Цены на картофель удивляют

У перадапошнюю нядзелю жніўня ўсё ж такі выправіўся на лепельскі базар. Выехаў даволі позна, на базарную плошчу зайшоў толькі а палове 12-й гадзіны. Як аказалася, некаторыя прадаўцы ўжо закончылі сваю работу, а ў некаторых пачынаўся актыўны продаж. Аднак аб усім па парадку.

Уздоўж ралетаў сабралася даволі шмат наведвальнікаў. Спачатку меркаваў, што гэта таты і мамы з дзецьмі выбіраюць тавары да пачатку навучальнага года: вопратку дзелавую і спартыўную, абутак, ранцы і г.д. Аднак затым пабачыў, што памыліўся. Праходзілі, аглядалі, пыталіся пра кошт і праходзілі далей, рэдка штосьці набывалі. Прадаўцы наракалі на высокую канкурэнцыю з боку шматлікіх крамаў, дзе прадаецца шмат рэчаў розных цэнавых катэгорый. З пункту гледжання пакупніка сітуацыя выглядае крыху па-іншаму. Ён бачыць і прымае пад увагу толькі большы асартымент па больш нізкім кошце.

Нечакана сустрэў старых знаёмых, якіх не бачыў ужо даволі даўно. Гэта прадаўцы жывой рыбы з рыбгаса “Навінкі”. Яны прапаноўвалі карпаў па 5.50 за кілаграм і таўсталобікаў па 4.90. Гандаль ішоў ажыўлена, а 12-й гадзіне заставаліся толькі лічаныя рыбіны.

Не прамінуў магчымасці гандлёвыя шэрагі, дзе звычайна прадаюцца новыя і былыя ў карыстанні інструменты, прылады, механізмы і запчасткі. Аднак там у нядзелю прысутнічаў толькі адзін прадавец. Заўважыў у яго некалькі цікавых рэчаў: спецыфічную завостраную кувалду і турыстычную сякеру.

Мясны павільён сустрэў непрывычнай пустэчай, на момант майго наведвання працавалі толькі 2 кропкі па продажы замарожанай марской рыбы. Мясныя кропкі прыватнага гаспадара і Лепельскага філіяла аблспажыўтаварыства пуставалі. Пазней мае знаёмыя расказалі, што з самага ранку індывідуальны прадпрымальнік працаваў, але тавару ў яго было няшмат.

У малочным павільёне убачыў падобную карціну. На момант майго прыходу малако ўжо было прададзена. Пагутарыць пра асартымент і цэны не было з кім. Міжволі ўзгадаў вершык, які чытаў у падручніку ў 2 класе:

Лежабока рыжы кот

Адляжаў сабе жывот.

І мяркуе рыжы кіска:

“Мо сама падыдзе міска…”

Адчуў сябе менавіта такім катом-лежабокам, які праспаў усё самае смачнае.

Аднак пасля наведвання сельгаспляцоўкі мой аптымізм вярнуўся. Там гандаль якраз набіраў абароты. Як патлумачыў знаёмы прадавец бульбы, гэты прадукт мясцовыя жыхары набываюць, як правіла, бліжэй да заканчэння гандлёвага дня:

— Людзі з раніцы мэтанакіравана ідуць на базар за патрэбнымі ім пакупкамі: рэчамі, прыладамі, інструментам і вопраткай. І толькі потым, калі набудуць неабходнае, па дарозе дадому, калі ў руках яшчэ будуць месца і сіла, звернуць увагу на бульбу. Набываюць, як правіла, па адным вядры, 5- або 10-літровым, мех бульбы купляюць вельмі рэдка.

Цэны на бульбу ўсталяваліся на наступным узроўні: 10-літровае вядро буйных высокаякасных клубняў прадаюць за 12 рублёў, такі ж абём бульбы драбнейшай — 10 рублёў. Пры жаданні можна купіць 5-літровае вядзерца бульбы за цану, адпаведна, удвая таннейшую. Падобны ўзровень цэн, па словах прадаўцоў, трымаецца каля месяца і, па прагнозах, зніжэння не прадбачыцца. Прычына — небагаты ўраджай у сувязі сп спёкай, якая стаяла ў першай палове лета.

Дарэчы, зерне новага ўраджаю таксама прадавалася ў мінулую нядзелю. Прапаноўвалі яго і прыватныя прадаўцы, і КУВСГП “Лепельскае”. Цэны вагаліся ў межах ад 4 да 5 рублёў за 10-літровае вядро.

Не прамінуў увагай і кавуны мясцовага вырошчвання, якія прывозіў жыхар аграгарадка Стаі Уладзімір Захаронак. Сёлета ён атрымаў неблагі ўраджай у адкрытай глебе. Мужчына дзеліцца сваім вопытам:

— Ужо некалькі гадоў вырошчваю кавуны, пачынаў з парнікоў. Сёлета, нарэшце, вырасціў добрыя кавуны ў адкрытым грунце, дапамагла спякота пачатку лета. Вось чаго не хапае гэтым раслінам. Усё ж такі нашы прыродныя ўмовы маласпрыяльныя для іх.

Кошт на іх быў немалы — 2 рублі за кілаграм, але ўвесь тавар быў прададзены.

Зазначу, што яшчэ было даволі шмат іншай гародніны мясцовага вырошчвання: агуркі каштавалі 1 рубель за кілаграм, памідоры — ад 1.50 да 3 рублёў за кіло, капуста прадавалася па 1-1.50, у залежнасці ад велычыні качаноў, цыбуля — па 1.50-2 рублі, морква — па 1.50, а буракі — па 2 рублі за кілаграм. Натуральна, цэны не былі канчатковымі, можна было і скінуць цану. Менавіта гэта зяўляецца неадменным базарным атрыбутам.

Тэкст і фота: Б. САНЁЎ. На здымку: пакупнікі ахвотна набываюць памідоры. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.