РОСТА — газета в 1920-х годах на Лепельщине

У гэтай публікацыі хочацца распавесці яшчэ пра адно друкаванае выданне, якое выходзіла ў нашым раёне ў 1920-1921 гг. — гэта «Насценная газета РОСТА». Яна нагадвала нечым плакат, мела адзін разварот, друкавалася буйным шрыфтам, хутка і аператыўна паведамляла пра падзеі ў краіне і за мяжой. За два гады выйшла больш за 150 выпускаў, аднак захавалася толькі каля 40 газет, тры нумары за 1920 год і больш за трыццаць — за 1921 г. Гэтыя ўнікальныя дакументы знаходзяцца Ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы.

Выдавала «Насценную газету РОСТА» Лепельскае павятовае аддзяленне Расійскага тэлеграфнага агенцтва. Друкавалася яна ў Лепелі ў 1-й Савецкай друкарні пры аддзеле народнай асветы (у будынку цяперашняга магазіна «Мясная лаўка», уваход з вуліцы Валадарскага). Тыраж газеты складаў 40-100 экзэмпляраў, а ў 1921 годзе даходзіў да 200. Рэдактарам на той час быў Л. М. Беленькі.

«Насценная газета РОСТА» расклейвалася ў вёсках і мястэчках павета ў самых людных месцах: крамах, клубах і іншых грамадскіх будынках.

Асноўнай мэтай выданння былі палітычная асвета насельніцтва і партыйная праўдзівая інфармацыя.

У першым нумары за 1920 год мясцовай інфармацыі было няшмат. Пераважалі рубрыкі: «Па Савецкай краіне», «У краінах капіталу», змяшчаліся паведамленні пра многія гарады і краіны. Пачынаючы з зімы 1921 года, лепельская «Насценная газета РОСТА» ўсё часцей змяшчае мясцовую інфармацыю пад рубрыкамі «Па Лепелі», «Мясцовае жыццё», «Аб’ява» і іншыя.

Лепельская газета-плакат давала выразнае ўяўленне пра складанасць падзей тых гадоў у павеце, пра першыя крокі Савецкай улады, пачатак культурнага будаўніцтва на Лепельшчыне, складанасць класавай барацьбы.

Цікавы матэрыял быў змешчаны ў нумары за 25 жніўня 1921 года. Газета паведамляла, што 21 жніўня ў Лепелі ўспыхнуў пажар. У сувязі з гэтым варожыя савецкай уладзе элементы распаўсюдзілі сярод сялян чуткі, што знішчаны ўсе склады нарыхтоўчай канторы і згарэлі дакументы, квітанцыі па харчпадатку. Лепельскі выканкам звярнуўся да грамадзян горада і раёна з заклікам не верыць плёткам і паведаміў, што дзякуючы своечасова прынятым мерам, усё здадзенае сялянамі збожжа выратавана ад агню і што ўсе дакументы захаваліся.

Таксама ў насценнай газеце друкавалася цікавая інфармацыя пра пачатак культурнага будаўніцтва пры савецкай уладзе на Лепельшчыне і шматлікія іншыя матэрыялы.

Публікацыя падрыхтавана паводле матэрыялаў Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна.

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.