрымлівае патрэбны для масавай сельгасвытворчасці пасяўны матэрыял належнай якасці. Прадае насенне класу эліта, якое ў многім і з’яўляецца надзейным падмуркам будучага ўраджаю.
Некаторыя гаспадаркі закупляюць насенне яравых збожжавых наўпрост у інстытутах і іншых насеннаводчых прадпрыемствах.
Бліжэйшай задачай сельгасвытворцаў з’яўляецца гаспадарлівае захаванне насення. Для гэтага яшчэ летам былі падрыхтаваны збожжасховішчы. Іх вычысцілі і апрацавалі спецыяльнымі прэпаратамі супраць шкоднікаў і хвароб. Апошнім займаліся спецыялісты райветстанцыі, выкарыстоўвалі прэпараты “Прастор” і “Акцэлік”. Пасля дэзінфекцыі сховішча становіцца бяспечным.
Не менш важная задача — ачыстка і сартаванне насення яравых. Менавіта цяпер, зімой, калі ў вяскоўцаў няма пільных і тэрміновых работ, самы час засяродзіцца на патрэбнай справе. На вялікі жаль, і тут некаторыя сельгасарганізацыі сустракаюць пэўныя цяжкасці. Так, КУВСГП “Баброва” не мае сваіх збожжаачышчальных і сартавальных машын, таму вымушана звяртацца па дапамогу да суседзяў з ААТ “Чарэйшчына”. Тыя пагадзіліся дапамагчы, але толькі пасля таго, як самі перапрацуюць сваё насеннае збожжа. Час ёсць, таму хвалявацца асаблівай нагоды няма.
Між тым, з мэтай выправіць сітуацыю, прынята рашэнне закупіць і зманціраваць у “Баброве” сучасны збожжасушыльны і ачышчальны комплекс. Асноўны аб’ём работ плануецца рэалізаваць у наступным годзе.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.