3 декабря — Дзень инвалидов Республики Беларусь. Лепельчанин Василий Сафиулин не теряет оптимизма

img_3468Напэўна, не вельмі часта мы задумваемся над тым, што побач з намі
знаходзяцца людзі, якім у першую чаргу патрэбны нашы клопат,
узаемаразуменне і цёплая падтрымка. Інваліды…

Так распарадзіўся лёс, што гэтыя людзі не могуць успрымаць жыццё ва ўсёй яго прыгажосці і разнастайнасці, але як жа ім хочацца шчырых, чалавечых зносін, увагі і падтрымкі з боку акружаючых! Прыемна заўважаць, што многія людзі з абмежаванымі магчымасцямі, нягледзячы на ўласныя праблемы і цяжкасці, імкнуцца ўсюды паспяваць, актыўна ўдзельнічаюць у мастацкай самадзейнасці, займаюцца разнастайнымі відамі творчасці і дораць зарад бадзёрасці, выдатнага настрою іншым. Сярод такіх людзей — Васіль Сафіулін. Нягледзячы на сваю хваробу, Васіль Мікалаевіч вёў актыўны лад жыцця — зімой хадзіў на лыжах, шмат рухаўся і заўсёды актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці.
Сёлета ж Васілю Мікалаевічу прыходзіцца пераадольваць чарговае выпрабаванне лёсу. Пасля праведзенай аперацыі ён страціў магчымасць хадзіць. Зараз мужчына рухаецца пры дапамозе інваліднага крэсла, але па-ранейшаму не губляе жыццёвага аптымізму, творчай энергіі і бадзёрасці. Васіль Мікалаевіч займаецца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, стварае цудоўныя карціны і па-ранейшаму цэніць шчырыя, чалавечыя зносіны. Ён заўсёды рады гасцям. З задавальненнем наведваюць Васіля Мікалаевіча яго колішнія калегі і сябры.
Свой чарговы творчы сюрпрыз ён падрыхтаваў напярэдадні Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь. Васіль Мікалаевіч запрасіў да сябе ў госці дырэктара дзяржаўнай установы “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна” Наталлю Іванову, сваіх сяброў і прадстаўнікоў раённай газеты “Лепельскі край”. Васіль Мікалаевіч у сябе дома арганізаваў невялікі канцэрт, выканаў свае любімыя і многія вядомыя папулярныя эстрадныя песні.
Павольна ліліся пранікнёныя спевы, а гледачы не шкадавалі ў адрас спевака шчырых апладысментаў. Гэта і ёсць найлепшая ўзнагарода для чалавека, які насуперак усім цяжкасцям ідзе па жыцці з аптымізмам і не губляе выдатнага настрою. Менавіта гэта гаючая энергія, пазітыў і вера ў лепшае дапамагаюць выстаяць перад усімі, нават самымі моцнымі выпрабаваннямі.
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.