“Раёнку” — у кожны дом

  Працягваецца падпіска на перыядычныя выданні на першае паўгоддзе 2016 года. Мы сустрэліся з начальнікам раённага вузла паштовай сувязі Пятром Жарнасекам, каб абмеркаваць шляхі актывізацыі падпіскі на раённую газету ў сённяшніх эканамічных рэаліях.

Пётр Васільевіч, як праходзіць гэтая падпісная кампанія?

 — Даволі актыўна. Вось свежыя даныя па вобласці. У нашым раёне ў сярэднім падпісалася ўжо 10,4 працэнта мінулагодніх падпісчыкаў, у той час у сярэднім па вобласці гэты паказчык складае 7,7 працэнта. Абганяюць нас толькі буйныя гарады — Наваполацк, Віцебск, Полацк.

Тэмпы тэмпамі, аднак дзесяць працэнтаў з невялікім — у цэлым паказчык мізэрны. А часу не так шмат засталося.

(На момант нашай размовы мінуў першы тыдзень снежня.)

— Практыка паказвае, што пік падпіскі прыходзіцца на другую палову месяца, калі пачынаюць выплачваць пенсіі і зарплаты.

Асабліва хвалюе  падпіска на тых участках, якія абслугоўвае перасоўная пошта.

 — Паштальёны не носяць туды газеты, аднак  па-ранейшаму збіраюць камунальныя выплаты. Адначасова і агітуюць за падпіску, і прымаюць яе. Ведаеце, пытанне па тых участках гэтак востра якраз і не стаіць. Зараз у нас шмат дзе ў сельскай мясцовасці пошта дастаўляецца менавіта такім чынам. І ўзровень падпіскі вёска ў цэлым трымае. Вазь­міце, напрыклад, лядненскую зону, там нават дабавілася «раёнкі» на сорак экзэмпляраў у мінулым месяцы.

А ёсць вёскі, якія «ў мінусе»?

 — Ёсць. Напрыклад, Чэрцы і бліжэйшыя да іх. Хаця там пошту разносіць паштальён. Будзем аператыўна высвятляць прычыны і рабіць высновы. Увогуле, я вам скажу, вялікую ролю адыгрывае чалавечы фактар. Гэта датычыць і сельскай мясцовасці, горада.

Пра горад хацелася б пагаварыць падрабязней, але найперш — пра буйныя сельскія населеныя пункты Заслонава і Бароўку. Такая колькасць насельніцтва — і лічаныя падпісчыкі. Як вы думаеце, чаму?

— Чаму? Па розных прычынах. Аснову гэтых населеных пунктаў складаюць ваеннаслужачыя.  У вайсковых часцях больш надаюць увагі падпісцы на ведамасныя выданні. Што да грамадзянскага насельніцтва, то яно ў асноўным працуе ў КУП «Бароўка». І тут таксама ёсць праблемы. Напрыклад, калі раней там быў грамадскі распаўсюджвальнік Анжаліка Туркова, то зараз такая адзінка не існуе.

— Тым больш, што газета ні ў якім разе не абмінае ўвагай і тых жа ваеннаслужачых. Існуе нават вялікі праект «Заслонаўскі гарнізон», дзе мы дэталёва асвятляем жыццё воінскіх часцей. Ды і камунальныя службы абсалютна не па-за ўвагаю журналістаў. А зараз хацелася б пагаварыць пра горад. Вось мы кажам, што вызначальны фактар падзення тыражу перыядычных выданняў — эканамічнае становішча. Горад, у якім, здавалася б, і зарплаты большыя, і магчымасці, дае збой.

 — Ёсць і эканамічныя прычыны, і не ўсё ў горадзе так гладка. Напрыклад, дэбіторская запазычанасць шэрага ўстаноў і арганізацый не дазваляе нам плённа з імі супрацоўнічаць. Мяркуйце самі. Аддзел адукацыі, спорту і турызму запазычыў нам за падпіску спачатку больш як сорак два мільёны, а пасля яшчэ семдзесят восем мільёнаў рублёў. Дваццаць пяць мільёнаў завінавацілася райбальніца, амаль сем мільёнаў — электрамеханічны завод, пяць мільёнаў трыста — «Будаўнік». І гэты спіс можна працягваць. Даруйце, але ж мы не можам губляць уласныя грошы, нас проста не зразумеюць. Аднак і чалавечы фактар прысутнічае. І кіраўнікі па-рознаму ставяцца, і грамадскія распаўсю­джвальнікі.

У мінулай з вамі гутарцы мы закраналі тэму грамадскіх распаўсюджвальнікаў. І вы называлі лепшых…

 — Па рабоце грамадскага распаўсюджваль­ніка ўжо адразу бачна карціна падпіскі на прадпрыемстве і ў арганізацыі. Я нездарма казаў пра чалавечы фактар. І ў нашай “абойме” шмат сумленных, актыўных людзей, якія працуюць на падпісной кампаніі. Гэта і паштальёны, і іншыя работнікі сувязі, і грамадскія актывісты. Узяць, напрыклад, Вікторыю Красковіч з КУП ЖКГ «Лепель». У арганізацыі каля ста пяцідзесяці падпісчыкаў «Лепельскага краю», і лік іх не змяншаецца.

Хацелася б закрануць і прадпрымальніцкі аспект. Вядома, у індывідуальных прадпрымальнікаў свой клопат і свае фінансавыя праблемы. Аднак, што казаць, на сённяшні дзень гэта не самая бедная катэгорыя насельніцтва. І сярод прадпрымальнікаў шмат нашых патэнцыйных падпісчыкаў. Кажу так, бо апошнім часам і сам праводзіў агі­тацыйную кампанію на рынку. Многія проста ўдзячны, калі ім выпісваеш газету. Кажуць, самі б не дабраліся да пошты, часу няма. А што пошта? Чаму б ёй не дабрацца да рынку?

 — Заўвагу прымаю. Мажліва, тут ёсць патэнцыял. Прадпрымальнікі прыходзяць з працы пасля абеду, і да кожнага з іх, магчыма, паштальёны не дабраліся. Накіруем іх на рынак.

 Гутарыў

Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.