208 водителей сели за руль без права управления

803-tehosmotrГутарку пра дарожную абстаноўку начальнік аддзялення ДАІ РАУС падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Трусаў пачаў з незайздроснай статыстыкі:
— За мінулы год у раёне адбылося 18 дарожна-транспартных здарэнняў. Для параўнання, за 2016 год іх зафіксавана 21. Колькасць загінулых зменшылася з 12 да пяці. З аднаго боку, гэтыя факты ўсяляюць пэўны аптымізм. Аднак заспакойвацца нельга, бо дасягнутыя паказчыкі з’яўляюцца вынікам паслядоўнай, планамернай працы. Калі мы будзем раптам працаваць без напругі, крывая здарэнняў і смяротнасці рэзка рване ўверх. З прыведзеных 18 ДТЗ 13 адбыліся на дарогах рэспубліканскага значэння, з іх дзевяць — на трасе Мінск — Віцебск. У райцэнтры зафіксаваны тры здарэнні, на мясцовых дарогах — два.
Тры ДТЗ адбыліся з удзелам непаўналетніх, у двух выпадках пацярпелі малалетнія пасажыры, у адным — пешаход. У апошнім выпадку траўмы атрымаў хлопчык, які пераходзіў вуліцу М. Горкага на скрыжаванні з вуліцай Войкава (газета пра гэты выпадак пісала — аўт.).
Дарэчы, канстатуецца некаторы рост дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў. Так, калі ў 2016 годзе такіх было чатыры, то летась — пяць. Два пешаходы загінулі, яшчэ трое — паранены. Загінуў жывёлавод ААТ “Чарэйшчына”, які ішоў па праезнай частцы трасы Мінск — Віцебск ноччу, мужчына быў у стане алкагольнага ап’янення. У другім выпадку ахвярай стала пенсіянерка з Лепеля, якая пераходзіла трасу Мінск — Віцебск у раёне яе перасячэння з вуліцай Партызанскай.
— На чым бы вы засяродзілі асаблівую ўвагу?
— Уся дарожная абстаноўка — зона асаблівай увагі. Напрыклад, у пачатку мінулага года значны ўплыў на аварыйнасць рабілі ўмовы надвор’я, у прыватнасці снегапад. Памятаем дзве аварыі, калі загінулі людзі. Першая адбылася на Мінскім напрамку ў студзені ў раёне вёскі Барсукі, там загінула жанчына-кіроўца. Другая — у вёсцы Стары Лепель, у лютым, там пад час снегападу занесла легкавую машыну, вадзіцель таксама загінуў. Пасажыры, хоць і атрымалі цяжкія траўмы, але засталіся жывыя. А ўсяго ДТЗ ва ўмовах моцнага снегападу было чатыры.
Не будзем спісваць прычыны аварый толькі на неспрыяльныя ўмовы надвор’я. Як правіла, да ДТЗ прыводзяць розныя прычыны. Гэта стыль ваджэння, стаж кіроўцы, тэхнічны стан аўтамабіля і шмат іншых фактараў.
— Летась загінулі два вадзіцелі, два пешаходы…
— І адзін веласіпедыст. Жыхар вёскі Слабодка Лепельскага сельсавета ехаў на ровары з Бароўкі ў бок Старога Лядна, калі яго збіла машына. Ён памёр у бальніцы праз некалькі дзён пасля аварыі.
Яшчэ крыху статыстыкі. Самы аварыйны перыяд сутак — з сямі да васьмі гадзін раніцы, калі людзі едуць на працу, і з 18.00 да 20.00, калі вяртаюцца дахаты. Самым аварыйным днём тыдня з’яўляецца нядзеля, у гэтыя дні адбыліся чатыры ДТЗ, у панядзелак, сераду і суботу адбыліся па тры аварыі, у чацвер — дзве, у аўторак — адна.
