Дом ее, считай, в самом конце деревни, если ехать по дороге на Черноручье

img_8831 Жыве ў Кордзіках яшчэ адзін даўні сябар “Лепельскага краю” Людміла Якубёнак. Хата яе, лічы, на самым канцы вёскі, калі ехаць дарогаю на Чарнаручча. Хата высокая, столь памыць — трэба на зэдлік станавіцца, юшку закласці — хоць ты ў альпіністы запісвайся.

Што там казаць, былі маладымі — будавалі як найвышэй, як найсвятлей. Хацелася прасторы. А цяпер, калі засталася Людміла Уладзіміраўна адна, наадварот, хочацца ўтульнасці і цеплыні ў хаце. Тэлевізар вунь паставіла на стале, да ложка павярнула і глядзіць свае любімыя перадачы. Праўда, часцей ля тэлевізара доўгімі зімовымі вечарамі. А летам на яго часу няма.
— Калі гаспадарка была, казала мужу, каб другія дзверы зрабіў, а ён: “Табе дзірак мала ў хаце?”. І то праўда. Муж дзесяць гадоў таму памёр. І гаспадаркі няма. І дзвярэй хапае.
Выскачыла замуж Людміла ў дваццаць два гады за Рыгора Якубёнка, трактарыста з Кордзікаў. У суседніх вёсках жылі, ведаліся. Сама яна з Казлоў. А калі быць дакладным, то нарадзілася ў Чэрцах. Ды бацька пайшоў на вайну, а на маці данеслі, што мае сувязь з партызанамі. І трапіла яна ў лепельскую турму. Білі цаглінамі, вымалі з печкі і білі. Чалавек там свой служыў, дапамог вызваліцца. І яна за яго замуж пайшла, сына займелі. А калі бацька вярнуўся з вайны, то адабраў у таго чалавека маці. У Казлах домік пабудавалі і жылі там.
Выйшла замуж Людміла ў Кордзікі, у яго бацькоў жылі. Пасля невялікую хатку купілі, пакуль урэшце на сваю не ўзбіліся. Ні лесу не было будавацца, ні цэменту. Усё Рыгор зрабіў сваімі рукамі. Двое дзяцей вырасцілі. Сын у Віцебску на базе забеспячэнцам працуе, дачка — у канторы ў Поўсвіжы.
Застаў я бабулю Людмілу на агародзе з зяцем. Цешча зяця нахвальвае:
— Ён у мяне залаты. І з касою, і з плугам. Некаторыя смяюцца пры слове “цешча”. А для мяне хіба не ўсё роўна, ці сын, ці зяць? Іншы раз з нявесткаю трэба быць яшчэ ласкавей, чым з дачкою. Як бы ні было, чалавек не родны, раптам засаромеецца.
Мудрая бабуля Людміла, хоць, здавалася б, і акадэмій не заканчвала. Усе яе акадэміі — пачатковая школа ў Чарнаруччы. Мама спляце лапці — і бегаеш вучыцца. А давучвалася ў дзесяцігодцы ў Лепелі. Пасля там на базе насенне чысціла. А калі вярнулася ў вёску, уладкавалася паштальёнкаю. Па Вялікім Поўсвіжы, у Кордзікі, Казлы, Чарнаручча газеты насіла. Дарогі былі кепскія, моста на Казлы не было, укругавую насілі пошту. Сумка поўная, як падняць, а калі яшчэ і часопісы, дык і пад паху скрутак. Выпісвалі, любілі чытаць вельмі “Работніцу і сялянку”. І раёнкай не грэбавалі. Дваццаць два гады насіла пошту. З таго часу прывыкла Людміла да раённай газеты. А зараз яшчэ і невядома, хто болей яе чытае — сама ці сын. Прыедзе Сяргей з Віцебска, забярэ стос газет, якія маці спецыяльна для яго адкладвае, і павёз чытаць. Хочацца ж ведаць, што на радзіме адбываецца.
Гаспадарка звялася да адных вунь бройлерных куранят. Праўда, і коніка яшчэ трымае. А агарода ніхто не адмяняў. Усё, што і ў людзей. Загарэлася паставіць новы карбанатны парнік. У суседкі пабачыла, паглядзела, якія гэта выгоды, спадабалася. Усю зіму назапашвала з пенсіі — і паставіла. На агародзе — цэлая “арашальная сістэма”. Балазе вады ў Кордзіках далёка шукаць не трэба. Вёска на ўзбярэжжы, возера — праз дарогу, ля кожная хаты — кладачка, адна другой прыгажэй, хто якую прыстараўся. Надзвычай маляўнічыя мясціны. Калі ёсць дзе на зямлі рай, дык ён акурат тут. Вёска жывая дачнымі пабудовамі, і дачнікі тут — гаспадары. Карэнных не так шмат засталося. Адна з іх — адзінокая бабуля Людміла Уладзіміраўна Якубёнак, якой, праўда, ніколі не давалі заставацца ў адзіноце дзеці, зяць з нявесткаю, унукі, а зараз ужо і праўнукі. Такое б адзіноцтва павек! Залатое правіла жыцця засвоіла бабуля Людміла: трэба з людзьмі быць ласкавым, прыветным, і яны пра цябе не забудуцца. Згодна з гэтым правілам і жыве.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Людміла Уладзіміраўна Якубёнак.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.