Траса мужных
Падрыхтоўка пачалася яшчэ задоўга да гонак. Афіцыйныя арганізатары спаборніцтваў: Лепельскі райвыканкам, міжраённая структура ДТСААФ, райкам БРСМ.
— Напярэдадні па рашэнні райвыканкама ДРБУ-202 выдзеліла “Амкадор”, — распавёў пры сустрэчы неаднаразовы ўдзельнік і прызёр спаборніцтваў Сяргей Ляоненка. — Неабходна было надаць гоначнай трасе патрэбны выгляд. За год паласа месцамі зарасла кустоўем, травой, павароты змянілі свае абрысы. Самае галоўнае — высахла вялікая лужына, дзе летась заселі каля дзесяці машын.
А для гледачоў жа адным з самых цікавых момантаў і з’яўляецца назіранне, як экіпажы пераадольваюць перашкоду.
У адным месцы праз трасу працякае ручаіна. Мы яе запрудзілі, насунуўшы каўшом вал зямлі. Вада нацякла — атрымалася вялікая лужа, якую можна фарсіраваць, а пры няўдалым збегу абставін — сесці ў ёй. Словам, пастараліся, каб і гоншчыкі выпрабавалі сябе і машыны па максімуму, і гледачы атрымалі чаканае відовішча.
— Як падрыхтаваў машыну? Помніцца, на ёй стаяў амерыканскі рухавік Cevrolet Blazer аб’ёмам больш за тры з паловай літры…
— Рухавік толькі пару гонак і вытрымаў. Рамонту не падлягае. Зараз езджу на двухлітровым BMW. Пакуль што не падводзіў. А ў астатнім — машына тая ж. Здавалася б, і нядрэнная, але хочацца лепшага. Не буду забягаць наперад, але, калі ўсё будзе добра, у бліжэйшы час памяняю гоначную машыну, куплю іншую, даўно да яе прыглядаюся.
— Штурманам будзе, як заўсёды, Лёша Кажэка?
— Так. Куды я без яго!?
Другой знакавай персонай лепельскіх гонак з’яўляецца Віктар Чаплінскі з Грыгаравічаў. За чатыры гады таксама не прапусціў ніводнага старту. Аднойчы нават заваяваў спецыяльны прыз “За волю да перамогі”.
Віктар да стартаў пачаў рыхтавацца за паўмесяца, аднак, па яго ўласных прызнаннях, і гэтага часу было мала. Усю гаспадарку закінуў, на што жонка, вядома, глядзела без энтузіязму.
Машыну перарабіў зноў. Рама і трансмісія — ад румынскага джыпа ARO, калісьці такія выпускаліся і карысталіся заслужанай папулярнасцю. Рухавік — ад УАЗа. Праўда, не стандартны, а спецыялізаваны, аб’ём — тры літры. Спалучэнне атрымалася настолькі ўдалае, што апарат з месца зрываўся імгненна, за што ад іншых гоншчыкаў атрымаў мянушку Куля. І не важна, што пілот, ён жа галоўны механік, не паспеў паставіць лабавое шкло. Зямля з-пад колаў трапляла на гоншчыкаў.
Побач з Віктарам на ўсіх этапах быў яго верны сябар і штурман Іван Кавалеўскі.
* * *
Першы дзень па заведзенай традыцыі быў аддадзены трыялу — фігурнаму ваджэнню ў секцыях. Не кожны адважваўся заехаць у некаторыя, асабліва гледзячы, як выязджаюць папярэднікі з абадранымі аб кусты і галлё бартамі. У адной секцыі быў асабліва цяжкі, закавырысты паварот з пад’ёмам. Ніхто яго не змог адолець, акрамя экіпажа Чаплінскі/Кавалеўскі. Праўда, машына іх не праехала — праскочыла цяжкі ўчастак, кранаючы зямлю літаральна адным колам!
Другі дзень быў самы відовішчны — карусельная гонка. Чатыры заезды па дзевяць кругоў добра-такі даліся ўсім гоншчыкам. Калі ў першым заездзе лужыну фарсіравалі без напружання, то ў апошнім яна была настолькі разбітай, што загрузлі там некалькі машын.
Аўтара заўсёды здзіўляе цікавасць жанчын да аўтамабільных гонак і джып-трыялу ў прыватнасці. Можна зразумець мужчын. Многія нараджаюцца “з гаечным ключом у руках” і “бензінам замест крыві”. Нам цікава калі не паўдзельнічаць, то хаця б паглядзець на гонкі. Аднак ні па колькасці гледачоў, ні па тэмпераменту падтрымкі жанчыны, дзяўчаты ніколькі не саступаюць мужчынам.
Машына Сяргея Ляоненкі некалькі разоў давала збоі і ў трыяле, і на карусельнай гонцы, аднак пілот са штурманам зноў і зноў вярталі яе да жыцця, у стартавы строй.
Джып Віктара Чаплінскага паказваў сябе толькі з самага лепшага боку, раз за разам пакідаў сапернікаў ззаду нюхаць дым лідара. Раптам — паломка, закапрызіла ад празмернай электранагрузкі бабіна запальвання. Віктар звярнуўся да сяброў-лепяльчан, якія былі побач, па дапамогу. Праз 15 — 20 хвілін яму прывезлі чатыры бабіны — выбірай! Паставіў — і на старт.
Літаральна на апошнім крузе не вытрымаў, парваўся тросік акселератара. Іван Кавалеўскі рэгуляваў абароты абцугамі — машына даехала да фінішу сама, забяспечыўшы гоншчыкам трэцяе прызавое месца ў класе “Спрынт В-1”.
Па выніках гонкі экіпаж Ляоненка/Кажэка заваяваў чацвёртае месца. Аднак у абсалютным заліку, куды ўваходзілі балы за ўсе практыкаванні і нарматывы, заняў прызавое трэцяе месца.
На падвядзенні вынікаў і ўрачыстым узнагароджанні лепяльчан чакаў яшчэ адзін сюрпрыз. Дакладней, два.
Экіпаж Чаплінскі/Кавалеўскі быў удастоены спецыяльнага прыза сімпатый гледачоў. Вось дзе аказалася дарэчы падтрымка балельшчыкаў колькасцю ў некалькі тысяч.
Экіпаж Ляоненка/Кажэка ўзнагароджаны прызам “За волю да перамогі”. Лепяльчане на сваёй зямлі даказалі, што змагаюцца за перамогу нават тады, калі шанцаў на яе амаль не засталося.
Пераможцамі ж сталі наступныя спартсмены: у катэгорыі Спрынт В1 — Юрый Цітоў і Іван Ляшчынскі з Мінска на “Mitsubishi-Pagero”; у катэгорыі Спрынт В2 — Іван і Святлана Кузьміных з Гродна на “Bobby-Willys”, яны ж лідзіравалі і ў катэгорыі Спрынт Абсалют; а экіпаж Сяргей Шык/ Аляксей Ермалкевіч з Мінска на “Nissan-Patrol” перамог у катэгорыях Трыял В2 і Трыял Абсалют.
Усе ўдзельнікі і госці ў адзін голас адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі спаборніцтваў, гасціннасць лепельскай зямлі. Позна ўвечары, а некаторыя толькі раніцай рушылі ў зваротны шлях, узяўшы з сабою самыя цёплыя ўспаміны і ўражанні.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: штурмуем перашкоды.