А цяпер інфармацыя парадаксальнага характару. Мы прывыклі да таго, што наракаюць на маладых кіроўцаў, маўляў, толькі атрымалі вадзіцельскія пасведчанні, а ганяюць як ашалелыя. Аднак статыстыка сцвярджае адваротнае. Па віне вадзіцеляў са стажам звыш дзесяці гадоў адбыліся дзевяць аварый, са стажам ад трох да дзесяці — чатыры, ад аднаго да трох гадоў — адна, па віне навічкоў, якія яшчэ і года не ад’ездзілі, — нуль. У мяне тлумачэнне толькі адно. Навічкі стараюцца ўлічваць усе фактары дарожнай абстаноўкі, у той час вадзіцелі вопытныя занадта расслабленыя, думаюць, што з імі нічога страшнага адбыцца не можа. Такая самазаспакоенасць падкідвае злыя жарты.
— Як спрацавала на працягу мінулага года АДАІ?
— Выяўлена 7668 выпадкаў парушэнняў правілаў дарожнага руху.
— Чытачоў цікавіць і колькасць затрыманых п’яных вадзіцеляў…
— Такіх выяўлены 101 чалавек. Павінен зазначыць, што за апошнія гады колькасць аматараў пракаціцца пад градусам зніжаецца. Магчыма, людзі ўсвядомілі, што пакаранне за такі від парушэнняў вельмі строгі. Аднак і выяўленыя факты часам паражаюць. Летам быў затрыманы вадзіцель маршруткі Мінск — Віцебск, у якога зафіксавана перавышэнне дапушчальнай нормы алкаголю. Пры гэтым мужчына не адразу пасля ДТЗ быў дастаўлены на экспертызу, а праз пэўны час. А дагэтуль ён больш за гадзіну кіраваў машынай. Можна толькі ўяўляць сабе, у якім стане ён сядаў за руль у Мінску, у пачатку маршруту.
208 вадзіцеляў селі за руль без права кіравання. Мы не вядзём гаворку пра тых, хто банальна забыў дома вадзіцельскія пасведчанні. У гэтую катэгорыю трапляюць асобы, якія селі за руль, пры гэтым зуісм не маючы правоў або адпаведнай вадзіцельскай катэгорыі. Самы ж папулярны ў вадзіцеляў від парушэнняў — перавышэнне хуткасці (1971 выпадак).
Не адстаюць у плане парушэнняў правілаў дарожнага руху і пешаходы з веласіпедыстамі. Такіх зафіксаваны 748 фактаў. Прычым у 126 выпадках грамадзяне былі ў стане алкагольнага ап’янення.
Не трэба думаць, што інспектары мэтанакіравана нацэльваюцца толькі на вадзіцеляў, пешаходаў і веласіпедыстаў. На працягу года да адказнасці прыцягнуты 60 пасадавых асоб — кіраўнікоў прадпрыемстваў, інжынераў — за допуск на лінію транспартных сродкаў з няспраўнасцямі і “няспраўных” вадзіцеляў: у стане алкагольнага ап’янення, не маючых права кіравання і г.д. У гэтым плане вельмі непакояць сельгасарганізацыі.
Яшчэ 20 пратаколаў складзена на пасадавых асоб арганізацый, адказных за ўтрыманне вулічнай і дарожнай сетак. У першую чаргу гэта ДЭУ-37, ДРБУ-202, КУВП “Бароўка”.
— Пачаўся 2018 год. Чым ён адзначаецца ў плане бяспекі дарожнага руху?
— Хацеў бы ахапіць не толькі студзень, а і некалькі апошніх месяцаў года мінулага. У апошнім перыядзе вельмі востра паўстала праблема бяспекі пешаходаў. Дакладней, іх уласнай неахайнасці, неабачлівасці. У правілах прама ўказана, што любы ўдзельнік дарожнага руху перад тым як зрабіць манеўр, павінен пераканацца, што ён будзе бяспечным. Гэтае правіла мае аднолькавую сілу для ўсіх: і для вадзіцеляў, і для веласіпедыстаў, і для пешаходаў. Аднак часта складваецца ўражанне, што апошнія ўяўляюць сябе бессмяротнымі, упэўненымі, што з імі нічога не можа здарыцца, машына іх не зачэпіць, тармазы спрацуюць своечасова… А калі раптам што якое, дык правата заўсёды на іх баку. І ідуць яны ў капюшонах, з навушнікамі ў вушах, пераходзяць вуліцу, дзе ім заўгодна.
Легкавую машыну вагой у паўтары тоны ў адзін момант спыніць немагчыма, а грузавую — тым больш.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.