Филиппов дуб растет у автобусной остановки, на самом краю лепельской деревни

img_8842  Люблю дубы! Магутнае, царскае дрэва, якое не баіцца ні бураў, ні перуноў. Тыя сабе бахаюць, шалеюць вакол, а дубам-волатам хоць бы што. А калі чалавек пасадзіў дубок, лічы, што сябе ўвекавечыў.  Не стане самога, не стане яго дзяцей, унукаў і нават праўнукаў, а дуб застанецца. Памяць. І ўсе скажуць, як, напрыклад, у Кордзіках: “Вунь Піліпаў дуб”.

Піліпаў дуб расце ля аўтобуснага прыпынку, на самым ускрайку вёскі. Піліп Яско збудаваў тут некалі сваю хату. А калі гаспадароў не стала, хаціну прадалі. І купіла яе былая настаўніца з Пышна Ніна Паўлаўна Сасноўская. Зручна, і месца прыгожае, і да горада недалёка, дзецям прыязджаць спрытней.
Ніна Паўлаўна родам з Замошша — з той самай партызанскай зоны, якая ў многім прадвызначыла яе лёс. А паколькі па часе тых жудасных падзей было ёй ужо сем-восем гадкоў, усё тварылася на вачах у дзяўчынкі. І пакуль вочы не закрыюцца, Ніна гэтага не забудзе.
Пад час блакады ў сорак трэцім-сорак чацвёртым гадах сям’я апынулася ў вёсцы Чарнаручча Ушацкага раёна. Маці з чатырма дочкамі ратаваліся ад бамбёжкі ў варонках. Большыя Клава з Алінай ляжалі ў адной, а Люда і Ніна з маці — у другой. Маці прыкрыла дачок сабою, і яе параніла. Звазілі ў шпіталь і зноў прывезлі на вазку — да дзяцей. Ніна ўспамінае, што было шмат народу, усе кудысьці ехалі і ішлі. Маці параненая ляжыць на вазку, а побач — малодшыя дочкі. Шэпча да Ніначкі: “Толькі не засні, бо ўпадзеш з возу і згубішся”.
Наперадзе была рэчка. Маці злезла з маленькай Людаю, а Ніна засталася на возе. Раптам конь крутануўся, паламаўся шворан — і хто быў на возе, пачалі тануць. А маці немачкі крычала на беразе. Выцягнуў нейкі мужчына. Урэшце апынуліся на сухім. Знялі з Ніначкі цяжкую зімовую вопратку, селі на сонейку, сталі сушыцца. А тут немцы з сабакамі. Усіх загналі на ўскраек лесу. Мужчын адразу ж расстралялі і пару дзяўчат, у якіх знайшлі медыцынскія рэчы. Астатніх адагналі далей, наставілі кулямёты і так трымалі да вечара.
Увечары загналі ў пуню, абклалі саломаю, большых дзяўчат выбралі і пагналі кудысьці. Больш іх не бачылі. У вёсцы спалілі пяць хат. Раніцай зноў выстраілі ўсіх і пагналі да бліжэйшай вёскі. Наступную ноч начавалі ў нейкім будынку без даху. Там была яшчэ цёплая печ, можна было ля яе пагрэцца. Пакуль дзеці грэліся, маці адправілася ў пошуках ежы, пыталася, мо ў каго хоць якая бабіна ці фасоліна завалялася — дзецям. А ў самой жа ці было ў роце хоць макавай расінкі.
Зноў у дарогу. На шляху трапляліся забітыя коні, людзі. Пярлоўка на пожні была рассыпана. Дзецям дазволілі яе збіраць, а дарослых не падпускалі.
Урэшце размясцілі ў якойсьці вёсцы на Лепельшчыне. Вакол усе хварэлі на тыф, але іх сям’і хвароба не зачапіла. З хат, дзе хворыя, дазвалялі перасяляцца. Маці павяла дзяцей у іншую вёску, дзе нейкая жанчына іх схавала. Пасля вайны сустрэлі тую жанчыну, але не здагадаліся спытацца прозвішча. А пасля перабраліся ў Радунь, дзе жылі матчыны бацькі. Аднак тыя не змаглі іх прыняць, бо ў хаце ўжо жыла партызанская сям’я. Іх прытуліў жыхар вёскі па прозвішчы Лянько.
