Парад Дзедаў Марозаў і Снягурачак
25 снежня Лепель ператварыўся ў незвычайную, чароўную казку. А дванаццатай гадзіне ля райваенкамата пачаўся парад Дзедаў Марозаў і Снягурачак ад усіх гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў. Для таго, каб паглядзець на гэта цудоўнае відовішча, на гарадскіх вуліцах сабраліся і дарослыя, і дзеці.
Усім узнімалі настрой бадзёрыя акорды навагодніх песень у выкананні духавога аркестра Заслонаўскага ваеннага гарнізона.
За аркестрам у конным вазку ехалі на свята Дзед Мароз і Снягурачка, двое коннікаў. У акружэнні казачных персанажаў — прыгажуні-матрошкі і вясёлых клоўнаў — уздоўж вуліцы Інтэрнацыянальнай ішлі ў стройнай калоне Дзеды Марозы і Снягурачкі. Ролі калядоўшчыкаў выдатна выканалі работнікі дзіцячай школы мастацтваў, якія спявалі вясёлыя навагоднія песні пад гармонік. Святочная калона рушыла на гарадскую плошчу, дзе была падрыхтавана яркая забаўляльная праграма. Дзеды Марозы і Снягурачкі выступілі з цёплымі словамі віншаванняў ад імя сваіх працоўных калектываў. Бадзёрыя акорды песень, запальваючыя рытмы танцаў нікому не далі сумаваць. У гэты святочны дзень кожны паверыў у светлую казку, дзе здзяйсняюцца ўсе жаданні і збываюцца запаветныя мары.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.