Немцы выполнят обещания, данные лепельчанам
На пачатку гэтага месяца на Лепельшчыне пабывала дэлегацыя прадстаўнікоў міжнароднай дабрачыннай арганізацыі “Дамы замест Чарнобыля”. У планах нямецкіх мецэнатаў значыўся і візіт у тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мы папрасілі дырэктара цэнтра Наталлю Іванову распавесці падрабязнасці сустрэчы.
— Хто менавіта, акрамя вас, быў на гэтай сустрэчы?
— З нямецкага боку – Эльтрауд і Крыстоф Шыл з перакладчыкам, з нашага – начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Васіль Рававы.
— Пра што ішла размова?
— Абмяркоўвалі пытанні далейшага будаўніцтва будынку цэнтра сацыяльна-бытавой і працоўнай рэабілітацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Мы правялі экскурсію па будоўлі, паказалі, што і як зроблена.
— Якія высновы зрабілі немцы?
— Засталіся задаволенымі. Яны ўбачылі, што цалкам знесены стары будынак, падведзены камунікацыі, устаноўлены фундамент. Такім чынам, абавязацельствы, прынятыя нашым бокам, выкананы. Нямецкія калегі расказалі, што збор сродкаў на будаўніцтва аб’екта праходзіць у Германіі паспяхова. Ужо нават у першым месяцы гэтага года сабрана болей, чым у папярэднім. Адзначылі, што ў іх ёсць магчымасць выканаць сваю частку абавязкаў.
— А якім чынам адбываецца збор сродкаў на будаўніцтва?
— У Германіі прайшла дабрачынная акцыя па зборы сродкаў сярод насельніцтва. Людзям вельмі падабаецца праект і яны ахвотна адгукаюцца. Так адна жанчына, якая раней спансіравала пяцьдзясят еўра, гэтым разам знайшла магчымасць выдаткаваць тысячу еўра. Падключаюцца і іншыя, хто раней не ўдзельнічаў у акцыі. Вось нядаўна новая фундатарка ахвяравала паўсотні еўра.
— Калі распачнецца другі этап будаўніцтва і як яно будзе весціся?
— Ужо ў ліпені-жніўні гэтага года на аб’ект прыедуць валанцёры і спецыялісты з Германіі. Будуць таксама задзейнічаны і добраахвотнікі з Лепельшчыны, у тым ліку і інваліды. Будаўніцтва будзе весціся ў два этапы. На кожным этапе прымуць удзел да трыццаці чалавек.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.
На здымку: нямецкая дэлегацыя на сустрэчы ў тэрытарыяльным цэнтры.