Дважды родители
У другі раз ужо сталі бацькамі Крысціна і Яўген Камекі. Старэйшаму сыночку Глебу ўжо споўнілася чатыры гады, а Марку – усяго некалькі дзён. Нарадзіўся хлопчык вагой тры кілаграмы 820 грамаў і ростам 60 сантыметраў.
Шчаслівы бацька разам з роднымі спяшаліся на першую сустрэчу з сынам і ўнукам, не хаваючы хвалявання, а маладая маці збіралася дадому.
Як прыемна глядзець на маладыя пары, дзе бачна каханне, узаемаразуменне, цеплыня ў адносінах. Яны не могуць дачакацца спаткання. Здаецца, не так шмат часу прайшло, як прыехала ў акушэрскае аддзяленне Лепельскай ЦРБ, аднак паспелі засумаваць адзін без аднаго. Чакаў матулю і маленькі Глеб, для якога гэты дзень таксама быў асаблівы – знаёмства з брацікам.
Сустрэліся маладыя ў Лепельскім аграрна-тэхнічным каледжы, бо вучыліся ў адной групе. Адразу, з першых дзён спадабалася Крысціна Яўгену. Спачатку было сяброўства, якое паступова перарасло ў сапраўдныя пачуцці. Можна сказаць, добра пазналі адзін аднаго за чатыры гады вучобы.
Калі спыталі пра хобі, Яўген задумаўся, бо ўвесь вольны ад працы час праводзіць на будоўлі. Хутка сям’я пераедзе ў свой уласны дом, а пакуль пажывуць у бацькоў. Якраз і будзе па першым часе дапамога.
Прапанова рукі і сэрца была якраз перад днём нараджэння Крысціны ў рамантычнай абстаноўцы – вячэра пры свечках. Крысціна ўжо здагадвалася і не была супраць.
Няхай Марк менш плача, а больш радасна смяецца. Жадаем яму спазнаць толькі радасці і прыемныя перамены. Жадаем, каб ваша сям’я была дружнай, моцнай і сапраўднай.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.