Маці хадзіла ў Гарані ў шпіталь, адтуль жа несла партызанам медыкаменты. З сабою брала маленькую Люду, каб не было падазрэнняў. Маўляў, жанчына і дзіця ідуць да сваякоў. Аднойчы маці падпільнавалі паліцаі, схапілі. Люду сілаю адарвалі ад маці. Як тая ні крычала, далучылі да гурту іншых дзяцей. А маці пайшла моўчкі.
Пасля яе бачыла адзін раз старэйшая дачка Аліна ў Камені ў турме. У маці гніла рука. Папрасіла наступны раз прынесці густы грабеньчык, аднак наступнай сустрэчы не здарылася. Дачцэ сказалі, што маці перавялі ў Лепель. Больш яе не бачылі.
Пасля вайны раённая газета напісала, што Ганна Сцяпанаўна Хацько, падпольшчыца радуньскай групы, была расстраляна ў Лепелі.
-2-
Вярнуўся бацька з вайны. Жылі ў горадзе на вуліцы Набярэжная Эсы. Бацька працаваў у райкаме партыі. У хаце паявілася мачаха. Да чатырох дзяцей неўзабаве дабавіліся яшчэ трое. Клаву выдалі замуж пасля дзявятага класа, а трынаццацігадовая Ніна падалася да сястры дапамагаць няньчыць дзіцяці.
Пасля сямі класаў паступіла ў педвучылішча, адкуль накіравалі Ніну працаваць у Гарадоцкі раён настаўніцай пачатковых класаў. У пяцьдзясят восьмым выйшла замуж за студэнта Гарадоцкага тэхнікума Віктара Сасноўскага. Жылі ў вёсцы Ноўкі на Гарадоччыне. Як яна паступіла завочна ў Віцебскі педінстытут на факультэт пачатковых класаў, дзеці былі яшчэ малыя: дачцэ — пяць гадоў, а сыну — два. Раптам дзеці захварэлі на адзёр, а трэба на сесію ехаць. Дзякуй свёкру, добры чалавек. Ніна дагэтуль не забудзе, як сказаў: “Едзь, дачушка, вучыцца ж трэба”. І паехала, дзеці засталіся пад надзейным доглядам.
-3-
У шэсцьдзясят пятым перабраліся ў Лепель. Пачала Ніна працу на Лепельшчыне піянерважатай у прывакзальнай чацвёртай школе. Ганарыцца заахвочваннем за першае праведзенае мерапрыемства, якое занесена ў яе працоўную кніжку за подпісам дырэктара школы Канстанціна Корабава.
У яе працоўнай кніжцы шмат запісаў. Працавала ў школе настаўніцай беларускай мовы, пасля — завучам і дырэктарам. Пяць гадоў была намеснікам па выхаваўчай рабоце ў СПТВ-175. Узначальвала калектыў Маладолецкай школы на Ушаччыне. Зноў вярнулася і ў Пышнянскай школе была дырэктарам каля дзесяці гадоў. Член партыі.
Зараз — пенсіянерка. За восемдзесят. Саджае дрэвы і кветкі. Вунь колькі каштанаў насадзіла! Квітнеюць ірысы, шапкамі распусціліся півоні, весела зазелянеў вінаградзік, якога ў бабулі Ніны некалькі гатункаў. А сама яна моцна перажывае, што на твары раптам паявіліся зморшчынкі. Душою ж па-ранейшаму маладая. Нельга старэць, бо гэта непедагагічна.
Над старою хатаю немаладой настаўніцы ў Кордзіках раскінуў шаты векавечны Піліпаў дуб — як сімвал жыцця, якое тут працягваецца.
Уладзімір МІХНО.

На здымку: Гаспадыня сядзібы Ніна Паўлаўна Сасноўская.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.