Увеличить темпы производства

u-38Пра тое, якім чынам у філіяле “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” вырашаюць задачу нарошчвання тэмпаў вытворчасці і пра іншыя надзённыя праблемы гутарым з дырэктарам прадпрыемства Ігарам Тараном.

— Ігар Паўлавіч, якімі словамі вы ахарактарызавалі б сённяшні стан спраў на прадпрыемстве?
— Працуем стабільна. Аб’ёмы вытворчасці павялічваюцца. За мінулы год іх рост склаў сямнаццаць працэнтаў. Вырабілі сто трыццаць дзве тысячы тон камбікармоў. Гэта прыкладна трыста шэсцьдзясят адна тона ў суткі.
— Якія надзённыя задачы ставіце?
— У сувязі з тым, што расце пагалоўе свіней і птушкі, стаіць задача ўжо ў гэтым годзе павялічыць аб’ём вытворчасці камбікармоў да пяцісот тон у суткі.
— Якім чынам збіраецеся дасягнуць гэтага паказчыка?
— Шляхам правядзення мадэрнізацыі тэхналагічнага абсталявання. Удасканальваем гранулятары за кошт пашырэння магутнасцяў кацельнай для паляпшэння якасці пары, якая выкарыстоўваецца ў працэсе гранулявання. Павялічваем дыяметр адтулін матрыц з 3,2 мм да 3,8 мм.
— А гэта не адаб’ецца на якасці прадукцыі, якую вырабляеце?
— Гэта цалкам прымальныя параметры для птушынага камбікорму, а вось аб’ёмы вытворчасці такім чынам удасца павысіць.
— Ці абнаўляеце абсталяванне?
— Мяняем тэхналагічнае транспарцёрнае абсталяванне на больш працаёмкае. Напрыклад, замянілі вінтавыя канвееры на ланцуговыя транспарцёры. У выніку ўжо зараз можам выпускаць да пяцісот сарака тон камбікармоў у суткі. Набылі новыя ланцуговыя транспарцёры. Зараз мадэрнізуем транспарцёры ў цэху №2. Пачалі будаўніцтва двух складоў памерам дзевяноста шэсць на дваццаць адзін метр для захоўвання маслянічных культур — рапсу, соі. Вядуцца мантажныя работы. Манціруем праграмнае забеспячэнне работы маслацэха, які знаходзіцца ў раёне былога шпіталя.
— Ці закупляеце новую тэхніку?
— Абнаўляецца і транспартны парк. Закупілі чатыры аўтамабілі — два КамАЗы і два МАЗы з прычэпамі.
— Што дасягнута ў плане паляпшэння ўмоў працы?
— Сёлета плануем завяршыць асфальтаванне тэрыторыі прадпрыемства на суму пяцьдзясят чатыры тысячы рублёў. З двух цэхаў ацяпляецца пакуль адзін, а таксама памяшканні для абедаў, аператарскія, адміністрацыйны будынак, магазін.
— З якімі праблемамі сутыкаецеся?
— Адна з праблем — дэфіцыт зерневай сыравіны для вытворчасці камбікармоў на айчынным рынку. У пошуках сыравіны выходзім на нашых расійскіх, украінскіх партнёраў. Вядома ж, пры гэтым імкнемся знайсці і закупіць больш танную сыравіну. Другая праблема, на мой погляд, замацаванне на прадпрыемстве кваліфікаваных маладых работнікаў з вышэйшай адукацыяй. Пасля заканчэння адпаведных навучальных устаноў маладыя хлопцы прыходзяць да нас, з энтузіязмам бяруцца за справу, хутка асвойваюцца, паспяхова спасцігаюць навыкі вытворчасці. І раптам іх забіраюць на службу ў армію, на гэтым усё і заканчваецца. Пасля службы ўжо далёка не кожны з іх вяртаецца зноў на прадпрыемства.
— Колькі чалавек у вас працуе? Які сярэдні ўзрост работнікаў?
— Працуе дзвесце тры чалавекі. Думаю, што сярэдняўзроставы паказчык — гадоў сорак.
Гутарыў
Уладзімір МІХНО.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.